Інтэнцыя ідэнтыфікацыі

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Пасля Расійска-беларускага Адкрытага студэнцкага агляду-конкурсу народнага песеннага мастацтва “Як на рэчцы была на Фантанцы” і Міжнароднага маладзёжнага конкурсу “Містар ЭТНА” варта павіншаваць прызёраў і ўзважыць, наколькі ўзнагароды (Гран-пры для фольк-суполкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў “Талака” і дыплом “Містар Творчасць” для Мікіты Халькова) былі абумоўлены арыенцірам на каранёвыя формы культуры Беларусі.

/i/content/pi/cult/455/9595/10-1.jpg /i/content/pi/cult/455/9595/10-2.jpg

Інтэнцыі — перавод стратэгіі ў практыку. Калі мы кажам пра інтэнцыі культурнай самаідэнтыфікацыі моладзі, то маем на ўвазе мадэляванне абставін, пры якіх у будучыні з’ява самаўсведамлення сябе беларусамі (рускімі, украінцамі) у маладзёжным асяродку захаваецца і займее працяг — у саміх паводзінах людзей. У свеце, што глабалізуецца, моладзь быццам бы прагне “адрыву” ад каранёў ды “глабалізаванага” мастацтва. Уніфікацыя паўплывала на форму ды змест “народнага” танца, спеваў, інструментальнай музыкі, якія культывуюць у сучасных навучальных установах, ды спарадзіла акадэмізаваных “народнікаў-прафесіяналаў”. Аднак пры наведванні каляфалькорных спаборніцтваў заўважаеш, што каларыт дакладна засвоенай этнакультуры выглядае больш прывабна, арганічна і “радней”, чым халодны акадэмізм.

Конкурс “Як на рэчцы была на Фантанцы” ладзіцца ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце культуры ў мэтах расійска-беларускага сяброўства. “Містэр ЭТНА” — у Палацы культуры “Губернатарскі” Ульянаўска, каб ініцыяваць мужчынскую палову Еўразіі прадэманстраваць этнічны складнік уласнай асобы. Імпрэзы маюць сучасны менеджмент (рэкламу ў Інтэрнэце, спонсарства і фандрайзінг), фінансавую падтрымку (арганізатары рэгулярна знаходзяць яе ў мэтавых федэральных праграмах эканомікі Расіі), уласнае кола гледачоў, дзе пераважае музычнае, тэатральнае і агульнамастацкі арыентаванае студэнцтва.

Удзельнікамі конкурсу ў Санкт-Пецярбургу былі прадстаўнікі рэгіянальных школ рускага песеннага мастацтва, майстры фальклору з аўтаномій — Марый Эл, Удмуртыі (адкуль даехалі на “Еўрабачанне” “Буранаўскія бабулі”), бліскучыя пецярбургскія фальклорныя калектывы. Аднак, паводле аднагалоснага рашэння журы, Гран-пры за смыкова-дударскую (каранёвую) інтэрпрэтацыю “Лявоніхі”, за запісаныя Паўлам Шэйнам у ХІХ стагоддзі традыцыйныя гульні пад дуду і за аўтэнтычна арыентаваныя спевы звезлі ў Мінск (упершыню ў гісторыі конкурсу) студэнты спецыялізацыі “Этнафоназнаўства” БДУКіМ. Іх творчасць, заснаваная на метадзе дэманстратыўнай антрапатэхнікі (навучанне без нот, а з аўдыя- і відэакрыніц ды вуснага пераймання ад носьбіта фальклору), глядзелася пераканаўча ды свежа і ў залах палаца прынцаў Альдэнбургскіх (дзе размяшчаецца СПбДУКіМ), і на сцэне Дзяржаўнай (раней — Імператарскай) харавой капэлы — пляцоўках з фантастычнай акустыкай, якія памятаюць Чайкоўскага, Шумана, Ліста…

На ўльянаўскім конкурсе наш зямляк заняў ганаровае ІІ месца - “Містар Творчасць” (“Містарам ЭТНА” стаў добра прадзюсіруемы якут) за тое, што не толькі прадэманстраваў узоры беларускай кухні, спеваў, інструментальнай музыкі і харэаграфіі, але і патлумачыў іх месца ва ўласнай культуры саматужным міні-прома-фільмам. Стварыць вобраз “лепшага творцы” сярод 11 канкурсантаў (індыйца, палесцінца, казаха, малдаваніна, прадстаўнікоў рэгіёнаў Расіі) Мікіту Халькову дапамагла дуда, якой ён авалодаў у БДУКіМ, скрыпічны акампанемент аднагрупніцы Веранікі Анцілеўскай і спевы з жонкай Юліяй — выхаванкай першага дзіцячага фолькгурта Беларусі “Зорачкі” .

І ў сучасным свеце цэніцца “твару не агульны выраз” — мастацтва з добра прамаляваным “этнічным профілем”, якое дапамагае і творцам, і гледачам сябе ідэнтыфікаваць. Чым большая колькасць ДШМ, каледжаў, мастацкіх ВНУ будуць складаць планы і праграмы на этнакультурнай спадчыне Беларусі, тым больш запатрабаваным акажацца мастацтва маладых выпускнікоў.

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ