Напярэдадні выстаўкі “Кнігі Беларусі-2008”

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

17 студзеня ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Аб развіцці грамадскага кнігавыдавецтва ў рэспубліцы: лепшая прадукцыя беларускіх выдаўцоў паводле вынікаў леташняга года”.

У сустрэчы ўзялі ўдзел: намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь І.Лапцёнак, дырэктар “Беларускай Энцыклапедыі” імя П.Броўкі Г.Пашкоў, дырэктар РВУ “Літаратура і мастацтва” А.Карлюкевіч.
Намеснік міністра інфармацыі РБ І.Лапцёнак свой аповед пачаў з паведамлення, што напрыканцы 2007 г. выйшла кніга “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, якая будзе дарыцца шаснаццацігадовым грамадзянам Беларусі пры ўручэнні пашпарта.
На 1 студзеня 2008 г., адзначыў далей намеснік міністра, маюць ліцэнзіі 662 суб’екты гаспадарання, з іх 6— дзяржаўныя выдавецтвы. У мінулым годзе было выдадзена 12565 назваў кніжнай прадукцыі агульным накладам 49,8 млн. экзэмпляраў. На беларускай мове выйшлі 952 назвы агульным накладам каля 4 млн. экзэмпляраў. Літаратура на беларускай мове займае 7,58 працэнта ад агульнай колькасці літаратуры і 7,63 ад агульнага накладу.
Што ж да дзяржаўных выдавецтваў, дык у 2007 г. яны выдалі 509 назваў агульным накладам 4,1 млн. экзэмпляраў. Усяго з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў было выдадзена 123 сацыяльна-значныя выданні агульным накладам 229,4 тыс. экзэмпляраў.
Значныя фінансавыя сродкі былі выдаткаваны на развіццё выдавецтваў, аснашчэнне іх камп’ютэрнымі і іншымі тэхнічнымі сродкамі.У 2007 г. працягваўся выпуск значных па змесце і якасных па выкананні выдавецкіх праектаў.
Выйшлі 4-ы і 5-ы тамы “Энцыклапедыі Рэспублікі Беларусь”, 4-ы том энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”, “Блакітны скарб Беларусі” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. Свет пабачылі — “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Беларусі”, энцыклапедычныя даведнікі “Сучасная Беларусь”, “Праваслаўныя храмы Беларусі”. Выйшлі ў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” кнігі, прысвечаныя вядомым дзеячам Мікалаю Чаргінцу і Міхаілу Фінбергу. Да 125-годдзя народных паэтаў Я.Купалы і Я.Коласа выдадзены першыя два тамы збору твораў Коласа ў 20-ці тамах, коласаўская “Новая зямля”, кніга Я.Купалы “Мая малітва” і іншыя.
Выдавецтвы значна палепшылі ілюстраванне сваіх кніг. Высокім узроўнем мастацка-графічнага афармлення вылучаюцца кнігі выдавецтва “Беларусь”: “Гісторыя беларускага мастацтва” ў 2-х тамах, “Мужчынскі касцюм на Беларусі” і “Жаночы касцюм на Беларусі”, альбом “Сакральны жывапіс Беларусі”, “Мастацтва кнігі Беларусі ХХ стагоддзя”.
На нацыянальных і міжнародных спецыялізаваных конкурсах кнігі беларускіх выдавецтваў пастаянна атрымліваюць вышэйшыя ўзнагароды. Высока былі ацэнены “Песня пра зубра”, выдадзеная “Мастацкай літаратурай”, навуковае выданне “Гісторыка-культурныя ландшафты Беларусі” выдавецтва “Беларуская навука”, энцыклапедычны даведнік “Сучасная Беларусь”, альбом “Напалеон Орда” выдавецтва “Беларусь”. На VІ міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў-удзельніц СНД 2007 года беларускія кнігі атрымалі 11 дыпломаў з 36.
З лепшымі беларускімі выданнямі можна будзе пазнаёміцца на юбілейнай, ХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы “Кнігі Беларусі-2008”, які пройдзе з 6 па 11 лютага ў павільёне выставачнага комплексу “БелЭКСПА”.
Сёлета ўпершыню ў выстаўцы прымуць удзел выдаўцы з Італіі і Венесуэлы. А ганаровым госцем свята кнігі стане Ізраіль, які прадставіць адзін з самых вялікіх стэндаў. Сёлетняя выстаўка адметная не толькі колькасцю добрых кніжак, краін-удзельніц, а яшчэ і тым, што ўваход на яе будзе бясплатны.

Наш кар.