Апошняе казанне

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Не стала Міхаіла ДРУЖЫНЫ
Сумная вестка — бы чорны плашч, якім так любяць ахінацца оперныя героі. Але замест мефістофелеўскай чорнай дзіркі ў душы тут — цяжкі смутак. Мы развіталіся з Міхаілам ДРУЖЫНАМ — салістам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, удзельнікам Вялікай Айчыннай і проста вельмі светлым чалавекам, адданым мастацтву.

/i/content/pi/cult/454/9573/2-6.jpg

Міхаіл Афанасьевіч шмат у чым адпавядаў свайму прозвішчу: надзейны, безадмоўны, без аніякіх “зорнасцей”. І з абсалютна стабільным вакалам. Ён умеў ахоўваць — Радзіму, блізкіх і сяброў, свой голас. Ягоны бас чулі прыхільнікі оперы розных пакаленняў: у “Яўгеніі Анегіне”, дзе ён спяваў Грэміна, у “Іване Сусаніне”, дзе ён увасабляў галоўнага героя, у “Русалцы” (Млынар), “Хаваншчыне” (Дасіфей), “Князі Ігары” (Хан Канчак), “Залатым пеўніку” (Цар Дадон), “Арэстэі” (Агамемнан), “Фаўсце” (Мефістофель), “Севільскім цырульніку” (Дон Базіліа), “Дон Карласе” (Інквізітар), “Гальцы” (Стольнік), “Дон Жуане” (Камандор), у беларускіх операх — Аляксея Туранкова, Мікалая Аладава, Юрыя Семянякі, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага. Калі ў апошнія гады працы ў тэатры ён выходзіў Піменам у “Барысе Гадунове”, удзячная зала ўспрымала і яго самога як “жывы летапіс” тэатра: “Яшчэ адно, апошняе казанне…”.

Жыццёвы “летапіс” Міхаіла Дружыны скончаны. Творчы — жыве і пасля смерці…

Рэдакцыя "К"


Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам з выпадку смерці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь ДРУЖЫНЫ Міхаіла Афанасьевіча.

Фота Юрыя ІВАНОВА