Культурны твітар: мы ў свеце

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Беларуская культура за мяжой

Расія

Дакументальны фільм “Брацкая свечка” беларускага рэжысёра Ірыны Волах стаў лепшай карцінай кінафестывалю “Раданеж” у Маскве. Усяго ў конкурсным аглядзе рэлігійнага кіно і тэлепраграм прынялі ўдзел 80 кінастужак. Лаўрэаты атрымалі сярэбраныя медалі з выявай прападобнага Сергія Раданежскага, а таксама каштоўныя абразы. Усе работы конкурсу можна пабачыць на сайце фестывалю.

Абласны дзіцячы фестываль мастацтваў “Беларусь — мая песня!” ужо дзявяты раз прайшоў у адной са школ Самары. Удзельнікі гала-канцэрта прадэманстравалі гледачам сваё майстэрства ў выкананні народных і сучасных айчынных песень, музыкі і танцаў.

Эстонія

Выстаўка карцін беларускіх мастакоў “Бабіна лета” адкрылася ў Таліне. Гэта дзявятая выстаўка беларускага мастацтва, арганізаваная талінскай галерэяй “Sed Arte” за апошнія адзінаццаць гадоў. У экспазіцыі — работы шасці графікаў і жывапісцаў: Аляксандра Дзямідава, Ганны Каралёвай, Тамары Шэлест, Рыты Цімохавай, Алены Карповіч, а таксама Сяргея Цімохава, якога ўжо больш за год няма з намі. Дарэчы, графіка апошніх чатырох майстроў у кастрычніку бягучага года з поспехам экспанавалася ў Ватыкане і Рыме.

Польшча

Беларусь прыняла ўдзел у Міжнародным калядным дабрачынным кірмашы ў Варшаве. Вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў аўкцыёну карысталіся вырабы айчынных майстроў з дрэва, саломкі, лёну, узоры прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Сродкі, атрыманыя ад продажу, будуць cкіраваны на аказанне медыцынскай дапамогі хворым дзецям, набыцця неабходнага медыцынскага абсталявання і лекаў, арганізацыі экскурсій.

Нідэрланды

Форум “Беларусь  — Нідэрланды: турыстычны патэнцыял і культурная спадчына” прайшоў у Амстэрдаме. У ходзе мерапрыемства нідэрландскім удзельнікам была прадстаўлена поўная інфармацыя аб падрыхтоўцы да Чэмпіянату свету па хакеі-2014. Акрамя таго, адбыліся прэзентацыі турыстычных магчымасцей нашай краіны, праектаў па стварэнні Музейнага квартала ў Мінску, рэканструкцыі Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой”, што маюць ажыццявіцца ў Беларусі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі.