Сустрэчы пад стары Новы год у Варшаве

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

11 студзеня 2007 года ў Беларускай зале Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча быў праведзены беларускі вечар “Сяброўская сустрэча пад стары Новы год”, на якім прысутнічалі паслы Арменіі, Малдовы, Казахстана, Украіны, прадстаўнік Пасольства Аўстрыі, дырэктар Дэпартамента Усходняй палітыкі Міністэрства замежных спраў Польшчы Яцэк Браткевіч, дэпутат Сейма Польшчы Яўген Чыквін, былы Пасол Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк, кіраўнікі арганізацый і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Варшаве, польскіх грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі Польскай аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, супрацоўнікі Пасольства, прадстаўнікі СМІ Польшчы, здымачная група Белтэлерадыёкампаніі — усяго звыш 80 чалавек.

Перад пачаткам вечара Паслом Паўлам Латушкам старшыні Таварыства “Польшча — Беларусь” Баляславу Хмялінскаму была ўручана Ганаровая грамата Міністэрства замежных спраў Беларусі за шматгадовую плённую дзейнасць і значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-польскіх сувязей.
У час вечара адбылося адкрыццё мастацкай выстаўкі вядомага польскага мастака, выхадца з Беларусі, Сергіюша Грудкоўскага, які падарыў Пасольству некалькі сваіх твораў. С.Грудкоўскаму былі ўручаны памятны дыплом і падарунак Пасольства.
З цікавай канцэртнай праграмай на вечары выступіў заслужаны артыст Беларусі, спявак Якаў Навуменка. На вечары таксама выступіла шматразовая лаўрэатка агульнапольскіх фестываляў “Беларуская песня”, спявачка Крысціна Сульжыцкая, якая паходзіць з Беларусі.
Удзельнікі вечара змаглі ўбачыць відэафільмы аб Беларусі, фрагменты фотавыстаўкі беларускага фотамастака Сяргея Плыткевіча, пачаставацца беларускімі стравамі, прыняць удзел у навагодняй латарэі і выйграць беларускія сувеніры і прызы.
Беларускі вечар выклікаў вялікую зацікаўленасць у прысутных, прайшоў у вельмі прыязнай атмасферы. Публіка цёпла вітала мастака С.Грудкоўскага, авацыямі ўспрыняла выступленне Я.Навуменкі. Многія з прысутных, прадстаўнікі беларускай дыяспары выказалі падзяку Пасольству за магчымасць прымаць удзел у традыцыйных беларускіх мерапрыемствах, пазнаёміцца з сучасным беларускім мастацтвам.
А 12 — 13 студзеня 2008 года ў Варшаве адбыўся традыцыйны Беларускі навагодні баль, які праводзіцца ўжо больш чым 30 гадоў варшаўскім аддзелам Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы і Цэнтрам славянскай культуры ў Варшаве. Апошнія гады актыўнае садзеянне ў падрыхтоўцы і патранат над балем ажыццяўляе Пасольства Беларусі ў Польшчы.
На Беларускім балі прысутнічалі этнічныя беларусы як з Варшавы, так і з некаторых іншых гарадоў Польшчы, беларускія дыпламаты — усяго каля 190 чалавек. Многія з іх наведваюць Беларускі баль з пачатку яго арганізацыі.
На балі з вялікім поспехам і цікавай канцэртнай праграмай выступіў заслужаны артыст Беларусі Якаў Навуменка, запрошаны Пасольствам у Варшаву.
Традыцыйна, у час балю выступаў таксама калектыў белменшасці з Беласточчыны, гэтым разам — эстрадны ансамбль “Лідэр” з Беластока.
З навагоднімі віншаваннямі да ўдзельнікаў балю звярнуўся Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка. Ён падкрэсліў важную ролю правядзення Беларускага балю ў Варшаве, які спрыяе захаванню этнічнай адметнасці беларусаў Польшчы, умацаванню сяброўства і добрасуседскіх адносін паміж беларускім і польскім народамі. Сімвалічным пасля віншавання было выдатнае выкананне Я.Навуменкам песні “Белая Русь”, цёпла ўспрынятай прысутнымі.
Падчас балю была праведзена навагодняя латарэя з каштоўнымі прызамі, падрыхтаванымі Пасольствам (беларускія сувеніры, альбомы, календары і інш.).

Прэс-служба Пасольства Рэспублікі Беларусь
у Рэспубліцы Польшча