Хто паедзе ў Бялград?

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

21 студзеня ў прамым эфіры Першага канала і тэлеканала “Беларусь-TV” стане вядома імя прадстаўніка Рэспублікі Беларусь на Міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне-2008”. Трансляцыя фіналу Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта “Еўра-Фэст” пачнецца ў 21.45.

У фінале Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта “ЕўраФэст” за права прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні-2008” будуць спаборнічаць чатыры ўдзельнікі: Gunesh, Руслан Аляхно, гурты “По глазам” і “Litesound”.
У рамках гала-канцэрта фіналістаў, які пройдзе ў сталічным Палацы спорту, па традыцыі, выступяць удзельнікі і пераможцы конкурсу “Еўрабачанне” розных гадоў. Плануецца, што падтрымаць удзельнікаў нацыянальнага адбору прыедуць пераможца “Еўрабачання-2003” Сертаб Эрэнер (Турцыя), пераможца “Еўрабачання-2004” Руслана (Украіна), пераможцы “Еўрабачання-2006” гурт “Lordi” (Фінляндыя), пераможца дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2007” Аляксей Жыгалковіч (Беларусь) і ўдзельніца “Еўрабачання-2005” Наталля Падольская (Расія).
Падчас фіналу “ЕўраФэсту” будзе працаваць прафесійнае журы. Па заканчэнні гала-канцэрта журы назаве імя афіцыйнага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь на Міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне-2008” у Бялградзе (Сербія).
Нагадаем, што па новых правілах конкурс “Еўрабачанне-2008” будзе складацца з двух паўфіналаў (20 і 22 мая 2008 г.) і фіналу (24 мая 2008 г.).
Прамая трансляцыя фіналу праекта “ЕўраФэст” пачнецца 21 студзеня ў 21.45 у эфіры Першага канала і тэлеканала “Беларусь-ТV”. Вядучыя гала-канцэрта — Дзяніс Кур’ян і Вера Палякова.
Арганізатар праекта “ЕўраФэст” — Белтэлерадыёкампанія.

Паводле матэрыялаў
прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі