"Хуткая" з Макбетам

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Не ведаю іншага прыкладу прыязных адносін паміж тэатрамі краіны, акрамя тых, якія склаліся ў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Коласа з Віцебска і Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна.

/i/content/pi/cult/456/9626/9-1.jpg

Пачатак сяброўству паклаў колішні мастацкі кіраўнік коласаўцаў Віталь Баркоўскі, які паставіў на сцэне маладзечанскага тэатра адну са сваіх яркіх работ — спектакль "Шукаю сапраўднага мужчыну" па п’есе Алены Паповай. Затым ён з поспехам быў паказаны ў Віцебску. З тых часоў абменныя гастролі калектываў сталіся традыцыяй.

Кожная гастрольная афіша паведамляла знаўцам і пра тыя кадравыя змены, і пра тыя тэндэнцыі, што мелі месца ў абедзвюх трупах. Нязменнай заставалася цікавасць да спектакляў віцябчан, да працы знаёмых акцёраў ці тых, каго я ведаў толькі па відэазапісах спектакляў, якія ў свой час прывозіў Віталь Баркоўскі. Нельга забыцца і на трапяткое стаўленне да віцебскага гледача і на тую сцэну, дзе калісьці быў паказаны мой монаспектакль. Шыкоўны букет руж, што ўручылі пасля спектакля — адзіны ў жыцці, — я павёз дадому...

У лістападзе тэатры аднавілі традыцыю. Віцябчане прадставілі на суд маладзечанскага гледача тры прэм’еры : "Макбет" Уільяма Шэкспіра, "Што баліць?" Лявона Агулянскага ў пастаноўцы дырэктара — мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенкі, а таксама "Дажыць да прэм’еры" Мікалая Рудкоўскага ў рэжысуры Сяргея Кулікоўскага.

Запамінальным момантам спектакля "Што баліць?" стала віртуальная паездка па Віцебску, якая трансліравалася на ўмоўныя экраны. Аўтар жа п’есы — прафесійны доктар, твор — ягоны дэбют, напісаны на аснове жыццёвых назіранняў. Задумка мне падаецца цікавай: паказаць адну ноч з жыцця брыгады "хуткай дапамогі". А гэта — няпростыя сітуацыі, у якія трапляюць лекары, і характары, з якімі даводзіцца сутыкацца.

Галоўны герой спектакля — кіроўца карэты "хуткай дапамогі". Пераапрануўшыся ў медыцынскі халат, ён замяняе лекара, які "перабраў" з нагоды нараджэння дзіцяці. Камізм сітуацый будуецца на няведанні героем медыцынскіх тэрмінаў і няўменні ставіць дыягназ.

Выканаўца ролі кіроўцы — Юрась Цвірка — акцёр рэдкага тыпажу і абаяння. Праз які дзясятак хвілін пасля пачатку спектакля ў яго была закахана добрая палова глядачак. Ды і сам спектакль можна назваць эстрадным кактэйлем. Некаторыя з акцёраў жыўцом выконваюць лірычныя песні, запаўняючы паўзы паміж мініяцюрамі, з якіх, па сутнасці, і выбудавана п’еса. Але ж некаторыя жарты, якія гучаць са сцэны, нагадалі мне хіба скетчы з перадач кшталту "Крывога люстэрка". Стала нават няёмка: яшчэ ўчора артыст размаўляў са мной высокім шцілем Шэкспіра, а сёння — усё наадварот...

І ўсё ж такі драматургію аўтара-дэбютанта, мяркую, можна падкарэктаваць. Скажам, варта адмовіцца ад некаторых мініяцюр. Напрыклад, ад вульгарнай, як падаецца, міні-гісторыі пра адзінокую жанчыну, якая выклікае "хуткую" толькі таму, што ёй няма з кім пагутарыць у навагоднюю ноч. Пастаноўцы часам бракуе сюжэтаў з больш пранізлівым чалавечым гучаннем пра каханне, пра тую ж адзіноту, пра розныя лёсы і асоб, якія жывуць за сценкай, на суседняй вуліцы ці ў суседнім квартале. І кожны з іх, як начная зорка, свеціць сваім непаўторным агнём...

Гэты спектакль быў самым аншлагавым з трох паказаных. Я сачыў за тым, што адбывалася на сцэне, і за рэакцыяй публікі ў зале. І ў думках задаў пытанне: "Дык што ж баліць у сучаснага гледача?". Банальны адказ на вечнае пытанне: адны ідуць у тэатр за спажывай для розуму, як казала адна знаёмая тэатралка, іншыя ж — абсалютна здаровыя, ім патрэбен смех. І кожны тэатр у сваім разуменні дае гледачу і першае, і другое.

На здымку: сцэна са спектакля.

Фота прадастаўлена тэатрам

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр