Мэбля, посуд, бытавыя прыборы прадстаўлены аб’ектамі, аўтамабілі — фотаздымкамі. Японцы дбаюць пра свой імідж у свеце. Зараз па розных краінах вандруе два дзясяткі выставак, якія распавядаюць пра розныя чыннікі жыцця японскай нацыі. Мінская выстаўка дызайну Краіны ўзыходзячага сонца — з гэтага шэрагу. Той, хто чакае пабачыць на ёй нешта надзвычайнае, будзе расчараваны: тут экспануюцца звычайныя рэчы, што складаюць побыт японцаў. Нібыта звычайныя: насамрэч, гэта лепшыя распрацоўкі 1990 — 2000-х гадоў. Невялікую частку экспазіцыі складаюць рэчы 1950-х: каб гледачы маглі пабачыць пераемнасць у станаўленні нацыянальнай школы дызайну.
Ступень цывілізаванасці народа адчуваецца не толькі ў рэалізацыі грандыёзных праектаў кшталту касмічных караблёў, але і ў такой “драбязе”, як посуд і мэбля. Зручнасць, экалагічнасць, прыгажосць — вось што характэрна для экспанатаў гэтай выстаўкі. Адчуваецца ўплыў заходняй цывілізацыі на лад жыцця японцаў, але бачная і здольнасць адаптаваць замежнае, набліжаць да адпаведных нацыянальнай традыцыі форм.
Кажуць, што японцы бяруць рэчы, прыдуманыя іншымі, але значна іх удасканальваюць. Тады гэта і ёсць японскі стыль. У тым ліку — і ў дызайне.