Паясы ў тэставым рэжыме

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

26 лістапада ў Музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося пасяджэнне Навукова-экспертнага савета па аднясенні ўзораў прадукцыі да аналагаў, копій, мастацкіх стылізацый слуцкіх паясоў.

Узначальвае Савет доктор гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Лакотка. У складзе — навукоўцы, прадстаўнікі ўрадавых устаноў, сістэмы адукацыі, вытворчасці, супрацоўнікі музеяў.

Пасяджэнне насіла рабочы характар. Гаворка ішла пра выкананне Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў. Сёння вытворчае аб’яднанне “Слуцкія паясы” ўшчыльную падышло да вырабу копій славутых паясоў. Навукоўцамі Віцебскага ўніверсітэта распрацавана тэхналагічная праграма для ткацкага станка, ідзе працэс вывучэння арыгіналаў славутых паясоў, на падставе якіх будзе стварацца сувенірная прадукцыя і падарункавыя рэчы, што называецца, дзяржаўнага ўзроўню. Праграма гэтая, так бы мовіць, базавая, і прадугледжвае карэкціроўку пад кожны новы выраб. Справа ў тым, што копіі слуцкіх паясоў мусяць вонкава паўтараць канкрэтныя арыгіналы, а двух абсалютна аднолькавых слуцкіх паясоў няма. Карацей кажучы, станок праходзіць тэставыя выпрабаванні.

Савет вырашыў афіцыйна называць рэчы, перспектыва вытворчасці якіх абмяркоўвалася на пасяджэнні, “сувенірнымі вырабамі ў стылі кунтушных паясоў”. Другое пытанне — юрыдычныя і тэхнічныя аспекты вывучэння паясоў, што знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці — ва Украіне і ў Літве. Пытанне было ўзнята дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым, ён жа прапанаваў і канкрэтныя захады ў гэтым кірунку.

Чарговае пасяджэнне Савета запланавана на наступны тыдзень.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"