Віртуозная агранка брэнда

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Якія ж яны, “шкляныя воды “Нёмана”?
З 29 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу, у Белай зале Музея мастацкага шкла Елагінавостраўскага палаца-музея ДПМ і інтэр’ера XVIII — XX стст., працуе выстаўка “Шкляныя воды “Нёмана”. Яна арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва нашай краіны.

/i/content/pi/cult/456/9621/8-1.jpg

На выстаўцы экспануюцца аўтарскія работы мастакоў творчай групы знакамітага шклозавода “Нёман”, створаныя ў 2-й палове ХХ — на пачатку ХХI стст.

На рубяжы 1950 — 1960-х шклозавод уцягваецца ў арбіту новага мастацкага жыцця. У прамысловае шкларобства ўпісваецца творчы кантэкст: ствараецца эксперыментальна-мастацкі аддзел, куды ўваходзяць прафесійныя мастакі-прыкладнікі. Творчая лабараторыя “Нёмана” — гэта сапраўднае сузор’е талентаў. Аснову яе склалі выпускнікі Ленінградскага мастацка-прамысловага вучылішча імя В.І. Мухінай: Уладзімір Мурахвер, Людміла Мягкова, Валянціна Дзівінская, Уладзімір Жохаў; спецыялісты, падрыхтаваныя кафедрай мастацкай апрацоўкі шкла Дзяржаўнага мастацкага інстытута Эстоніі, — Сільвія Раўдвеэ і Керста Вакс. У 1970 — 1980-х да іх далучыліся мастакі Таццяна Малышава, Вольга Сазыкіна, Галіна Сідарэвіч, Васіль Самахвалаў, якія атрымалі адукацыю ў тагачасным Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, а таксама Аркадзь Анішчык — выхаванец Пражскага мастацка-прамысловага інстытута.

З 1990-х самастойную творчую дзейнасць на заводзе пачынаюць выхаванцы беларускай мастацкай школы Сяргей Шэцік і Алена Ткачова. Першым прадстаўніком пакалення мастакоў новага тысячагоддзя стала Вольга Падліпаліна. Кожны творца надзелены любоўю да шкла і бязмежнай адданасцю яму, бездакорным валоданнем прафесійнымі навыкамі і высокай мастацкай культурай.

Выстаўка “Шкляныя воды “Нёмана” — сумесны праект Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і шклозавода “Нёман”. У экспазіцыю ўключаны творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага (24 шматпрадметныя наборы) і больш за 100 работ (44 кампазіцыі) з калекцыі музея “Нёмана”.

Аўтарскія кампазіцыі, прадстаўленыя на выстаўцы, прыцягваюць глыбінёй і змястоўнасцю вобразных рашэнняў, артыстызмам выканання і эмацыйнасцю. Мастакі працуюць у каляровым, бясколерным шкле і хрусталі. Яны зноўку адкрываюць выразныя мастацкія ўласцівасці дымчатага шкла. Іх настойлівыя эксперыменты дазволілі пашырыць колеравую гаму дымчатага шкла да дзесяці адценняў, якія шырока выкарыстоўваюцца для вырабу гладкасценных выдзіманых вырабаў. У эксперыментальнай лабараторыі “Нёмана” адраджаюцца традыцыі гутнага шкла, ствараюцца новыя сучасныя сюжэты алмазнага гранення і гравіроўкі. Мастакі лабараторыі прапануюць новую стылістыку алмазнай агранкі вырабаў з хрусталю, распрацоўваюць тэхніку стварэння ў тоўшчы шкла выяўленчых матываў, а таксама сістэму дэкору на аснове адбіткаў натуральных фактур. У арбіце творчых пошукаў мастакоў — гісторыя і сучаснасць, нацыянальныя традыцыі ды фальклор, маральныя і інтэлектуальныя праблемы часу, свет асацыяцый, звязаных з прыродай…

У экспазіцыю ўключаны работы заводскіх майстроў Івана Пухоўскага, Анатоля Федаркова, Георгія Лінкевіча, якія вызначаюцца адмысловым бачаннем і інтэрпрэтацыяй уласцівасцей шкла. Іх вытанчанае майстэрства — асобная старонка гісторыі "Нёмана". Шматгадовая творчая праца мастакоў і майстроў узбагаціла мастацтва “нёманцаў”.

Работы ўсіх мастакоў ды майстроў беларускага шклянога брэнда распавядаюць пра жыццё, сусвет і прыроду мовай аднаго з самых старажытных мастацтваў, якое аб’ядноўвае мару і майстэрства добрых рук...

Наталля КАЛАШНІК, мастацтвазнаўца

На здымку: работы з экспазіцыі.