Прэмія Саюзнай дзяржавы: пра моладзь

№ 49 (1123) 07.12.2013 - 13.12.2013 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся “круглы стол” па тэме “Роля Прэміі Саюзнай дзяржавы у галіне літаратуры і мастацтва ў культурнай і духоўнай інтэграцыі народаў Беларусі і Расіі”.

З прамовы першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карачэўскага вынікала, што прэмія, якой узнагароджваюць мэтраў літаратуры і мастацтва, можа быць адрасавана і творчай моладзі. Ёй магчыма ўганароўваць не толькі відавочныя дасягнені, але і перспектыўныя праекты. Гэта тэза стала для дыскусіі стрыжнявой.

Яе, у прыватнасці, актыўна падтрымала кампазітар Ганна Кароткіна. Галоўнае, на яе думку, варта ў рамках прэміі прадугледзець малыя гранты для творчай моладзі. Міхаіл Гаўфельд, што прадстаўляў Беларускі саюз архітэктараў, згадаў, якую папулярнасць мае і якімі дасягненнямі вылучаецца традыцыйны мінскі Міжнародны конкурс маладых архітэктараў “Леанарда”. Ён таксама выказаўся за тое, каб прадстаўнікі ягонага творчага цэху змагаліся за Прэмію Саюзнай дзяржавы.

Як вядома, раз на два гады прэмію атрымліваюць тры саіскальнікі —асобныя аўтары або творчыя калектывы. У розных варыяцыях прагучала думка, што адну з трох прэмій можна пры неабходнасці трансфармаваць ў маладзёжную, раздрабіўшы яе на некалькі.

Ідэя асобнай маладзёжнай намінацыі у рамках прэміі не ўсім падалася актуальнай. Народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў лічыць, што ў творчасці няма ўзроставай шкалы. І калі нешта геніяльнае створыць нават непаўналетні аўтар, не заўважыць шэдэўр будзе немагчыма. Аднак, на думку рэжысёра, свет перажывае цывілізацыйны крызіс, які адбіваецца і на сферы мастацтва. Зыходзячы з гэтага, варта праз ганараванне згаданай прэміяй звяртаць увагу грамадства на існуючыя культурныя каштоўнасці.

Саветнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэту Саюзнай дзяржавы ў Мінску Людміла Антонава паведаміла, што плануецца зацвердзіць грашовы эквівалент прэміі ў суме пяці мільёнаў расійскіх рублёў. Яшчэ спадарыня Антонава нагадала, што пакуль не атрымліваецца заснаваць супольную прэмію Беларусі і Расіі па навуцы і тэхніцы, так што прэмія, вакол якой ідзе дыскусія — адзіная і ў сваім родзе ўнікальная. Уручаць яе, згодна традыцыі, будуць у наступным годзе пад час урачыстага адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"