А вы з якой эпохі?

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

З друку выйшлі два тамы нотнага зборніка “Музыка Беларусі эпохі Рамантызму”. Апошні, трэці том, які з’явіцца праз нейкі час, завершыць цыкл нотных хрэстаматый, прысвечаных старадаўняй музыцы Беларусі, пачынаючы з Сярэднявечча. Гэтыя нотныя зборнікі выходзілі адзін за адным на працягу апошніх трох гадоў. Усе іх падрыхтавала доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга ДАДЗІЁМАВА, вядомая сваёй шырокай асветніцкай дзейнасцю.

 /i/content/pi/cult/144/956/Muzyka1.jpg
— Гэтай працай, — расказала Вольга Уладзіміраўна, — хацелася закласці падмурак нашага далейшага паглыблення ў старадаўнюю музычную культуру Беларусі. Вельмі важна, каб для ўсеагульнага карыстання былі даступны не толькі разнастайныя тэарэтычныя матэрыялы (а іх за апошняе 15-годдзе друкавалася багата), але і нотныя. Бо тэарэтычныя, гістарычныя распрацоўкі — гэта ўсё ж-такі чыйсьці погляд на тую музыку. А патрэбна, пагадзіцеся, і сама музыка! Прычым у такім выглядзе, каб гэтымі нотамі маглі карыстацца і прафесіяналы, і студэнты, і аматары — іншымі словамі, усе, каму неабыякавая гісторыя нашай нацыянальнай культуры.
— Мне самой не раз даводзілася быць сведкай выпадкаў, калі аповеды пра нашу даўніну суправаджаліся далёка не адпаведнымі музычнымі матэрыяламі — у тым ліку аўтарскімі песнямі пра тую самую даўніну.
— Гэтыя зборнікі якраз і пракладаюць шляхі да далейшага адкрыцця і спазнання музычных помнікаў мінуўшчыны.
— Але ж ці папраўдзе яны агульнадаступныя? Бо тыражы кожнага з іх не проста маленькія, а, можна сказаць, мізэрныя — ад 150 да 300 асобнікаў.
— Колькасць асобнікаў, думаю, не заўсёды можа лічыцца галоўным паказчыкам даступнасці таго ці іншага выдання. Галоўнае — да каго гэтыя асобнікі ў выніку трапяць.
— І да каго?
— Кожны з тамоў размяркоўваўся, найперш, па ўсіх музычных вучылішчах рэспублікі. Прычым не на платнай аснове: гэта быў падарунак Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якая і выступіла выдаўцом гэтых зборнікаў. Гэтак жа бясплатна нотныя дапаможнікі рассылаліся па бібліятэках.
Што ж, азначэнне “дапаможнік” папраўдзе адпавядае гэтаму выданню. Бо кожны са зборнікаў пачынаецца надзвычай грунтоўнымі артыкуламі В.Дадзіёмавай, дзе даюцца так званыя “кароткія нарысы” гісторыі музычнай культуры Беларусі, а таксама навукова вывераныя звесткі пра кампазітараў. У дадатак да кожнага тома прыкладаецца таксама кампакт-дыск з музычнымі запісамі. У выніку, з цікавасцю перагарнуўшы-перайграўшы-пераслухаўшы ўсе сем тамоў (адзін — Сярэднявечча і Рэнесансу, другі — барока, яшчэ два — класіцызму і тры — рамантызму), можна будзе “знаўцам звацца”. Ну, а пра тое, што гэтымі кнігамі зацікавіліся творцы, сведчыць ужо тое, што іх афармленнем займалася кампазітар Іна Аслёзава, якая выступіла… мастаком вокладкі.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ