Ёсць такое слова: “правененцыя”…

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

27 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў “круглы стол” “Даследаванне правененцый у Беларусі”. Тэма вельмі спецыфічная. Яна ўяўляе цікавасць для тых, хто працуе з кнігай прафесійна — навукоўцаў і супрацоўнікаў бібліятэк, — а таксама для бібліяфілаў.

Тым жа, хто па-за названай сферай, варта патлумачыць, што правененцыі (само слова лацінскага паходжання, азначае “прыналежнасць да…”) — гэта тыя пазнакі, якія ўказваюць на ўладальніка кнігі. Менавіта правененцыі надаюць асобнікам унікальнасць. Па іх можна прасачыць “жыццяпіс” кніг, высветліць, па якіх кнігазборах ім даводзілася вандраваць, у якія рукі трапляць... У кантэксце нашай культуры правененцыйныя доследы служаць справе рэканструкцыі беларускіх кнігазбораў, раскіданых па свеце.

Удзельнікі “круглага стала” адзначылі, што не існуе ўніверсальнай класіфікацыі правененцый. Гэта абумоўлена асаблівасцямі гісторыі культуры кнігі ў розных краінах. Таму заходнія даследчыкі ды іх расійскія калегі маюць розныя думкі наконт таго, якія пазнакі лічыць правененцыямі. Так, няма адзінага меркавання наконт таго, далучаць да іх экслібрыс ці вылучаць у асобную з’яву. Бадай, у адзіным навукоўцы салідарныя: правененцыі — гэта пазнакі, якія робяцца свядома.

Мы ж вырашаем, якой класіфікацыяй — заходняй ці расійскай — нам карыстацца, зыходзячы са сваёй практыкі. Ці, можа, варта распрацаваць уласна беларускае вызначэнне правененцый? Гэтае пытанне проста ці ўскосна ўзнімалася, бадай, ва ўсіх выступленнях.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"