Вось-вось абрынецца. Ці не?

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Як пачаць “Зваротны адлік” для сядзібы ў Грушаўцы, а не проста зацыраваць дзіры
Апублікаваўшы на нашых старонках артыкулы пра Тадэвуша Рэйтэна і лёс ягонай сядзібы (гл. “К” у №№ 11, 33, 34), арт-куратар Зміцер Юркевіч паабяцаў спрычыніцца да адраджэння котлішча гэтага роду ў Грушаўцы сваімі ўласнымі сіламі. І стрымаў слова. Пасля суботніка, зладжанага разам з прадстаўнікамі калектыву нашай рэдакцыі, а таксама чарговага фэсту “Дах”, што прайшоў непасрэдна ў той невялікай вёсцы, распачаліся работы і ўласна па кансервацыі помніка спадчыны.

/i/content/pi/cult/454/9562/4-3.jpg

Усе тыя захады “К” падрабязна асвятляла на сваіх старонках (гл. № 34). Такая ўвага менавіта да гэтага аб’екта — невыпадковая, улічваючы і яго несумненную гісторыка-культурную значнасць, і цяперашні стан — таксама, на жаль, несумненны. А таксама — наяўнасць шчырай ініцыятывы, якую грэх не падтрымаць.

Напярэдадні першага снегу ў сядзібе прайшлі некалькі суботнікаў, прызначаныя паставіць лагічную кропку пачатковага этапа яе рэвіталізацыі. Не ў адзін з іх сваю сціплую лепту ўнёс і карэспандэнт “К”.

 

Дажыць да вясны

Прыземістая камянічка праваруч ад грушаўскага палаца выглядае надзвычай сціпла, але... Не ўсё тое золата, што блішчыць, — і, натуральна, наадварот. Гэта — звышкаштоўны гістарычны артэфакт, адзіная пабудова сядзібы, муры якой памятаюць самога Тадэвуша Рэйтэна. Больш за тое: у іх прайшлі апошнія гады ягонага трагічнага жыцця. Але сёння куды важней іншае: менавіта “мураванка” займае першую пазіцыю ў “групе рызыкі” з усяго занядбанага ансамбля. Падняўшыся на яе паддашак, разумееш гэта яшчэ больш выразна: будынак рассыпаецца літаральна ад лёгкага дотыку рукі!..

...Кажуць, усё пачалося з навальніцы, якая паваліла на дах дрэва. Напачатку прабоіна была невялічкай, але, згодна з усімі законамі фізікі, яна стала імкліва шырыцца ў памерах. Гонта струхлела, гніль паступова ахоплівае ўжо і мажныя кроквы… Дакрануўшыся рукой да “аголенай” кладкі, адчуваеш, як рарытэтная цэгла-пальчатка проста трушчыцца ў друз, слой за слоем. І вось, будынак, які прастаяў больш за тры стагоддзі, пераўтварыўся амаль у руіну — літаральна за лічаныя гады!

Адпаведна, нават не паўставала пытання, з чаго пачынаць “воз працы”. Мэты сёлетняй талакі былі сціплыя: першасныя меры па кансервацыі “мураванкі”, якія дазволяць ёй перажыць зіму. Такія захады трапляюць у катэгорыю супрацьаварыйных работ і не патрабуюць удзелу спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі і дазволу Міністэрства культуры краіны. Толькі — чыёйсьці ініцыятывы: прыйшоў ды рабі!

Праца пачалася з расчысткі даху ад гнілля: яно, як вядома, мае біялагічную ўласцівасць множыцца і спрыяць далейшаму руйнаванню. І, да таго ж, уяўляе небяспеку для цікаўных наведвальнікаў. Варта было толькі дакрануцца да некаторых кавалкаў шыферу, як яны самі ахвотна валіліся долу…

Нашымі намаганнямі на даху была ўстаноўлена вялізная “латка” з дошак і рубероіду. Матэрыялы, вядома, — не самыя трывалыя, але калі “Хаўер” ізноў не здарыцца, да вясны гэтая канструкцыя дакладна пратрывае. Балазе рабілася ўсё максімальна грунтоўна: для часовай кансервацыі.

Яшчэ больш сур’ёзная канструкцыя была ўсталявана па-над тым рэдкім аб’ектам з “арэалу Рэйтанаў”, што знаходзіцца за межамі Грушаўкі: каплічкай на ляхавіцкіх могілках. Здаецца, яе “брыль” ужо амаль вісіць у паветры і вось-вось абрынецца: настолькі моцная эрозія кладкі апорных калон... Зміцер Юркевіч і энтузіясты з саміх Ляхавічаў Ігар Гавіна ды Алег Балаш пакрылі яе часовым дахам — насцілам з дошак. Выгляд, канешне ж, ужо не той рамантычны, як быў раней (напаўзруйнаваную капліцу на пагосце бачыў не раўнуючы кожны, хто прыязджаў у гарадок), але ейныя шанцы дажыць да вясны істотна павялічыліся.

Дазвол на правядзенне работ у дадзеным выпадку таксама не быў патрэбны: адна з нешматлікіх ляхавіцкіх згадак пра Рэйтанаў, якія зрабілі для гарадка вельмі шмат, на сёння не мае статуса каштоўнасці.

...Цалкам можа здарыцца, што нашчадкі пашкадуюць пра нашу нядбайнасць: сёння вунь аднаўляюць з нуля страчаныя помнікі. І таму гісторыя “мураванкі” мусіць стаць павучальным урокам, асабліва ў Год беражлівасці.

Лёс камяніцы магла паўтарыць і колішняя спіртоўня, на даху якой таксама ўтварылася невялікая (пакуль) дзірка. Удзельнікі талакі “зацыравалі” яе такім самым спосабам. Але чытачы нашага грушаўскага “серыяла” памятаюць, што зрабіць гэтую нескладаную работу яшчэ ўвесну абяцалі “адказныя асобы” з тагачаснага яшчэ аддзела культуры.

“Прадсядацель дык прадсядацель!”

Паступова вакол сядзібы ў Грушаўцы выбудоўваецца кола неабыякавых людзей — няхай сабе пакуль і невялікае. Напрыклад, Уладзімір Варанец — прафесійны рэстаўратар будаўнічай спецыяльнасці. Родам ён з тых мясцін і даўно марыць пра іх адраджэнне. Гэтым разам выступіў у ролі прараба, кіруючы стварэннем канструкцыі часовага даху з дошак і рубероіду.

Сярод актыўных удзельнікаў талакі быў і старшыня Начаўскага сельвыканкама (Грушаўка да яго прыналежыць) Вячаслаў Новік. Прычым удзел гэты быў зусім не намінальны. Ужо немалады, але рухавы мужчына шпарка караскаўся па драбінах з трохметровай дошкай пад пахай і адважна балансаваў на хісткім карнізе. Мне, куды маладзейшаму, было ажно сорамна!

Вячаслаў Аляксандравіч і сапраўды ўжо мае пенсійны век. Усё жыццё адпрацаваў у праваахоўных структурах. Ды і пасаду старшыні сельвыканкама не назаве сінекурай ніхто і нідзе: клопатаў — поўны кош, а магчымасцей ды паўнамоцтваў — кот наплакаў... Тым не менш, ён ахвяраваў на суботнік увесь свой выхадны, без “перакураў” і нават абеду!

Увесь час думаў задаць яму пытанне: чаму і навошта? Але за цэлы дзень так і не наважыўся. Бо цалкам зразумела, што ў дадзеным выпадку яно было рытарычным. Як гэта навошта? На нашай зямлі знаходзіцца такая адметнасць — дык каму, як не нам, належыць яе ратаваць?

— Гэта ж той самы дом, у якім жыў сам Тадэвуш Рэйтэн! — з “прыдыханнем” кажа ён пра лядашчую “мураванку”.

Старшыня мясцовай гаспадаркі, які таксама прыехаў “на шумок”, такі піетэт не падзяляе — мяркуючы, прынамсі, па выразе ягонага твару. Маўляў, што тут за хараство такое... Відавочна, пазіцыі дзвюх галін “улады на месцах” па гэтым пытанні не супадаюць, што, на жаль, — характэрны выпадак. Прыкладам, гады тры таму ў Камянецкім раёне адбылася цікавая калізія: старшыня сельвыканкама ініцыявала наданне сядзібнаму комплексу статуса каштоўнасці, а старшыня гаспадаркі, дачуўшыся пра тое, хуценька знёс адну з яго частак — пакуль не прыйшлі дакументы...

Каб парукацца з калегам, Вячаславу Аляксандравічу давялося спускацца з карніза “мураванкі” па драбінах. Ён не стаў ні ў чым пераконваць суразмоўцу — адно папрасіў трактар з прычэпам, каб пагрузіць на яго ўсё зрынутае з даху гніллё. І старшыня СВК не адмовіў.

Прыкладна так пакуль і вырашаюцца пытанні ў Грушаўцы: я папрасіў, ну а ты ж — зямляк... Вось і ляхавіцкія пажарнікі аказалі “спонсарскую дапамогу” ў выглядзе высокіх драбін і спецтранспарту для яе дастаўкі. Вячаслаў Новік марыць: нам бы яшчэ аўтавышку! Але тут жа дадае: ніхто яе ў раёне задарма не дасць.

Многія начальнікі самага рознага ўзроўню лічаць, што дыстанцыю паміж імі ды “простым людам” належыць усяляк падкрэсліваць. Выглядаць паважна, насіць гальштук і "дыпламат"... Але прыклад Вячаслава Аляксандравіча сведчыць за тое, што рэпутацыю трэба здабываць зусім іншым спосабам.

— Вой, ты глядзі, гэта ж сам Новік там робіць! — перагаворваліся цікаўныя грушаўскія бабулі. — Ну, я табе кажу, гэта ён! Упершыню такое бачу. Во гэта прадсядацель дык прадсядацель!..

На жаль, іхнія дзеці ў той самы час займаліся нечым іншым.

Арт-дырэктар суботніка

Папрацаваўшы ў Грушаўцы з ранку да вечара, можна было паназіраць за тым, як праходзіць дзень жыцця закінутай сядзібы. Машыны пад’язджалі да яе не радзей чым раз на гадзіну — і свае, ляхавіцкія, і з мінскімі нумарамі. Завітала група веласіпедзістаў — пад час чарговай “пакатушкі” з гісторыка-культурным ухілам. Прыехалі тэлевізійшчыкі ў пошуку цікавых сюжэтаў... Дзятва гуляла ў палацы ў хованкі. Адным словам, сядзіба — жыве. Проста пазабіваць яе вокны і дзверы — гэта паўмера. Прычым, як сведчыць досвед, часовая. Вельмі часовая: хіба на пару тыдняў. Бо тут яўна патрэбна нешта большае.

Самы цікавы эпізод — гэта імправізаваны канцэрт ля той самай “мураванкі”. Нешматлікая мясцовая публіка слухала прывезены з Мінска акардэон, у той самы час як працоўная група пад гэтыя чароўныя гукі стукала малаткамі: светлавы дзень гэтай парой надта кароткі, і тое не дазваляе рабіць хоць якія паўзы.

Ролю арт-дырэктара суботніка ўзяла на сябе легендарная ў сталічных колах асоба, вядомая пад імем Алена Генадзьеўна, якой даўно ўжо пара ўручыць прыз “Лепшы глядач”: рэдка якую вартую ўвагі імпрэзу ў Мінску яна прапускае. Дзякуючы ейнаму імпэту ў мінулыя выхадныя непасрэдна ў “мураванцы” адбыўся канцэрт маладой зоркі бардаўскай песні Паліны Рэспублікі. Але куды важней тое, што мясцовая дзятва добра навучылася танчыць паланэзы. Алену Генадзьеўну дзятва ў Грушаўцы заўсёды чакае!

Іншая руплівіца — баранавіцкая мастачка Святлана Бадак — здолела заахвоціць малых прыбраць смецце з палаца ды яго ваколіц. Набілася шэсць-сем вялікіх пакетаў! Адпаведна, ключ да сэрца мясцовых жыхароў ужо знойдзены.

— Скажыце, а яшчэ канцэрт будзе? — сціпла запытвалі дзецюкі, праходзячы міма. — А вось той фестываль, што быў улетку, ці пройдзе ў наступным годзе?..

Зміцер Юркевіч перакананы ў тым, што працяг будзе. Ён ужо плануе цэлую праграму разнастайных мерапрыемстваў на наступны год — пасля таго, як растане снег, які на тэрыторыі сядзібы, вядома ж, ніхто не прыбірае. Галоўная задача — зрабіць стацыянарны дах для “мураванкі” з дапамогай архітэктараў-валанцёраў. А таксама прадоўжыць высілкі па папулярызацыі роду Рэйтэнаў.

Хочацца спадзявацца, што чысты энтузіязм займее таксама і нейкае юрыдычнае вымярэнне — скажам, у выглядзе дабрачыннага фонду, як тое ўжо здарылася ў Любчы ды Крэве. Але яшчэ больш хочацца спадзявацца на актыўнейшую падтрымку гэтых пачынаў з боку раённых улад — хаця б нават на ўзроўні аўтавышкі і матэрыялаў. Бо пакуль што дошкі ды рубероід энтузіясты куплялі за свае кроўныя.

Урэшце, і яшчэ адзін вынік года. У згаданым артыкуле Зміцер Юркевіч пісаў пра тое, што постаць Тадэвуша Рэйтэна забытая нашымі сучаснікамі. На шчасце, цяпер гэта ўжо не так — пасля нядаўняга эфіру тэлефільма з цыкла “Зваротны адлік”, які паглядзелі мільёны гледачоў. Кіно, як кажуць, атрымалася, ды і сам праект, бясспрэчна, — выдатны. Вось толькі, лакацыі, у якіх адбываліся гістарычныя пастаноўкі, былі, на жаль, да болю пазнавальнымі, нягледзячы на ўсе старанні рэжысёра: Мірскі замак, Лошыцкая сядзіба... У цяперашняй Грушаўцы “XVIII стагоддзе” не здымеш — як і ў большасці іншых маёнткаў.

Ствараючы перспектыўны план адраджэння сядзібы Рэйтэнаў, Зміцер Юркевіч прывёў цэлы спіс яе магчымых новых функцый. Адна з іх — менавіта пляцоўка для здымак гістарычнага кіно. А што, і праўда: экранізаваць таго ж Караткевіча за межамі Беларусі ў часы незалежнасці будзе ўжо проста сорамна.

Мінск — Ляхавіцкі раён — Мінск