Навагоднія кінасмяшынкі

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Ёсць навуковая, так званая афіцыйная гісторыя мастацтваў: кіно, цырка, тэатра. А ёсць тое, што захоўваецца адно ў памяці акцёраў, рэжысёраў, людзей іншых творчых прафесій: розныя падзеі, здарэнні, выпадкі. Часта — гумарыстычныя. На жаль, нідзе тое не фіксуецца, і жыве толькі пэўны час. Напярэдадні старога Новага года “К” адрасуе сваім чытачам такія вясёлыя згадкі

ХТО СТАЎСЯ ЛІШНІМ НА КІНАПЛЯЦОЎЦЫ

Сухумі, аксамітны верасень. Вялікі казачнік-рэжысёр Уладзімір Бычкоў здымае тут “Палёт у краіну цудаў”. Раніцай дысцыплінаваныя акцёры, “суправаджаючыя асобы” і здымачная група сядзяць у аўтобусе. Паводдаль у легкавіках чакаюць мясцовыя аматары кіно, каб суправаджаць групу да эўкаліптавага гаю, дзе ідуць здымкі, а ўвечары везці яе на пачастунак. І гэтак — кожны дзень.
У дзверцы заглядвае сам майстар і сурова патрабуе:
— Пабочным асобам, не занятым у здымках, пакінуць аўтобус!
Першымі падымаюцца мая жонка і дзеці, не занятыя ў здымках.
— Не, сядзіце! — камандуе Бычкоў.
— Прыляцелі з даждлівага Мінска — можаце там пагрэцца на пляжы.
Рушаць да выхаду маці дзяцей-акцёраў.
— Не! Там побач мора — хто ж будзе глядзець за малымі?! Вам — заставацца! — загадвае рэжысёр.
Спрабуе выйсці памочніца грымёра.
— Сядзі! — чуецца жорсткае распараджэнне. — Шмат акцёраў, твае рукі патрэбныя… Паўтараю: мы не паедзем, пакуль асобы, не занятыя ў здымках, не пакінуць аўтобус.
Пасажыры пераглядваюцца: хто ж тут “лішні”?
Жорсткі погляд Бычкова накіраваны на жонку мантажора фільма Вету Калядэнка. Яна збіралася ехаць, каб аберагчы рэжысёра ад хлебасольных “тутэйшых”, для якіх вялікі гонар пасядзець у застоллі з выдатным кінематаграфістам. Каб не затрымліваць ад’езд групы, Вета пакорна пакідае аўтобус.
Пасля здымак, канешне ж, адбыўся традыцыйны каўказскі “хлеб-соль”. Як і кожны дзень — да раніцы.Як і ўсе кінаказкі Бычкова, фільм атрымаўся выдатны. На жаль, гэта стала апошнім унёскам майстра ў беларускае кіно.

ШТО БЫЛО ЗАЛІШНІМ НА КІНАСТУДЫІ
Урэшце “Беларусьфільм” пераехаў з цеснага ўжо для яе Чырвонага касцёла ў новыя карпусы. Начальнік пажарнай аховы, які чамусьці сімпатызаваў мне яшчэ з часоў “Чырвонага лісця”, выпадкова сустрэўшы ў калідорах новай студыі, вадзіў мяне па сваіх шыкоўных службах. Пад ягоны расповед агледзеў я ўсю сучасную і дасканалую супроцьпажарную сістэму, гідранты, брандспойты, шчыты ва ўсіх павільёнах, штатны расклад трохзменнай пажарнай каманды. Асаблівы гонар у галоўнага пажарніка выклікала навюткая чырвоная аўтапажарка, якая красавалася ў цёплай “кішэні”між уваходамі ва ўсе тры павільёны. На сядзенні драмаў вадзіцель. У канцы агляду “экскурсавод” запытальна паглядзеў на мяне. Я павіншаваў яго, бо сапраўды былі прадугледжаны ўсе сродкі для прадухілення пажару, і хацеў ужо развітвацца. Але тут кіраўнік пажарнай службы цяжка ўздыхнуў, сумна паківаў галавой і з горыччу выціснуў:
— Але б ведалі вы, Валодзя, што яны толькі вытвараюць... эх!
— Яны — хто?
— Ну то хадзем, пакажу...
Зайшлі ў першы павільён. Дзяжурны пажарнік выцягнуўся перад начальнікам, коратка далажыў, што сітуацыя па-ранейшаму на мяжы катастрофы. Начальнік выразна глянуў на мяне і павёў далей.
За дэкарацыяй, якая нагадвала напаўразбураны свіран, стаяла каманда пажарнікаў с вогнетушыльнікамі, баграмі, з брандспойтамі пад напругай. Здымалася сцэна фільма “Масква — Генуя”, калі армія барона Врангеля пакідае Крым; афіцэры — вядомыя артысты Расціслаў Плят, Мікалай Яроменка, Эрнест Раманаў — паляць рэшткі царскіх грошай, у якіх ужо няма аніякай патрэбы. Пажарнік з нямым пытаннем глядзеў на мяне. А я стаяў, зачараваны добра прыдуманай сцэнай і тонкай ігрой майстроў экрана. Пажарнік, шукаючы ў мяне спачування, ціха запытаўся:
— Бачыце, што я н ы робяць?! Як тут можна спакойна працаваць?!Д
ля яго на кінастудыі ўсё складвалася добра, дык — каб вось яшчэ і здымак не было!
 

ПАДРЫХТОЎКА РЭКВІЗІТУ
“Пракляты ўтульны дом” — гістарычная меладрама. Складаецца спіс рэквізіту для наступных эпізодаў.
Рэквізіту няшмат, але ён павінен быць дакладным. Чую за спіной шэпт асістэнтак:
— Сама запытай у рэжысёра!
— Ён злуецца, калі надакучаюць падчас здымак…
Прыслухоўваюся ўжо з цікавасцю. Чуецца:
— Дык якой вагі павінны быць тыя шалі?
— Скуль я ведаю?! Кажу ж: запытайся ў Арлова сама! — пазнаю голас Аксаны.
У перапынку здымак нерашуча звяртаюцца да мяне:
— Якой вагі патрэбны шалі? — пытаецца Наталля, адказная за рэквізіт.
— Якія яшчэ шалі? — перапытваю, ведаючы, што ніякіх вагаў з шалямі ў новым аб’екце няма.
— Аксана кажа, што, па сцэнарыі, патрэбны шалі. Колькі ж іх патрэбна і якой вагі?Пераводжу запытальны погляд на Аксану і бачу, што ў яе вачах скачуць чарцяняты.
— Аксана кажа, што ёсць у сцэнарыі… — разгублена дадае Наталля.
— Як жа, — бязвінна лыпаючы вочкамі, тлумачыць Аксана, — вось жа ў сцэнарыі напісана: “Яшчэ пабяжыш да панначкі ў фальварак — заб’ю!”. І рэмарка: “Словы Шчапсі цяжкімі шалямі ўпалі на падлогу”.
Наталля не адразу ўцяміла, што Аксана яе “накалола”.

ШКОДНЫЯ ПОНЧЫКІ
Ідзе агучванне таго ж серыяла.Працуем над эпізодам, у якім Аляксандр Гарцуеў не заняты.
— Магу пайсці выпіць кавы? — адпрошваецца акцёр.
— Так, хвілін дваццаць у вас ёсць.
Ён з’яўляецца крыху раней з апухлай шчакой — і зусім не можа гаварыць.
Ледзь варочаючы языком, тлумачыць, што купіў пончык і, стоячы на ўваходных прыступках, адкусіў; не заўважыў, як на павідла села аса. Кусануў пончык разам з асой...
Агучвалі эпізод праз тыдзень.

* * *
Эпізод “Агляд вежы Дамініка царскімі драгунамі” ў тым жа серыяле здымаўся летам, у Любчы. Аднак тады Аляксандр Гарцуеў быў з тэатрам на гастролях, і зняць яго буйныя планы вырашылі калі-небудзь пазней. Зрабіць гэта будзе няцяжка — а таму адкладвалі, адкладвалі… Ужо мінула і восень, прыйшла зіма, трэба было, як гаворыцца, ліквідаваць “хвасты”. Знайшлі цагляны мур у Мінску, паставілі асвятленне, камеру, падрыхтавалі мікрафон. Але пры вымаўленні тэксту з рота артыста ішла пара.
Ужо і гаварыў ён ледзь чутна, і гарачы асвятляльны прыбор ставілі пад самы твар артыста — здрадніцкія “хухалкі” выляталі з рота. Што рабіць?! Прыйшлося артысту не гаварыць — адно шавяліць вуснамі, не дыхаючы. На агучцы сцэнарны тэкст уклаў дакладна ў артыкуляцыю.

* * *
Здымаецца пад Гроднам фільм “Годны да нестраявой”. Рэжысёр Рагавы патрабуе, каб у ранішнім тумане ўзнік конь, ды абавязкова шэры!
Ну не знайшлося ў бліжэйшых гаспадарках каня такога колеру…
Але ў кіно не можа быць паняцця “немагчыма”! Усё, нават чорны слон, калі патрабуе рэжысёр, павінна з’явіцца ў кадры!
Узялі нейкую клячу, дэкаратары пафарбавалі яе ў патрэбны колер — атрымлівай, рэжысёр!.. На экране бачыцца герою шэры конь, які ўзнікае з туману — і знікае ў ім… 

АХВЯРЫ КІНАВАЙНЫ
Здымаецца чарговы фільм пра вайну. Аляксандр Бяспалы з разлікам пры гармаце — на плыце сярод ракі. Вось пастралялі, пабамбілі, эпізод адзнялі, група хутка сабралася і… з’ехала. “Артылерысты” засталіся сярод ракі. Вакол — нікога. Заблішчэлі ўжо зоркі. Блізка ноч.— Была б гармата зараджана баявым снарадам — дальбог, пальнуў бы па гатэлі! — узгадвае акцёр.
А ў гатэлі павячэралі, адпачылі, селі гуляць у покер і — толькі тады спахапіліся, што не хапае партнёраў. Адміністратары паслалі машыну да ракі, а самі прадбачліва пазачыняліся ў нумарах…
Што было далей? Зробім, як у кіно, зацямненне...

АНЕКДОТ З ПРОЗВІШЧАМІ
Мой кінанастаўнік Ул.Корш-Саблін моцна прывязваўся да акцёраў, якіх ужо здымаў. Пачынаючы “Чырвонае лісце”, загадаў мне выклікаць на кінапробы Ларысу Сабалеўскую — актрыса іграла ў яго папярэднім фільме.
Я ўжо хацеў пайсці, але быў затрыманы заўвагай жонкі Карша:
— Валодзя, толькі цяпер яе прозвішча Кронберг.
— Калі хочаш ведаць, — кінуў Корш да жонкі, — яна з тым ужо разышлася і выйшла за Калатозішвілі.
— Мо прозвішча не паспела змяніць?
— А то мы Лорку не ведаем! — смяецца Корш і загадвае мне:
— Карацей, каб актрыса была выклікана.
У тэлеграме я, дзеля пэўнасці, напісаў ажно тры прозвішчы: “Сабалеўскай-Кронберг-Калатозішвілі”.
Актрыса прыехала і пабегла не ў грымёрку, дзе ўжо чакалі, а адразу да Карша — скардзіцца. Пасля проб майстар выклікаў мяне і, памахваючы тэлеграмай, пачаў “распякаць”. Праўда, вельмі далікатна, прыхоўваючы ўсмешку, — гумар настаўнік разумеў і цаніў.“Троепрозвішчная” артыстка пробы не прайшла: побач з такімі майстрамі, як Міхаіл Жараў ды Клара Лучко, яе, як кажуць, не было й відаць.

БЛЫТАНІНА ЛІЧБАЎ
Па маім сцэнарыі рэжысёр-сябра Мікіта Хубаў (усім вядомыя яго пазнейшыя пастаноўкі “Эскадрон гусараў лятучых”, “Здрадніца”, “Гульня ў браслеты”) здымае фільм “Святочны альбом”, прысвечаны 900-годдзю Мінска. Горад упрыгожаны, усюды красуюцца гэтыя лічбы. Але кідаюцца ў вочы і другія: “70 год Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі”. І пра гэтую падзею таксама, не менш, чым пра юбілей беларускай сталіцы, трубяць радыё і тэлебачанне, піша прэса; мільгаценне лічбаў.
Хубаў бярэ інтэрв’ю ў прахожых.Схіляецца з мікрафонам да хлопчыка:
— Ці ведаеш, з якой нагоды так упрыгожаны горад?
— Так! — упэўнена адказвае малое. — Дзевяцьсот год Вялікаму Кастрычніку!
Эпізод у фільм увайшоў, адурэлае ад прапаганды дзіця нязменна выклікала весялосцьу глядзельнай зале.

НАЙКАРАЦЕЙШАЯ ТВОРЧАЯ СУСТРЭЧА
Яна была запланавана так: Уладзімір Высоцкі падчас гастролей Тэатра на Таганцы ў Мінску сустракаецца з кінематаграфістамі.У Верхнюю залу тагачаснага Дома кіно (Чырвоны касцёл) набілася процьма народу. З вялікім спазненнем з’явіліся, падтрымліваючы адзін аднаго, той, дзеля каго сабраліся, і ягоны сябра — старшыня Саюза кінематаграфістаў БССР Віктар Тураў.
Гаспадар бярэ мікрафон, прапануе:
— Давайце неяк неафіцыйна, а так… па-таварыску… Задавайце Уладзіміру Сямёнавічу пытанні.
Высоцкі санлівым позіркам аглядаў залу. Далей адбылося ўсё дакладна з такой хуткасцю, з якой затраціце час на чытанне заклікаў Турава:
— Не, сапраўды… Мо якія пытанні да Валодзі?.. Давайце неяк гэтак, неафіцыйна… Дык што, пытанняў няма?
— Няма, — уздыхнуў Высоцкі. — Ім усё ясна, Віця.
Аўдыторыя недаўменна маўчала. Тураў падсумаваў:
— Ну, калі пытанняў няма, будзем творчую сустрэчу лічыць закончанай. Падзякуем Уладзіміру Сямёнавічу.
Хтосьці нерашуча запляскаў... А сябры, падтрымліваючы адзін аднаго, ужо рушылі да лесвіцы.
У той вечар спектакль “Гамлет” з удзелам Высоцкага быў адменены. Грошы за квіткі гледачам вярнулі.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр