Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў Гродна была адкрыта ў 1988-м. Размешчана яна ў гістарычным цэнтры горада ў двухпавярховым будынку — помніку архітэктуры позняга класіцызму 1880 г. У гэтым доме раней размяшчаўся клуб “Беларуская Хатка”, дзе зараджалася каханне Томаша Грыба, рэдактара гродзенскай беларускай газеты “Родны Край”, і Паўліны Мядзёлка — першай выканаўцы ролі купалаўскай Паўлінкі.
У сценах Мастацкай школы свой творчы шлях пачыналі вядомыя гродзенскія мастакі Андрэй Філіповіч, Уладзімір Пазняк, Вікторыя Ільіна. Штогод у школе навучаецца каля 370 чалавек рознага ўзросту — ад 8 да 16 гадоў.
Бясспрэчнай заслугай высокапрафесійнага педагагічнага калектыву школы з’яўляецца якасная акадэмічная падрыхтоўка вучняў. За лепшую калекцыю работ на Міжнароднай выстаўцы дзіцячай творчасці “Лідзіцэ-2012” (Чэхія) школа была ўзнагароджана залатым медалём.
Работы вучняў школы можна паглядзець, наведаўшы выставачную залу, а таксама ў некаторых філіялах дзіцячых бібліятэк горада, дзе размешчаны пастаянныя выставачныя экспазіцыі.
Марк ХАРЛАМАЎ
Гродна
Фота і рэпрадукцыі аўтара