Дзе прапісаны Дзед Мароз?

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецкарэспандэнт газеты “Культура”
Я жыву за Мінскай кальцавой аўтадарогай і штодня карыстаюся электрычкай, або, як яе цяпер называюць, “прыгарадным цягніком эканом-класа”. Тыя паўгадзіны, што мой “эканом-клас” ідзе да Мінска, рэдка выпадае правесці ў цішыні, заглыбіцца ў кнігу ці зрабіць сякія-такія запісы, бо па вагонах сноўдаецца зграя “карабейнікаў”, якія пастаўленымі (“каманднымі”, як кажуць у войску) галасамі рэкламуюць свой тавар: чытво ў дарогу, прылады для кухні, штосьці для прысядзібнай гаспадаркі, сада-агарода і гэтак далей. Іншым разам яны, мякка кажучы, напружваюць…

/i/content/pi/cult/455/9585/4-1.jpg

Днямі адзін з такіх гандляроў раіў пасажырам загадзя парупіцца пра навагоднія падарункі дзецям ды набыць у яго “віншаванне ад Дзеда Мароза”. Тая віншаванка ўяўляла з сябе невялікі кампакт-дыск з сёння ўжо класічнымі навагоднімі мульцікамі савецкай пары і адпаведнымі характару свята дзіцячымі песенькамі. Дыскі былі ўкладзены ў адмысловыя канверты, кшталту паштовых, на якіх у графе “каму” пакупнік сам мусіў напісаць імя дзіцяці, якому будзе ўручаны падарунак. А ў верхнім левым куце, як мае быць, месціўся “адрас адпраўшчыка”: “Дед Мороз. Великий Усцюг. Российкая Федерация”.

Патрымаўшы віншаванку ў руках, я звярнуў увагу “карабейніка” на адрас. У Беларусі ўсе ведаюць, што Дзед Мароз жыве не ва Усцюгу, а ў Белавежскай пушчы. На гэта гандляр, прадэманстраваўшы пачуццё гумару, адказаў, што белавежскі Дзед зараз заняты, і ягоныя функцыі ўзяў на сябе вялікаўсцюгскі Дзед Мароз, і хуценька знік. Было відавочна, што размова яму не спадабалася.

Зрэшты, можна было запытаць “карабейніка”, ці з’яўляюцца ягоныя дыскі ліцэнзійнымі. Сёлета ва Украіне ў краме пры АЗС я бачыў фірменныя цацкі ад “Союзмультфильма”  — герояў класічных савецкіх мульцікаў. Вельмі густоўныя рэчы. Добры быў бы падарунак сябрам, у якіх дзеці малыя, але кошт… Аднак ліцэнзійны эксклюзіў танным не бывае. Больш чым ўпэўнены, што вытворца вышэйзгаданага “віншавання” дазволу ў “Союзмультфильма” не пытаўся. Прасцей кажучы, дыскі — пірацкія. Ну не гадлююць “карабейнікі” эксклюзівам.

Але ў дадзеным выпадку мяне цікавяць не юрыдычныя аспекты пераднавагодняга гандлю, а яго, так бы мовіць, ідэалагічны змест. Дазволю сабе сцвярджаць, што наш Дзед Мароз, які мае рэзідэнцыю ў Белавежскай пушчы, — гэта не толькі экзотыка для турыстаў, але і нацыянальны брэнд і, у пэўным сэнсе, чыннік суверэнітэту на ментальным узроўні.

Зразумела, што ў аснове прыкрага факта, з якім я сутыкнуўся ў электрычцы, — неадукаванасць “карабейніка”, якому ўсё адно, на чым зарабляць, які папросту не разумее, што такое культурныя прыярытэты і ў якую далікатную сферу ён уплішчыўся са сваім не надта легальным таварам. Аднак калі такое сталася магчымым, дык, відаць, нашаму Дзеду Марозу бракуе піяру? Хоць пастаянныя 40 — 50 турыстычных аўтобусаў ля ягонай рэзідэнцыі сведчаць пра адваротнае. І сведчаць яскрава.

Мо лепш сёння "Белпошце" парупіцца, каб дзяцей віншаваў з Новым годам беларускі Дзед Мароз. Зрэшты, такая паслуга, як “Падарунак ад Дзеда Мароза”, на пошце існуе: невялікага памеру скрынка, што паштальён уручае дзіцяці. Пры гэтым бацькоў, якія паслугу аплацілі, папярэджваюць аб часе, калі паштальён прыйдзе. Ідэя добрая, ды вось толькі выглядае тая скрынка не так прэзентабельна. Канверт з дыскам, што я бачыў у электрычцы, прыгажэйшы. Гэтую акалічнасць трэба прыняць да ўвагі. Ды і на тэрміны акцыі час звярнуць увагу цяпер — у лістападзе.

Я не збіраюся супрацьпастаўляць культурныя брэнды. Дзед Мароз з Белавежскай пушчы і ягоны калега з Вялікага Усцюга робяць адну добрую справу. Але ў Беларусі сваё мусіць мець прыярытэт. Прытым што някепска было б, каб Дзед Мароз з цэнтра Еўропы запрасіў у госці сваіх калег з іншых краін, і яны разам зладзілі б прыгожую імпрэзу для беларускіх дзяцей…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"