Сымон-індыга

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Паэме "Сымон-музыка" Якуба Коласа сёлета споўнілася 95 гадоў. Днямі ж абноўленую сцэнічную версію твора прадставілі ў Купалаўскім тэатры.
Учора і пазаўчора на адноўленую сцэну Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы вяртаўся “Сымон-музыка” — у новым абліччы галоўнага героя. У спектаклі, пастаўленым Мікалаем Пінігіным у 2005-м, мы прызвычаіліся бачыць Аляксандра Малчанава. Цяпер Сымона іграе Аляксандр Казела. Ролю яго каханай, акрамя Ганны Хітрык і Святланы Анікей, увасабляе маладая артыстка Крысціна Казак, якая працуе ў тэатры першы сезон.

/i/content/pi/cult/456/9625/9-9.jpg /i/content/pi/cult/456/9625/9-11.jpg

/i/content/pi/cult/456/9625/9-12.jpg

Напярэдадні прэм’еры датэлефанавацца “Аляксандру другому” — Казелу — было немагчыма: усе яго тэлефоны былі адключаны, бо рэпетыцыі скончыліся літаральна за пару гадзін да спектакля, перад якім артысту заставалася нават не адпачыць, а хіба канчаткова сабрацца з думкамі.

Затое на пытанні “К” адказаў першы выканаўца  — Аляксандр Малчанаў, якому ігра ў гэтай пастаноўцы прынесла перамогу ў намінацыі “За таленавітае выкананне мужчынскай ролі ў драматычным тэатры” на ІХ Тэлевізійна-тэатральным фестывалі “Ажылая казка” ў Маскве...

— Вельмі рады, што гэты спектакль аднаўляецца, — кажа Аляксандр Малчанаў, — бо мы не ігралі яго амаль два гады. Я сышоў з яго па ўласным жаданні — найперш, па ўзросце, бо мне ўжо 39, а герой — спачатку падлетак, потым юнак. Мікалай Пінігін доўга шукаў замену, нарэшце, спыніўся на Аляксандры Казелу. Лічу, гэта ўдалы выбар. Саша зусім іншы, не падобны на мяне, ён абавязкова знойдзе ў гэтай ролі сваё. Я не быў на рэпетыцыях, але пайду падтрымаць яго на самім спектаклі — два дні запар. “Сымон-музыка” мне заўсёды падабаўся, але, удзельнічаючы ў ім, я ніколі не бачыў яго збоку, толькі “знутры”. Так што ў мяне таксама “прэм’ера”. Апошнім часам, на жаль, мала з’яўляецца такіх змястоўных спектакляў. У ім узнята не толькі беларуская тэма, але і праблема выбару, што паўстае перад кожным чалавекам пры фарміраванні яго асобы: застацца верным сабе ці спакусіцца на далёка не галоўныя каштоўнасці. Дый тэма творчасці, закранутая ў пастаноўцы, блізкая не толькі людзям мастацтва: творцам у душы павінен быць кожны...

На спектакль я ішла, прызнацца, з сумневамі. Бо прызвычаілася бачыць Аляксандра Казелу бліскучым комікам-парадыстам-імправізатарам, працягам чаго стаўся і яго ўдзел у кабарэ-бэндзе “Сярэбранае вяселле”. Сур’ёзныя ж ролі ў спектаклях “Не мой” і “Translations” асаблівага надвор’я, як мне здавалася, не рабілі. І раптам — Сымон-музыка? Так, музычныя схільнасці выканаўцы не аспрэчыш: да нашай Акадэміі мастацтваў ён скончыў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі як харавік-дырыжор. Але ж у астатнім...

Сапраўды, у Аляксандра Казелы Сымон атрымаўся іншым. Ягоны герой — не натхнёны рамантык, закаханы ў паэзію жыцця, музыку і музу, а гэткі “дзіўнаваты дзівак”, не падобны на іншых, які ўвесь час задае пытанні пяцігадовага дзіцяці, не чакаючы на іх адказаў. Гэткі хлопчык-індыга, які інтуітыўна спасціг усе таямніцы сусвету і пакутуе пад іх прыгнётам. Калі для Аляксандра Малчанава “блуканне паміж нябёсамі і зямлёй” было творчым лунаннем героя, дык у Казелы — нервовымі, недарэчна няўрымслівымі скокамі з аднаго полюса на іншы, кіданнем у крайнасці. Нельга не звярнуць увагу на пластыку артыста, амаль “касмічны” бляск, а то і агонь у вачах, бачныя нават з глыбіні сцэны, без спецыяльнага асвятлення. У сцэне гібелі авечак на твары героя адбіваецца сапраўдная трагедыя. Пры сустрэчы з Жабраком (Віктар Манаеў) — імгненная змена эмоцый: дзіцячае здзіўленне, непадробны страх, непаразуменне, няёмкасць, сорам, калі той навучае яго хлусіць. Прытым, што Аляксандр Казела абсалютна дакладна трапляе ў рухі смыка, ва ўсе скрыпічныя штрыхі, да дробязей супадаючы з кантыленай і пасажамі скрыпача Генадзя Вішнякова за сваёй спінай, спектакль атрымліваецца не столькі пра творцу, колькі — пра станаўленне асобы. У такім варыянце аповед “са школьнай праграмы” павінен быць больш блізкім моладзі, падлеткам.

Пасля віншаванняў ды размоў паміж “Сымонамі двух пакаленняў” (Аляксандр Малчанаў быў у зале зацікаўленым гледачом) мы сядзім з Аляксандрам Казелам у грымёрцы:

— Мне складана аналізаваць, што атрымалася, бо для гэтага трэба сыграць ролю хаця б некалькі разоў. Падрыхтоўка праходзіла так: тыдзень рэпетыцый, потым перапынак — і яшчэ тыдзень. Калісьці ў школе, як і ўсе, я чытаў “Сымона-музыку”. Але тады неяк не думаў пра сваю тэатральную будучыню. Цяпер жа, рыхтуючы ролю Сымона, абапіраўся не толькі на свой вопыт музыканта, але і на ўражанні, што атрымліваў ад людзей такога ж, на маю думку, складу, як галоўны герой коласаўскай паэмы. Я бачыў людзей, лёсы якіх і самі жыццёвыя абставіны складаліся даволі блізка да гісторыі, расказанай у спектаклі. Дый сам я неаднойчы задумваўся над гэтым пытаннем — пра месца мастака ў свеце. І пра тое, што ж гэта ўвогуле за чалавек такі — творца, чым ён адрозніваецца ад іншых. Мне пашчасціла, бо я сустракаў і геніяў, у якіх — быццам іншапланетны тып мыслення, і тых, каго я папросту не мог зразумець. Гэта не абавязкова людзі мастацтва, але ў іх нейкае прыроджанае “іншадумства”. Бывае, такі чалавек ніводнай кніжкі не прачытаў, але мае ўнутры сябе адказ на любое пытанне. Гэта, пэўна, і складае яго ўласнае светаразуменне. Яшчэ адна думка, якая пераследавала мяне цягам працы над роляй, гэта тое, што побач з чалавекам заўсёды прысутнічае смутак. Як у Ганны Ахматавай: “Всего прочнее на земле — печаль...”. А дадатковым штуршком да разумення Сымона стаўся фільм пра дзяцей-аўтыстаў. Яны існуюць у сваім уласным свеце, дзе не патрэбны ніхто іншы. Гэтыя самадастатковасць ды “інакшасць” я і хацеў паказаць у сваім героі…

На здымках: Аляксандр Малчанаў у ролі Сымона ў пары з Генадзем Гарбукам (Дзед Курыла), а днямі гэты "дуэт" увасобілі Аляксандр Казела і Генадзь Аўсяннікаў (здымак уверсе).

Фота Юрыя ІВАНОВА і Віктара СТРАЛКОЎСКАГА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"