На якой мове… танцуем?

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Чаму большасць харэаграфічных гуртоў у конкурсе IFMC — невядомыя?
Сёлетні IFMC завершаны, прызы пераможцам беларускага конкурсу раздадзены, члены міжнароднага журы ў рамках “даследчай лабараторыі фестывалю” выказалі свае заўвагі і пажаданні ўдзельнікам (праўда, надта агульныя, на ўзроўні: маўляў, запрашайце ў сааўтары “драматургаў” — у шырокім сэнсе слова, шукайце тых, хто, не зразумеўшы вашы пастаноўкі, будзе задаваць нязручныя, правакацыйныя пытанні). Якой жа паўстала сучасная айчынная харэаграфія на гэтым конкурсе і, шырэй, форуме?

/i/content/pi/cult/456/9620/7-1.jpg

/i/content/pi/cult/456/9620/7-2.jpg

Сцэна першая: панарама

Для ўдзелу ў конкурсе арганізатары адабралі 13 калектываў і творчых праектаў з усіх шасці абласцей Беларусі. Акрамя ўласна спаборніцтва, беларусы былі і ў гасцявой праграме, а таксама сярод “прафесуры”, якая праводзіла майстар-класы. Але ўсё роўна было ахоплена далёка не ўсё, што робіцца ў галіне айчыннай сучаснай харэаграфіі. Большасць знаных калектываў, якія найбольш плённа развіваюць гэты мастацкі напрамак, маюць сваё аблічча і прыхільнікаў, на конкурсе прадстаўлены не былі. Дый на самім фестывалі — таксама. Адкуль жа ўзяўся той чортаў тузін канкурсантаў? І чаму большасць з харэаграфічных груп мы не ведаем? Адказ на апошняе пытанне — вядома, не да конкурсу. А вось з’яўленне на ім усё новых імёнаў, чаму можна толькі радавацца, — шмат у чым заслуга арганізатараў. І самога фестывалю з вельмі разгалінаванай структурай, якая ўключае не адно спектаклі ды спаборніцтвы, але і лекцыі, сустрэчы, абмеркаванні, майстар-класы. Форум становіцца своеасаблівай “школай” сучаснай харэаграфіі. І гэта цудоўна! Але чаму прадэманстраваная на ім нацыянальная палітра аказваецца далёка не поўнай?

Адказ вельмі просты: больш-менш вядомыя калектывы на конкурс не імкнуцца, нават не падаюць заявак. У гасцявой жа праграме арганізатары справядліва аддаюць перавагу замежным удзельнікам, каб прадставіць максімальна разнастайныя нацыянальныя школы і мастацкія кірункі (сёлетнім супер-адкрыццём сталі “Едакі” Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі з Масквы, уганараваныя расійскай “Залатой Маскай”). Некаторыя нашы групы ігнаруюць конкурс абсалютна свядома, тым самым выказваючы своеасаблівы знак пратэсту супраць яго вынікаў. Можна, канешне ж, узгадаць, што незадаволеныя былі, ёсць і будуць на любым творчым спаборніцтве. І што ў міжнародным конкурсе IFMC традыцыйна ўдзельнічалі такія знаныя расійскія харэографы, як Яўген Панфілаў, Сяргей Смірноў, Таццяна Баганава ды іншыя, таксама далёка не заўсёды атрымліваючы прызы. Але, можа, ёсць сэнс змяніць штосьці і ў самім фестывалі? І завесці традыцыю ўключаць у яго беларускі блок? Той мог бы складацца не толькі са зробленага калектывамі за год, але і з нейкіх новых работ, ініцыяваных і нават замоўленых самім фестывалем. Фурор, што мелі ў Віцебску “Шэсць танцаў” В.А. Моцарта, стаў прызнаннем майстэрства не толькі салістаў нашага Вялікага тэатра, але і, найперш, сусветна знакамітага харэографа Іржы Кіліяна: тэатр, нагадаем, прыдбаў права на пастаноўку і ажыццявіў яе з дапамогай прадстаўнікоў нідэрландскай трупы.

Фестываль таксама мог бы злучаць нашых і замежных пастаноўшчыкаў і артыстаў, ствараючы цікавыя сумесныя праекты. Дарэчы, колішняя спроба Яўгена Панфілава паставіць невялікі нумар на ўсіх удзельнікаў форуму магла б займець, да прыкладу, наступны працяг: хтосьці з запрошаных замежных харэографаў не толькі дае майстар-класы, але і робіць з яго ўдзельнікамі прыдатную для сцэнічнага паказу мініяцюру. Дый непасрэдна да фестывалю маглі б рыхтаваць прэм’еры, замоўленыя ды падтрыманыя арганізатарамі. Вядома, такія ініцыятывы будуць патрабаваць і іншага фінансавання, але падобныя ўкладанні грошай зусім не марныя, бо гэта, лічыце, унёсак у будучае нашай культуры, у яе адпаведнасць найноўшым сусветным кірункам і пошук свайго, індывідуальнага.

Сцэна другая: буйны план

Конкурс пакінуў супярэчлівыя ўражанні. Вядома, у кожнага ўдзельніка былі свае здабыткі ды прагалы, але прасочваліся і пэўныя тэндэнцыі, уласцівыя многім пачаткоўцам, якія паказвалі сваю літаральна “Першую спробу”, як была, дарэчы, і названа адна з мініяцюр, адзначаная прызам “Творчы аванс”.

На якой жа мове размаўлялі з намі канкурсанты? У час конкурсных праглядаў так і прасілася параўнанне: калі некалькі гадоў таму ўдзельнікі папросту не маглі выказаць з дапамогай сучаснай харэаграфічнай лексікі свае вербальныя ідэі, дык сёння складаецца адчуванне, што мову ўжо быццам засвоілі. Але на якім узроўні? У кагосьці гэта — пакуль толькі асобныя “словы”, часцей з жудасным “вымаўленнем”, відавочным пры параўнанні з арыгіналам. Хтосьці прасунуўся далей: навучыўся складаць тыя словы ў завершаныя сказы. Хтосьці — нават у больш-менш працяглыя тэксты. Але прыблізна на тым “школьным” узроўні, як будуецца праславуты “аповед пра сябе” ў курсе вывучэння замежнай мовы: аднолькавыя схемы, тыповыя звароты. Да ўласнага ж стылю справа пакуль не дайшла. І хаця б да ўласных думак — на жаль, таксама. Бо апошнія часам імітаваліся пры дапамозе “глыбакадумных незразумеласцей” — больш вытанчанага “набору слоў”, што мае знешнія абрысы “філасафічнасці”.

Былі і супрацьлеглыя спробы — залішне простыя па думцы, з плакатным выкладаннем, вырашэннем тэмы на празмерна побытавым узроўні, без асацыятыўна-мастацкага асэнсавання. І тое, што работы з абедзвюма вышэйакрэсленымі рысамі былі адзначаны сярод лепшых, можа дэзарыентаваць пастаноўшчыкаў, якія яшчэ не знайшлі сябе.

Сапраўды, выбар у журы быў не такі і вялікі. Але ў вынесеным ім канчатковым рашэнні нельга было не заўважыць відавочныя “нестыкоўкі”. З аднаго боку, у час сустрэчы журы з канкурсантамі гаварылася пра недарэчнасць пастаноўкі мініяцюры на песню, што вядзе да ілюстрацыйнасці. З іншага — такая мініяцюра была адзначана прэміяй.

Пэўна, змяненняў патрабуюць і конкурсныя ўмовы. Можна, бясспрэчна, ганарыцца тым, што ў нас, у адрозненне ад многіх іншых творчых спаборніцтваў, падрыхтаваны канкурсантамі нумар ацэньваецца цалкам — так бы мовіць, “у комплексе”, а не паасобку харэаграфія і выкананне. Але з-за гэтага год ад года сярод пераможцаў адсутнічае гродзенскі “ТАД”, прытым што кожная пастаноўка Дзмітрыя Куракулава ўтрымлівае столькі творчых знаходак, колькі іншаму мастаку на ўсё жыццё хопіць ды яшчэ і для паслядоўнікаў застанецца. У мінулыя гады здараліся нават нонсэнсы, калі прыз даставаўся мініяцюрам “а-ля Куракулаў”, на мяжы з плагіятам, а першакрыніца — так і засталася незаўважанай. Ну не адрэпеціравана штосьці — на ўзроўні рамяства. Але ж у тых, хто пракладае шлях, а не ідзе па накатанай дарозе, іначай амаль не бывае. Чаго ж тады здзіўляцца, што калектывы “са стажам” не ірвуцца на IFMC? Не толькі яны “пракідаюць” конкурс — конкурс “пракідае” іх.

Літаральна праз колькі дзён пасля фестывалю “ТАД” адзначыў сваё 20-годдзе. У Віцебск жа прывёз дзве чарговыя прэм’еры — абсалютна розныя. Мініяцюра з не самай удалай назвай “Скерца”, пабудаваная па прынцыпе музычнага канона з паступовымі ўступамі “тэмы”, усё ж прайшла ў фінал. Куды больш інавацыйным быў аднаактовы “Пін-код”. Акрамя надзвычай цікавых падтрымак і “спляцення” рук-ног-целаў, чым заўсёды вылучаюцца работы гэтага харэографа, балет уражваў нечаканымі люстэркавымі адлюстраваннямі, што стваралі ледзь не камп’ютарныя эфекты, годныя нашумелых стужак “Матрыцы”. І — не прайшоў у другі тур. Пэўна, яшчэ і таму, што доўжыцца 24 хвіліны, а журы павінна было ўкласці фіналістаў у адно канцэртнае аддзяленне. І калі адно толькі “Бардо” Вольгі Скварцовай (прыз “За выканальніцкае майстэрства”) ідзе паўгадзіны, дык што застаецца на астатніх?

Сапраўднай знаходкай конкурсу стала работа Сяргея Мікеля “Страчаныя і знойдзеныя”, адзначаная бясспрэчным лаўрэацтвам. Мініяцюра, якую ў кулуарах празвалі іначай — “Адрубленая галава”, прыцягвала спалучэннем руху, цікавых харэаграфічных падтрымак і застылых “скульптурных” выяў, што адначасова асацыяваліся з авангардам ды Антычнасцю. Малады харэограф (ён жа — адзін з выканаўцаў сваёй “дуэтнай” мініяцюры) — студэнт другога курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева. І ўжо год як артыст Тэатра сучаснай харэаграфіі “D.O.Z.SK.I”. Але да танцавальнага мадэрна Сяргей, можна сказаць, быў далучаны змалку. Родам з Віцебска, ён скончыў тамтэйшы каледж мастацтваў, удзельнічаў у тэатры-студыі Дзіяны Юрчанка (дадамо, што работа апошняй — “Партрэт жонкі мастака”, нягледзячы на даволі добры ўзровень, не трапіла ў фінал). Так што перамогу Сяргея Мікеля можна назваць яшчэ і заканамернай: да відавочнай адоранасці далучыліся веды, спрактыкаванасць, выдатнае выкананне (ягонай партнёркай выступіла навучэнка Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Глафіра Арыніч — між іншым, унучка славутага рэжысёра Валерыя Анісенкі, але той ніякага дачынення да пастаноўкі не меў і нават не паглядзеў другі тур: у гэты час у яго была прэм’ера ў тэатры Якуба Коласа).

Замест сцэны трэцяй: постар

Цікавую фестывальную ідэю, якую можна было б узяць на ўзбраенне, утрымлівалі дзве тэматычныя фотавыстаўкі — Уладзіміра Лупаўскога (Масква) і тэатра Піны Бауш, прывезеная яго даследчыцай Таццянай Ратабыльскай (Германія), якая ў свой час, дадамо, працавала ў “К”. На першы погляд, гэта абсалютна розныя экспазіцыі, не звязаныя імёнамі стваральнікаў, адасобленыя нават у прасторы, бо змяшчаліся на розных паверхах фае Канцэртнай залы “Віцебск”. Тым не менш, у цэнтры кожнай апынуліся разнастайныя пастаноўкі “Вясны свяшчэннай” — да 100-годдзя гэтага балета І.Стравінскага. Падобныя “варыяцыі на тэму” маглі б быць і ў харэаграфіі — да прыкладу, нацыянальны конкурс на загадзя аб’яўленую тэматыку. Пераможцам — гастролі, магчымасць шырокіх паказаў ці іншыя, творчыя, прапановы.

Фота Сяргея СЕРАБРО

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"