Між тым, юбілейны кінафорум не пазбег шэрагу арганізацыйных недахопаў, што выявілі яго праблему росту і “стан спраў”, у якім знаходзіцца айчынная кінаіндустрыя. Як высветлілася, пэўныя зрухі ў станаўленні першага немагчымыя без змен у другім.
Вядома, адной з “топавых” заўваг на адрас “Лістапада” сталася перакрыжаванне кінапраграм. Здавалася б, шараговая з‘ява для кожнага кінафестывалю, але з-за яе пацярпелі многія.
Той жа асноўны конкурс дакументальнага кіно не атрымаў значнай часткі сваіх гледачоў. Сёння, варта адзначыць, дзякуючы Мінскаму кінафоруму глядацкая цікавасць да дакументальнага кіно значна ўрасла, але годная канкурэнцыя ў выглядзе ігравых карцін — апошніх пераможцаў і ўдзельнікаў сусветных кінафорумаў — не дае гэтай тэндэнцыі як след “прагучаць”. Карэспандэнту “К” давялося трапіць на адзін з вечаровых сеансаў дакументальнай праграмы. Трэба зазначыць, што дыскусія публікі з аўтарамі пасля прагляду стужкі доўжылася да позняй ночы. Прычым выраз “позняя ноч” у дадзеным выпадку — не фігуральны: журналіст пакінуў залу кінатэатра “Мір” а палове першай, а пытанні гледачоў да стваральнікаў кіно ўсё не заканчваліся. Ці ж гэта не доказ таму, што пазіцыі дакументальнага кіно сёння змяняюцца? Што глядач сапраўды мае ў ім патрэбу? (Тут можна падкрэсліць, што сучаснае дакументальнае кіно становіцца ўсё больш відовішчным, не страчваючы ў сваёй сутнасці, — і тое вабіць гледача, які стаміўся ад часам пустых атракцыёнаў ігравога кінематографа.) І было б цалкам справядліва, на маю думку, каб дакументальнае кіно прагучала ў праграмах “Лістапада” больш гучна.
Яшчэ адзін прыклад: праблема “прыкрага супадзення” ў раскладзе. Сёлета ў рамках кінафоруму ў кінатэатры “Перамога” адбылася прэзентацыя праекта “Тузін. Немаўля”, які ўяўляе з сябе паказ класікі беларускага кіно з калекцыі Дзяржфільмафонда Расіі, у жывым музычным суправаджэнні сучасных музыкантаў. “К” давала анонс гэтай ініцыятывы арт-менеджара і журналіста Сяргея Будкіна, але рэальнасць пераўзышла ўсе чаканні. Праект атрымаўся сапраўды цудоўны: малавядомае нямое беларускае кіно, дзякуючы аўтарскай музычнай трактоўцы нашых выканаўцаў, адкрылася наноў. (Хоць можна сказаць нават і так: увогуле адкрылася.) І самае важнае — нічога не перашкаджала гэтай радасці спазнання ды ўспрымання арт-прадукту: кіно дэманстравалася на плёнцы на вялікім экране, гук не выклікаў нараканняў, — словам, гэта быў той самы выпадак, калі трэба глядзець, слухаць і атрымліваць асалоду. Але ж “у справу ўмяшаліся” тыя самыя годныя канкурэнты. У той жа самы дзень на асноўнай пляцоўцы кінафестывалю — у кінатэатры “Цэнтральны” дэманстраваліся апошнія карціны прадстаўніцы аўтарскага французскага кінематографа Клэр Дэні і філіпінскага рэжысёра-наватара Брыйянтэ Мяндосы. Паказ іх стужак таксама можна назваць у пэўным сэнсе прэм’ерамі. І што тут трэба было зрабіць гледачу? Натуральна, выбіраць. Аднак гэтага шматпакутнага выбару можна было б і пазбегнуць, калі арганізатары “развялі” б падзеі ў часе. Тым не менш, “Лістапад” тут выглядае вельмі выйгрышна: у яго праграме канкурыруюць моцныя праекты, але… Здаецца, і ў іншым раскладзе яны выглядалі б не менш прывабна ды сабралі б большую колькасць гледачоў.
Усе гэтыя прыкрыя перакрыжаванні прыводзяць да думкі, што тыдня “Лістапада” ў яго цяперашнім стане, калі фестываль ператварыўся ў сапраўдную лавіну цікавых прапаноў, становіцца замала. Для таго, каб у поўнай меры ацаніць конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы кінафоруму, мяркую, было б больш прадуктыўна прадоўжыць яго па часе, нягледзячы на ўсе тэхнічныя цяжкасці.
Наступная праблема, якая хвалявала публіку, — гэта наяўнасць інфраструктуры для Мінскага кінафестывалю. Здаецца, у гэтым плане не існуе праблем. Кінатэатр “Цэнтральны” — вельмі ўтульная і зручная пляцоўка, каманда якой зрабіла ўсё магчымае і немагчымае для камфорту гледачоў ды гасцей кінафоруму. Іншая справа — магчымасці кінатэатра. Залы на 166 месцаў недастаткова. І з кожным годам гэта становіцца ўсё больш відавочным. Зноў-такі, з аднаго боку, гэта — сведчанне росту папулярнасці Мінскага кінафоруму, калі на яго вечаровыя сеансы білеты раскупляюць загадзя. З іншага ж, трапіць на “топавыя” паказы становіцца папраўдзе цяжка. Часткова вырашае гэтую праблему заказ білетаў праз Інтэрнэт — раней і такой паслугі не было. Аднак добра зладжанай навігацыі электроннага продажу пакуль няма. Сёлета білеты ў той жа “Цэнтральны” прадаваліся чамусьці на адным сайце, а ў іншыя кінатэатры — на іншым. І мінскаму кінаману трэба было парупіцца, каб разабрацца ў прапановах. Але ж прадуманая сістэма распаўсюджвання білетаў — актуальнае патрабаванне часу, і яе стварэнне — неабходны крок насустрач гледачу.
У цэлым, сітуацыя склалася вельмі сімптаматычная: горад марыў пра тое, каб у яго з’явіўся фестываль, якім можна было б ганарыцца, — і гэта ажыццявілася. Без перабольшання, ХХ “Лістапад” пацвердзіў, што ў нас дакладна ёсць што губляць. Запоўненыя залы галоўнай, і не толькі, пляцоўкі кінафоруму дэманструюць: мінскай публіцы цікавае фестывальнае кіно. Праблемнае, вострае, нязручнае, наватарскае, сацыяльнае, смелае, глыбокае — тое, якое рэдка ўбачыш у кінатэатрах і, тым больш, па тэлебачанні. Але пасля з’яўлення падобнага форуму высветлілася: горад не гатовы для яго правядзення… Справа тут нават не ў тым, што патрэбны новы ці стары вялікі кінатэатр, а ў тым, што “Лістапад” прапаноўвае зусім іншую культуру спажывання кіно, да якой Мінск, на жаль, не прызвычаіўся ды якой нават проста не ведае.
Не вялікі гмах кінатэтра, а шматфункцыянальны мультыплекс з колькасцю кампактных залаў. Не толькі 3D-тэхналогіі, але і магчымасць дэманстрацыі стужак на плёнцы, у лічбавым варыянце, ды, нарэшце, наяўнасць адпаведнай прасторы для субцітраў унізе экрана. (Цікавая дэталь, але той самы мультыплекс “Беларусь” падобнага месца не мае.) Усё гэта — умовы паказу таго самага Кіно, якое патрабуе трошкі іншай уключанасці гледача. Гэта кіно, што дэманструецца на вялікім экране, з добрым гукам, на мове краіны-вытворцы, і адсюль — неабходнасць прасторы для субцітраў на дзвюх мовах. Гэта кіно, якое звяртаецца да глыбінных працэсаў нашай душы, патрабуючы сумленнай работы ды суперажывання, а не звычайнага “слізгання па паверхні” ды забыцця. Адсюль — невялікія залы і дыялог з аўтарам, а не спажыванне забаўляльнага атракцыёну, для якога прызначаны вялікія гмахі савецкіх кінатэатраў, што дасталіся нам “у спадчыну”. Гэта — іншая культура нават не спажывання, а заглыблення ў кіно, якая і сапраўды дае ў адказ вельмі шмат. “Калі вы глядзіце фільм на экране ноўтбука — гэта ўжо не кіно”, — кажа Кшыштаф Занусі, і, перафразуючы яго словы, хочацца сказаць наступнае: а калі вы глядзіце “Лістапад”, не выходзячы з кватэры, — вы яго не глядзіце.
Я кажу пра тое, што звычайная змена пляцоўкі тут ужо не спрацуе. Фестываль, які мы зараз ужо ведаем, — гэта іншы ўзровень спасціжэння кіно, што нездарма вымагае адпаведных умоў — як тэхнічных, так і ментальных. І пытанне тут у выніку нараджаецца адно: ці сапраўды горад хоча мець такі кінафорум? Ці гатовы ён сабе яго дазволіць?
Калі так, тады фестывалю неабходна адпаведная пляцоўка — з вышэйназваным наборам тэхнічных патрабаванняў. Не старая зала, трошкі прыстасаваная пад новы лічбавы пракат, а паўнавартасны фестывальны цэнтр, мультыплекс, што і прапанаваў бы гледачу той стос найцікавейшых прапаноў, на які здольны цяперашні “Лістапад”, у межах адной пляцоўкі. Гэта комплекс, здольны прадаставіць той самы якасны візуальны ўзровень успрымання кіно, і пляцоўка і форум для зносін.
Сёння мы можам заўважаць праблемы росту Мінскага кінафестывалю, адзначаць іх і разглядаць, але давайце прызнаемся шчыра: карабель даўно ўжо ў моры, а значыць — ён існуе па іншых законах. Лепш спакаваць багаж тут ужо не атрымаецца. Калі хочам мець лепшы фестываль, змен у нашай айчыннай кінаіндустрыі не пазбегнуць.
Выглядае ўтапічна? Аднак можна прачнуцца і ўбачыць карціну “шырока расплюшчанымі вачыма”. Ды і нарэшце — паверыць у кіно.