За што крыўдна?

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Меркаванне ў тэму

Я калісьці пісаў у "К" на сугучную тэму. Але ў звязку з артыкулам Алега Чэчанева, мяркую, варта паўтарыць і пашырыць некаторыя думкі. Летась пад час камандзіроўкі ў Нясвіж я пацікавіўся ў мясцовых культработнікаў, як нясвіжцы паставіліся да таго, што ў адным з фільмаў пра следчага Каменскую іхні горад "іграе ролю” расійскай правінцыі. У адказ пачуў: людзі былі задаволены фактам, што Нясвіж паказалі ў тэлесерыяле. А ўжо як паказалі — пытанне другаснае. Абураных не было…

Як бачна з прыведзенага вышэй аповеду акцёра, тое ж адбываецца і на рынку талентаў. Вынікае, што творчая кар’ера беларускага артыста, яго пазнавальнасць за кошт тэлеэфіраў залежыць ад ласкі замежнага прадзюсара, ад таго, пройдзе ён кастынг ці не.

Так, здымаць у Беларусі зручна. Калі ў Расіі здымачны дзень можа каштаваць 30 — 40 тысяч долараў, і немалая частка гэтых выдаткаў прыйдзецца на пераезды з адной “натуры” на іншую, дык у нас — усё кампактна. Тую ж Маскву, зрэшты, танней здымаць у Мінску.

Я далёкі ад думкі вінаваціць нашых кінематаграфістаў за тое, што яны працуюць па прынцыпе кінафабрыкі, у дэкарацыі для замежных праектаў. Мне, як казаў гэрой вестэрна пра белае сонца, за дзяржаву крыўдна. Няўжо менавіта паказ нашых адметнасцей як чужых дамінуе ў айчынным кінематографе над ўсімі астатнімі відамі дзейнасці? Калі б штогод наш глядач атрымліваў ад айчынных кінематаграфістаў некалькі кіна- і тэлефільмаў, дзе адлюстроўвалася б нацыянальная гісторыя або праблемы, насамрэч надзённыя для нашага грамадства, дык мільгаценне беларускага фону ў чужым кіно і тэле можна было б ігнараваць. А калі гэтае тло — адзіны знак нашай прысутнасці на экраннай прасторы, то імідж краіны псуецца.

Мне хацелася б памыліцца. Буду рады, калі нязгодныя са мною давядуць слушнасць сваіх меркаванняў, абапіраючыся на факты. Але мне, прынамсі, крыўдна, калі я бачу на тэлеэкране краявіды нашай сталіцы не ў той “ролі”, якой яны, на маю думку, вартыя.

І яшчэ. Гэтая сітуацыя нагадвае мне ўспамін маці маёй жонкі пра тое, як у час вайны ейная сям’я апынулася ў эвакуацыі, дзе, каб не памерці з голаду, давялося прадаваць фотаздымкі з сямейнага альбома... А цяпер, калі ўнукі цікавяцца ў яе гісторыяй сям’і, ёй няма чым “праілюстраваць” аповед...

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"