Вобласці святкуюць юбілей

№ 3 (821) 19.01.2008 - 25.01.2008 г

У дзвюх трацін Беларусі — юбілей. Па 70 гадоў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцям. Але святкуе ўся краіна. Справа натуральная, і кожны з рэгіёнаў — не ад’емны складнік і нашай зямлі, і нашай культуры. Насельнікі абласцей-юбілярак розняцца па гаворках і фальклоры, па строях і характарах, але знітоўваюць іх у адно радзіна і Радзіма, крэўнасць і спадчына. Так шматгалоссе ператвараецца ў сугучны і магутны спеў. І лунае над краем песня еднасці. А за святочным сталом — сёстры-юбіляркі.

Магілёўшчына

12 студзеня ў Магілёве прайшло ўрачыстае пасяджэнне з нагоды 70-годдзя вобласці. Як зазначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура, за апошні час у рэгіёне назіраецца стабільны эканамічны рост.
Па выніках 2006 года Магілёўшчына стала пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва і занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару. Са станоўчымі вынікамі завершаны і мінулы год.
Прамысловы комплекс вобласці — гэта вытворчасць амаль усіх трактарных прычэпаў Беларусі, больш паловы выпускаемага ў краіне цэменту, амаль усяго рэспубліканскага аб’ёму ліфтаў і шын...
Аграпрамысловасць Магілёўшчыны па выніках леташняга жніва заняла ў краіне другое месца па ўраджайнасці і трэцяе — па валавым зборы збожжа. На Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2007”, які прайшоў у Рэчыцы, у ліку лепшых па эфектыўнасці сельгасвытворчасці названы Магілёўскі і Крычаўскі раёны.
Значныя поспехі дасягнуты ў будаўніцтве і адукацыі, культуры. Неаспрэчна, што Магілёўшчына на сёння з’яўляецца адным з буйнейшых цэнтраў развіцця мастацтваў. Яскравы доказ таму — папулярныя міжнародныя фестывалі “Залаты шлягер”, “Магутны Божа”, “Вянок дружбы”, “Залатая пчолка”, “Анімаёўка”. Развіваюцца тэатральны рух, музейная і бібліятэчная справа, народная творчасць. У цудоўным двухпавярховым будынку летась размясціліся залы Шклоўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Неўзабаве адкрыецца экспазіцыя Крычаўскага краязнаўчага музея ў адрэстаўраваным будынку палаца Пацёмкіна — помніку архітэктуры XVIII стагоддзя.

Міншчына

16 студзеня ў грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэс-канферэнцыя на тэму “Сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінскай вобласці. Вынікі і перспектывы”, прысвечаная 70-годдзю Міншчыны. У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня камітэта эканомікі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Жанна Бірыч, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Шматко і старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Уладзімір Гоканаў.
Ж.Бірыч адзначыла, што 15 студзеня — афіцыйная дата стварэння вобласці. Яна ў сілу свайго тэрытарыяльнага месцазнаходжання заўсёды была ў цэнтры найважных падзей, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь.
Дзякуючы намаганням, працаздольнасці нашых людзей вобласць дынамічна развіваецца, з’яўляецца адным з найбольш паспяховых у эканамічным, сацыяльным, культурным планах рэгіёнаў. Па шматлікіх паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўзроўні жыцця Мінская вобласць утрымлівае лідзіруючыя пазіцыі.
У вобласці дзейнічаюць 2 тэатры, музычная капэла “Санорус”, 19 музеяў, звыш 800 бібліятэк і 700 клубных устаноў. Сем самадзейных калектываў Міншчыны адзначаны высокім званнем “заслужаны аматарскі”. Міншчына стала радзімай шматлікіх творчых форумаў. Гэта Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, Рэспубліканскі фестываль маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” у Жодзіне і іншыя.На тэрыторыі вобласці знаходзяцца шэраг прадпрыемстваў — флагманаў нацыянальнай эканомікі, такія, як “Беларуськалій”, “БелАЗ”. Паспяхова ажыццяўляюцца дзве значныя праграмы. Адна з іх — па адраджэнні сяла. Пабудавана шмат аграгарадкоў. Ажыццяўляецца і другая важная праграма — развіцця малых гарадоў, якіх у вобласці 38.
Знешнеэканамічная дзейнасць працягвае пашырацца. На сёння заключана 98 пагадненняў з партнёрамі з Расіі, іншых краін. Знешнеэканамічны гандлёвы таваразварот складае 4,5 мільярда долараў. Міншчына супрацоўнічае з партнёрамі са 132 краін свету.
Справілася з пастаўленымі задачамі будаўнічая галіна. Пад пастаяннай увагай рэстаўрацыя аб’ектаў культуры, развіццё турыстычнай інфраструктуры. Рэстаўруецца галоўны помнік Міншчыны — Нясвіжскі замак, першы пускавы комлекс нядаўна здадзены. Плануецца ў бліжэйшыя гады закончыць рэстаўрацыю перліны нашай нацыянальнай культуры — Радзівілаўскага замка, парка з прылеглымі ставамі. Існуюць напрацоўкі і ў адносінах Радзівілімонтаў, іншых аб’ектаў спадчыны.
Як паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, урачыстасці з нагоды 70-гадовага юбілею вобласці прайшлі 18 студзеня ў Канцэртнай зале “Мінск”. Пасля святочнага сходу, на якім выступіў старшыня Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец, шэрагу асоб былі ўручаны пасведчанні “Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці”. Адбыўся і канцэрт лепшых аматарскіх калектываў рэгіёна. У ім прынялі ўдзел каля 900 выканаўцаў. Поруч з самадзейнымі аркестрамі і гуртамі перад удзельнікамі свята выступілі Дзяржаўны ансамбль “Песняры”, ансамбль народнай музыкі “Бяседа” і Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”.

Віцебшчына

18 студзеня ў Канцэртнай зале “Віцебск” адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя вобласці. З юбілеем прысутных павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка.

Як паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, у справаздачным канцэрце майстроў мастацтваў Віцебшчыны прынялі ўдзел каля 100 выканаўцаў і калектываў — прадстаўнікі культуры большай паловы раёнаў і гарадоў рэгіёна. Сярод іх — заслужаныя гурты “Зорка”, “Піруэт”, “Паазер’е”, народныя ансамблі “Крыніцы”, “Гульбічы”, узорны дзіцячы калектыў “Візаві”, аркестры музычных вучылішчаў, салісты абласной філармоніі...
Быў прадэманстраваны дакументальны фільм “Віцебшчына юбілейная”, створаны з нагоды свята “Белвідэацэнтрам”. А ў фае Канцэртнай залы “Віцебск” адкрылася выстаўка тавараў мясцовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі і майстроў народнай творчасці з усіх дамоў рамёстваў вобласці…
Яшчэ 16 студзеня ў абласным краязнаўчым музеі адкрылася мастацкая выстаўка, прымеркаваная да юбілею вобласці. У экспазіцыі прадстаўлены творы з музейнага фонду, па якіх можна прасачыць гісторыю Віцебшчыны з сівой даўніны да нашых дзён. А музей сучаснага мастацтва прапанаваў аматарам жывапісу выстаўку работ сучасных мастакоў.
Натуральна, святочныя мерапрыемствы ладзяцца не толькі ў Віцебску. У кожным раёне, у кожным аграгарадку рэгіёна музейшчыкі, бібліятэкары і клубныя работнікі праводзяць гэтымі днямі выстаўкі, абменныя канцэрты, іншыя юбілейныя мерапрыемствы.


Гомельшчына


Афіцыйная дата стварэння вобласці — 15 студзеня 1938 года. У гэты дзень была прынята Пастанова Вярхоўнага Савета СССР “Аб змяненні і дапаўненні артыкулаў Канстытуцыі СССР пра ўвядзенне ў БССР абласнога адміністрацыйнага дзялення”. У выніку на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны ўзніклі Гомельская і Палеская вобласці, якія аб’ядналіся ў 1954 годзе...
15 студзеня ў Палацы Румянцавых-Паскевічаў адкрылася выстаўка, прысвечаная 70-годдзю Гомельшчыны. Экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў і распавядае пра найбольш важныя гістарычныя падзеі рэгіёна, знакамітых людзей, прамысловы і культурны патэнцыял вобласці. Фотаматэрыялы, дакументы, творы культуры і мастацтва ўвасабляюць гісторыю і сённяшні дзень кожнага раёна Гомельшчыны.
У палацава-паркавым ансамблі 15 студзеня адкрылася і экспазіцыя жывапісца з Рэчыцы Аляксандра Ісачова. Выстаўка будзе працаваць два месяцы...
Урачысты сход і канцэрт, прысвечаныя юбілею вобласці, ладзіліся 18 студзеня ў грамадска-культурным цэнтры Гомеля. У сходзе і святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел прадстаўнікі Чарнігаўскай, Жытомірскай, Бранскай абласцей, дэлегацыі Кіева і Паўднёва-Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы, з якімі ў Гомельскай вобласці наладжаны даўнія і трывалыя гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі.
З нагоды 70-годдзя Гомельшчыны выдаецца сувенірная брашура “Пашпарт Гомельскай вобласці”, пройдуць чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху, абласная спартакіяда кіруючых работнікаў. У лютым, таксама ў рамках юбілейных святкаванняў, стартуе конкурс “Лепшая маладая сям’я вобласці”. У планах — правядзенне этнаграфічнай выстаўкі ў Веткаўскім музеі народнай творчасці, паэтычных вечарын і літаратурных чытанняў.