Дзе — недабор вучняў, а дзе — педагогі з Украіны

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Праблемы ДШМ і... вечныя нястачы харэографаў ды інструментаў
Чарговую рэдакцыйную он-лайн-канферэнцыю мы вырашылі прысвяціць праблемам мастацкай адукацыі ў дзіцячых школах мастацтваў. Падавалася, гэта самы небяспечны, так бы мовіць, сектар рэгіянальнай культуры, які, з аднаго боку, дзейнічае амаль па тых жа схемах, што і ўстановы сістэмы адукацыі, а з іншага — забяспечвае патрэбы культуры, мастацкага і эстэтычнага выхавання. І калектывы тут, як правіла, зладжаныя (учарашнія вучні ДШМ запаўняюць збольшага сённяшнія вакансіі педагогаў), і заробкі (пры наяўнасці стажу), у параўнанні, скажам, з бібліятэкарскімі, — досыць неблагія. Але культура без праблем — усё роўна што поліўка без солі. Сям-там кульгае славутая матэрыяльна-тэхнічная база, не хапае якасных інструментаў, ды і добраўпарадкаваным жытлом для педагогаў (тым больш — для маладых спецыялістаў) пахваліцца могуць далёка не ва ўсіх раёнах. Пра гэта мы і вырашылі пагутарыць. Мэта — вызначэнне праблем ды пошук шляхоў іх вырашэння.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: Гродзенскага райвыканкама — Ігар ЛЯБЕЦКІ, Кармянскага райвыканкама — Святлана КАЗЛОВА; дырэктары ДШМ: Бярозаўскай — Ірына ШУЛЯК, Дубровенскай — Генадзь ПУГАЧОЎ , Касцюковіцкай — Уладзімір АБУХОВІЧ, Крупскай — Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК.

Яўген РАГІН:

— Рэдакцыя шчыра вітае ўдзельнікаў он-лайн-канферэнцыі і выказвае падзяку за згоду паўдзельнічаць у нашым абмеркаванні! Давайце паспрабуем абазначыць асноўныя праблемы, звязаныя з якасцю дадатковай мастацкай адукацыі.

Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК:

— Пэўны час гэтая праблема была б звязана з састарэлым і аварыйным памяшканнем нашай шматпрофільнай установы, дзе займаюцца не толькі юныя музыканты, але і мастакі... Справа ў тым, што на сёння мы занялі трэці паверх будынка камбіната бытавога абслугоўвання. На добраўпрадкаванне плошчаў і стварэнне асобнага ўвахода пайшло каля 800 мільёнаў рублёў мясцовага бюджэту і сродкі абласнога ўпраўлення...

Уладзімір АБУХОВІЧ:

— Наша ж школа мае тэатральнае, музычнае і харэаграфічнае аддзяленні. Мастацкае мы перадалі ў школу, дзе деткі займаюцца выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам… Першая праблема: у сувязі з павелічэннем базавай не кожны з бацькоў можа цяпер аплаціць мастацкае навучанне дзяцей. Асваенне фартэпіяна і гітары каштуе ў месяц 78 тысяч рублёў, а 65 тысяч плацяць навучэнцы астатніх класаў. Асабліва хваравіта ўспрынялі гэта жыхары сяла. А ў нас — шэсць вясковых філіялаў… Другая праблема звязана са зносам музычных інструментаў, у першую чаргу — домраў, балалаек. Няма і годнага акардэона. А пэўныя дзеці — вельмі перспектыўныя і жадаюць вучыцца далей... Вельмі хацелася б, каб нам выдаткоўвалі грошы на два-тры інструменты ў год.

Ігар ЛЯБЕЦКІ:

— У Гродзенскім раёне — тры музычныя школы і чатыры ДШМ. Асноўная праблема — замацаванне маладых спецыялістаў. Маю на ўвазе кватэрнае пытанне… Не, буйныя населеныя пункты, дзе ёсць моцныя сельгаспрадпрыемствы (да прыкладу, Верцялішкі), могуць сабе дазволіць выдаткаванне прыстойнага жылля для работнікаў культуры. У астатніх гэтая праблема застаецца надзвычай хваравітай.

Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК:

— Праблемай падаецца набыццё музычных інструментаў. Новы баян каштуе ад 18 мільёнаў рублёў. Мясцовыя бізнесмены не надта кідаюцца нам дапамагчы. Хіба ж можна назваць рэальным спонсарствам укладанне 50 тысяч на набыццё канцылярскіх прылад?

Ігар ЛЯБЕЦКІ:

— А вось наш раён праблем з набыццём інструментаў не адчувае. Ужо сёлета выдаткавалі на гэтыя мэты 342 мільёны рублёў, і яшчэ тэндар чакаем на 120 мільёнаў. Купляем не толькі інструменты, але і касцюмы, абутак для ўзорных харэаграфічных калектываў.

Уладзімір АБУХОВІЧ:

— А ў нас грошай на закупку касцюмаў для танцораў няма абсалютна! Камплекту — ужо дзесяць гадоў...

Ірына ШУЛЯК:

— А ў мяне цвёрдае перакананне, што праблемы існуюць толькі ў тых, хто не хоча іх вырашаць. Мы пад час няпростай эканамічнай сітуацыі ў краіне рабілі і робім цяпер рамонт, закупляем інструменты, імкнёмся забяспечыць маладых спецыялістаў жыллём (хаця б у інтэрнаце), ладзім мастацкія выстаўкі, арганізоўваем канцэрты, конкурсы, фестывалі...

Яўген РАГІН:

— І за кошт чаго ўся гэтая раскоша?

Ірына ШУЛЯК:

— За кошт Дзяржпраграмы “Культура Беларусі”... Я ўсё лета, да прыкладу, адпрацавала прарабам, таму і маю вынік: паступова мы пераўтварылі малую залу пасяджэнняў у камерную залу. А ёсць яшчэ і канцэртная… Давялі да ладу кабінеты, санвузел. Цяпер рамантуем калідоры. Сродкі на рамонт выдаткаваны нам з мясцовага бюджэту… А магла б летам і адпачываць.

Генадзь ПУГАЧОЎ:

— Мы таксама, як падаецца, у шапку не спім. Аднак музычныя інструменты ў Дубровенскай ДШМ маральна састарэлі і амаль усе маюць стопрацэнтны знос. Што і прыдбалі сёлета, дык гэта гітары, скрыпкі, бо яны адносна танныя. А купіць баян ці фартэпіяна не здолелі…

Яўген РАГІН:

— Конкурс у вас пры паступленні вялікі?

Генадзь ПУГАЧОЎ:

— Ды наадварот: недабор! І звязаны ён з чарговай праблемай: колькасць навучэнцаў у раёне падае (на сто чалавек штогод) з прычыны дэмаграфічнай сітуацыі. Статыстыка, самі бачыце, — несуцяшальная, асабліва ў сельскіх школах.

Яўген РАГІН:

— Кожнай з вашых устаноў, наколькі ведаю, даведзены невялікі, але ўсё ж канкрэтны план па аказанні платных паслуг. Выканаць яго праблематычна?

Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК:

— Асаблівай праблемы не бачу. Свой план выконваем за кошт падрыхтоўчай групы, што дзейнічае на платнай аснове. Выдаём напракат музычныя інструменты, а таксама праводзім раз у месяц канцэрты нашых выкладчыкаў і вучняў для агульнаадукацыйных школ.

Яўген РАГІН:

— Ці ёсць у вас вакансіі? Харэографаў хапае?

Святлана КАЗЛОВА:

— У нас не ўкамплектаваны педагогамі класы фартэпіяна і харэаграфіі. Асабліва балюча адчуваецца недахоп харэографаў. І сітуацыя, як падаецца, — невырашальная. Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Сакалоўскага, да прыкладу, выпускае іх сёлета толькі 12 чалавек. А раёнаў на Гомельшчыне колькі?!

Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК:

— Літаральна днямі да нас прыязджаюць цымбаліст і скрыпач з вышэйшай адукацыяй з Барысава. Апошні ад нас — недалёка, значыць, кватэры гэтым спецыялістам не патрэбны. А ўвогуле, добраўпарадкаванае жытло прадаставіць новым работнікам пакуль не можам, але інтэрнат у райцэнтры ёсць.

Яўген РАГІН:

— Кватэрная праблема характэрная для многіх раёнаў… Цікава, а якія “нажніцы” паміж штомесячнымі заробкамі маладых спецыялістаў і сталых выкладчыкаў?

Ігар ЛЯБЕЦКІ:

— Вышэй за чатыры з паловай мільёны рублёў нават дасведчанаму і ўганараванаму настаўніку зарабіць немагчыма...

Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК:

— Малады атрымае на адну стаўку — 1 мільён 782 тысяч 356 рублёў плюс 20 працэнтаў ад гэтай сумы — прэмія і 5 працэнтаў — матэрыяльная дапамога. Сталы і з катэгорыяй — чатыры мільёны рублёў. Але ж нашы педагогі працуюць і на чвэрць, і на паўтары стаўкі.

Ігар ЛЯБЕЦКІ:

— Харэографы ў нашых школах ёсць. Гэта ў клубах іх не хапае.

Святлана КАЗЛОВА:

— А я паўтаруся, што самая галоўная праблема чарнобыльскіх раёнаў — кадры. Кіраўніцтва Кармяншчыны гэта цудоўна разумее: за апошнія пяць гадоў з 18 маладых спецыялістаў у нас замацавалася 8 чалавек, бо праблем з кватэрамі ў нас няма. Паказчык, лічу, неблагі. Ды і ахоп вучняў агульнаадукацыйных школ мастацкай адукацыяй у нас — адзін з лепшых па вобласці. Для юных жывапісцаў мы здолелі запрасіць настаўнікаў аж з Украіны. З дапамогай Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” значна палепшылі матэрыяльна-тэхнічную базу ДШМ і двух яе філіялаў, прынамсі, камп’ютары для працы ёсць. А вось харэографаў днём з агнём не адшукаць. Натуральна, яны паўсюль запатрабаваны, вось і застаюцца ў буйных гарадах. Думаю, што пытанне без дапамогі Міністэрства культуры нам не вырашыць.

Яўген РАГІН:

— Як, на ваш погляд, ацэньваць якасць работы музычнай школы ці школы мастацтваў?

Ігар ЛЯБЕЦКІ:

— Па ўдзеле ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах. Лічу, што нашы школы ў гэтым плане працуюць з поўнай аддачай. І гэта натуральна, бо дзеці павінны адчуваць запатрабаванасць сваіх талентаў.

Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК:

— Якасць — і ў паступленні выпускнікоў у адпаведныя сярэднія ды вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Генадзь ПУГАЧОЎ:

— Цалкам згодны: асноўны крытэрый — паступленне ў музычны каледж. Крыўдна пра гэта казаць, але пахваліцца тут асабліва не можам: адно-два паступленні штогод. І гэта ў лепшым выпадку. А былі часіны, калі займалі па гэтым паказчыку лідзіруючыя месцы ў вобласці.

Яўген РАГІН:

— І як выпраўляць становішча?

Генадзь ПУГАЧОЎ:

— Неабходна ўзнімаць прэстыж прафесіі работніка культуры. Мяркуючы па рэкламных абвестках, прыбіральшчыца цяпер атрымлівае ўдвая большы заробак, чым малады спецыяліст сферы культуры...

Яўген РАГІН:

— А хтосьці сцвярджае, што адзін з немалаважных паказчыкаў эфектыўнасці ДШМ — колькасць узорных ды народных калектываў. У нас увогуле, як падаецца, не стае навуковага абгрунтавання для пэўных, так бы мовіць, культурных нюансаў. Мы блытаем паняцці “арт-прадукт” і “паслуга”, вагаемся ў ацэнцы якасці ды запатрабаванасці гэтай паслугі, не можам правесці грунтоўнага сацыялагічнага апытання… А паказчыкі статыстычнай справаздачнасці пры гэтым старэюць на вачах. Будзем старацца кампенсаваць гэтыя недахопы за кошт публікацый у “К” дасведчаных навукоўцаў: сацыёлагаў, маркетолагаў, эканамістаў…

Уладзімір АБУХОВІЧ:

— Пагаджаюся. Арэнда музычных інструментаў — культурная паслуга? Але і іншая праблема тут ёсць: паколькі мы — сістэма адукацыі, дык, паводле Працоўнага кодэкса, не маем права выкарыстоўваць дзіцячую працу. Якія могуць быць платныя канцэрты пры гэтым? Ёсць асноўны від нашай дзейнасці — урок.

Яўген РАГІН:

— У чым бачыце перспектыву сваіх устаноў?

Ігар ЛЯБЕЦКІ:

— У адкрыцці класаў нашых школ на сяле.

Міхаіл НЕСЦЯРЧЫК:

— Баюся, нам перашкодзіць дэмаграфічная сітуацыя.

Генадзь ПУГАЧОЎ:

— Па той жа прычыне, відаць, не павялічыць колькасць філіялаў і ў нашым Дубровенскім раёне...

Святлана КАЗЛОВА:

— Перспектыву я бачу ў адкрыцці новых аддзяленняў. Нам не хапае, да прыкладу, тэатральнага.

Уладзімір АБУХОВІЧ:

— Лічу, што без сучаснай камп’ютарнай тэхнікі далейшага шляху ў ДШМ проста няма. У нас ёсць адзін старэнькі камп’ютар, які пытання не вырашае. Збіраліся абнавіць свой парк, але грошы аддзел зняў. Праўда, у студзені, калі фарміруецца новы бюджэт, абяцалі “камп’ютарнае” жаданне ДШМ задаволіць. Няхай бы яно так і было, бо без укаранення інфармацыйных тэхналогій і пытанне з пашырэннем магчымасцей нотнай бібліятэкі застанецца на сёння нявырашаным.

Ірына ШУЛЯК:

— Школа мае два філіялы, і хацелася б, каб, да прыкладу, явай сталі он-лайн-урокі ў Сеціве...

 

Ад рэдакцыі

І што мы маем у выніку нашай он-лайн-канферэнцыі па праблематыцы дзіцячых школ мастацтваў? Вельмі стракатую карціну, прызнацца. У адных раёнах ёсць жытло для маладых спецыялістаў, у другіх — няма. У адных — поўны ажур з камп’ютарнай тэхнікай, у другіх карыстанне Сецівам пад час тэарэтычных урокаў застаецца марай. У адных ёсць грошы для набыцця і рамонту інструментаў, у другіх гэтае пытанне стала, бадай, невырашальным. Хтосьці працуе камфортна, да канцэртнай залы дадае ў выніку рэканструкцыі і камерную, а хтосьці пакутуе ў пошуках дадатковых памяшканняў... Справа, відаць, у адрознай ступені супольных намаганняў аддзелаў і ўпраўленняў, скіраваных на далейшае ўдасканаленне мастацкай адукацыі. А менавіта яно, як вядома, і фарміруе неабыякавую асобу.

Так, ці не кожнаму замінае дэмаграфічная сітуацыя. Наступнае, што аб’ядноўвае ці не ўсіх удзельнікаў нашай канферэнцыі, — недахоп харэографаў. “К” піша пра гэтую праблему шмат гадоў запар. Нічога не змяняецца. Рэдакцыя разумее, што праблемныя пытанні цягам апошніх гадоў займелі статус рытарычных, між тым, абяцае, што гэтым ды іншым “хваробам” ДШМ паставяць свой “дыягназ” кампетэнтныя спецыялісты, артыкулы якіх мы абавязкова надрукуем у наступных нумарах штотыднёвіка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"