Карпаратыўныя музеі: закон іх не згадвае...

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук, даследчык музейных працэсаў на Беларусі
У апошніх нумарах “К” ішла гаворка аб прыватных музеях. Пэўныя думкі на гэты конт маюцца і ў мяне.

/i/content/pi/cult/456/9618/5-1.jpg

І пачаць хачу з таго, што музеяў прыватнай формы ўласнасці ў Беларусі значна менш, чым дзяржаўных. Гэтая група музеяў, якая з’явілася (дакладней, адрадзілася пасля сямідзесяцігадовага заняпаду) на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў, пакуль значна саступае па колькасных і якасных паказчыках дзяржаўным музеям. Вельмі важным і перспектыўным складнікам дадзенага сегмента музейнай сеткі ўяўляюцца карпаратыўныя музеі. Апошнія разумею як структурныя падраздзяленні прадпрыемстваў ды ўстаноў.

Зварот да каранёў прадпрыемства — паказчык карпаратыўнай культуры. Музей — атрыбут "даросласці", асэнсавання ўласнай карпарацыі праз яе культуру, памяць, гісторыю. У індустрыяльна развітых краінах карпаратыўныя музеі, якія вядуць свой радавод з ХVІІІ стагоддзя, традыцыйна з’яўляюцца часткай іміджа буйных кампаній. З’явіўшыся першапачаткова як своеасаблівыя каталогі прадукцыі прадпрыемстваў-стваральнікаў, у выніку назапашвання матэрыялаў карпаратыўныя музеі пераўтвараліся ў летапісы гісторыі апошніх. Лепшыя з іх дэманструюць тое, як навукова-тэхнічны прагрэс змяніў жыццё краін, рэгіёнаў. Падобную місію маюць Музей аўтаканцэрна "БМВ" у Мюнхене, Музей "Кока-Колы" ў Атланце, Музей бровара "Гінэс" у Дубліне.

А якія карпаратыўныя музеі мы ведаем на Беларусі? У кастрычніку 1994 года першых наведвальнікаў прыняў Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі", які з 1998-га — у холдынгу прыватнага банка. У 1996 г. музейную ініцыятыву праявіў дырэктар навукова-вытворчага кааператыву М.Дарашкевіч: узяўшы ў арэнду памяшканне былой аптэкі ў будынку Гродзенскага езуіцкага кляштара ХVІІІ ст., ён распачаў рэстаўрацыю будучых экспазіцыйных залаў Музея-аптэкі, збор экспанатаў. Адным з яскравых прыкладаў з’яўляецца фарміраванне карпаратыўнай калекцыі "Белгазпрамбанка". На пачатку 2012-га ў Мінску быў адкрыты для наведвальнікаў музей "Аліварыі", прысвечаны традыцыям айчыннага броварства. Экспазіцыя музея ААТ "Шклозавод “Нёман” у Бярозаўцы ўяўляе з сябе шматгранную панараму пошукаў беларускіх майстроў па шкле розных пакаленняў. Навукова-тэхнічныя калекцыі мае музей ААТ "Мотавела"...

Ды непрацяглае па часе існаванне беларускіх карпаратыўных музеяў выявіла пэўныя складанасці, хібы ў іхняй працы. Нікім не вывучаліся праблемы статуса, ролі, функцый, а таксама колькасныя ды якасныя паказчыкі гэтай групы музеяў. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб музеях і музейным фондзе" іх нават не згадвае…

У большасці выпадкаў стваральнікі карпаратыўных музеяў імкнуцца дасягнуць прагматычных, мэт. Па-першае, умацавання дзелавога іміджа кампаніі, бо наяўнасць музея, стварэнне якога патрабуе пэўных фінансавых затрат, ёсць сведчанне яе стабільнасці і надзейнасці. Па-другое, стварэння карпаратыўнага духу, матывацыі супрацоўнікаў, абапіраючыся на дасягненні мінулага. Па-трэцяе, экспазіцыя карпаратыўнага музея можа разумецца як дадатковая рэкламная пляцоўка для прадукцыі. Нарэшце, па-чацвёртае, музей можа прыносіць кампаніі рэальны прамы прыбытак праз рэалізаваныя тавары і паслугі.

Станоўчым чынам на дзейнасць карпаратыўных музеяў уплывае асабістая зацікаўленасць і энтузіязм іх стваральнікаў, а таксама шчодрае фінансаванне музейных праектаў. Пэўная частка музейных праектаў, што была рэалізавана кампаніямі, паўплывала на сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў рэгіёнах.

Да негатыўных рыс працы прыватных музеяў трэба аднесці дрэнны ўлік калекцый, нестабільнасць, непрафесіяналізм адказных супрацоўнікаў. Напрыклад, агратурыстычны комплекс "Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”, які належыць Гродзенскаму мясакамбінату, не маючы экспазіцый аўтэнтычных прадметаў, пазіцыянуе сябе на ўласным сайце як "музей і заапарк пад адкрытым небам".

Сёння ўсе музеі — і вялікія, і малыя, і дзяржаўныя, і прыватныя —знаходзяцца ў стане выбару паміж Храмам і Дыснейлэндам. Неабходна пераасэнсаванне іх дзейнасці, канцэпцыі ўваходжання ў новую рэальнасць. З аднаго боку, дзяржава сёння не ў стане ў поўным аб’ёме фінансаваць навуковую, рэстаўрацыйную, асветніцкую дзейнасць усіх музеяў. З іншага, ствараюцца і набіраюць моц прыватныя музеі, а таксама карпаратыўныя. Не чакаюць яны дзяржаўнага фінансавання. Але маральная, заканадаўчая і падатковая падтрымка іх дзейнасці неабходная, як і прызнанне таго, што карпаратыўныя музеі ўяўляюць каштоўнасць для культуры краіны — не меншую за дзяржаўныя.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Тым часам

У Гродне адкрыўся чарговы карпаратыўны музей — музей нітак на ТАА "Гранітэкс". На 100 квадратных метрах апавядаецца не толькі гісторыя прадпрыемства, але і гісторыя нітак ад самых першых узораў, што з'явіліся ў чалавека.