Установа культуры: пошукі рэцэпту запатрабаванасці

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

На пытанні чытачоў і журналістаў “К” адказвае сенатар Святлана САРОКА
12 лістапада ў рэдакцыі нашай газеты прайшла традыцыйная “гарачая лінія” з удзелам члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктара Палаца культуры Маладзечна Святланай САРОКА. Як і паведамлялася, сустрэча была прысвечана праблемам у сферы рэгіянальнай культуры, выяўленым пад час сёлетняга аўтатура нашых журналістаў па ўстановах культуры ўсіх абласцей рэспублікі. Замест адной анансаванай гадзіны гаворка цягнулася ажно тры. Пытанні чытачоў, дасланыя па электроннай пошце, зададзеныя па тэлефонах і з дапамогай сацыяльных сетак, мы вырашылі змясціць асобнымі блокамі.

/i/content/pi/cult/454/9558/10-6.jpg

Яўген РАГІН:

— Святлана Рыгораўна, рэдакцыя ўдзячная, што вы аператыўна адгукнуліся на нашу просьбу паўдзельнічаць у “гарачай лініі”. Мы ведаем пра вашу выніковую працу і ў якасці кіраўніка адной з найбуйных у рэспубліцы ўстаноў культуры, і ў якасці сенатара… Ваш Палац па-ранейшаму выдае сваю газету?

Святлана САРОКА:

— Так. Справа ў тым, што ў за мінулы год прайшло ці не 500 мерапрыемстваў, з іх звыш сарака — міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню. Мясцовы друк пра кожную падзею распавесці проста не здатны. Робім гэта самі. Добрая і пастаянная рэклама яшчэ нікому не пашкодзіла.

Яўген РАГІН:

— Занятак законатворчасцю не замінае творчай працы?

Святлана САРОКА:

— У адрозненне ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, мы — неадрыўныя ад асноўнай працы. Так што колькасць мерапрыемстваў у нас не зніжаецца. Хоць клопату хапае і ў Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. У мяне — тры раёны: Стаўбцоўскі, Валожынскі і Маладзечанскі. Таму іншым разам і выхадных няма…

Яўген РАГІН:

— Ці адчуваеце ўплывовасць і дзейснасць сваёй працы ў Пастаяннай камісіі?

Святлана САРОКА:

— Лічу, што майго аўтарытэту і досведу для гэтага хапае. І да рэспубліканскіх “Дажынак” мы здолелі пабудаваць у Маладзечне канцэртную пляцоўку больш чым на дзве тысячы месцаў, якая размяшчаецца ў цэнтры горада. Я вельмі ўдзячная, што да мяне прыслухаліся тагачасны губернатар, Мінскграмадзянпраект, будаўнікі. Цяпер пляцоўка дзейнічае з мая да сярэдзіны кастрычніка… Але не падумайце, што імкнуся дапамагчы толькі роднаму гораду.

Яўген РАГІН:

— У чым, на ваш погляд, асноўныя праблемы рэгіянальнай культуры?

Святлана САРОКА:

— Для таго, каб быць запатрабаванай, установа культуры змушана пастаянна набываць навінкі тэхнічнага абсталявання. А дадатковае фінансаванне — заўжды праблемнае. Дзеючыя тыпавыя штаты клубных устаноў, метадычных цэнтраў былі зацверджаны ў 1996 годзе, і яны, натуральна, не адпавядаюць сучасным патрабаванням А работнікам культуры сёння трэба займацца інфармацыйна-аналітычнай работай, а таксама — методыкай, рэкламай, маркетынгам, абслугоўваннем гука-, святла-, відэакомплексаў.

Кастусь АНТАНОВІЧ:

— Менавіта з гэтымі праблемамі нам і даводзілася сутыкацца пад час нашага аўтатура па абласцях Беларусі. Я дадаў бы да пералічанага вамі шэрагу і кадравы дэфіцыт. Заробак у маладых спецыялістаў — мізэрны. Жыллём іх не надта забяспечваюць і ў горадзе, і на вёсцы…

Святлана САРОКА:

— Галоўны фактар, які ўплывае на стан забяспечанасці ўстановы культуры маладымі спецыялістамі, — невялікая заработная плата і немагчымасць забяспечыць іх пражываннем. На жаль, сярэдняя зарплата ў сферы культуры застаецца адной з самых нізкіх сярод галін народнай гаспадаркі і склала ў 2013 годзе 2,5 млн. рублёў.

Мы ў сябе гэтае пытанне збольшага вырашылі: і заробкі маладым за кошт пазабюджэту павышаем, і ў жыллі яны не маюць патрэбы… Я ўпэўнена, што агульнарэспубліканскую праблему вырашаць трэба наступным чынам: спачатку дасканала прааналізаваць працэсы міграцыі маладых спецыялістаў, зрабіць высновы і сфарміраваць на іх падставе дзейсную кадравую палітыку. У адваротным выпадку, нашы маладыя калегі пойдуць у камерцыю...

Кастусь АНТАНОВІЧ:

— І, на жаль, не толькі маладыя…

Святлана САРОКА:

— Так, вельмі важна не згубіць прафесійныя кадры. Хачу прывесці два яскравыя прыклады. У свой час у Маладзечне была адзіная ў краіне фабрыка музычных інструментаў. Сёння на яе аснове працуе невялікае прыватнае прадпрыемства. А вось у Барысаве, дзе доўгі час працавала адзіная фабрыка па выпуску фартэпіяна, на дадзены момант няма ні вытворчасці, ні каштоўных спецыялістаў. А прафесіяналы ж з ніадкуль не з’яўляюцца. Таму, баюся, неўзабаве ўстановы культуры сутыкнуцца з вострай праблемай камплектавання тымі ж музычнымі інструментамі…

Яўген РАГІН:

— Пад час аўтавандроўкі мы пабывалі летам і на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Заямнае. Дык вось там тры гады таму згарэў клуб. Яго ўзнаўляе прыватнік з мэтай стварыць у ім культурна-забаўляльны комплекс. Але будоўля была “замарожана”. Мы разумеем, што да Стоўбцаў — рукой падаць. Але мясцовая моладзь не жадае хадзіць у клуб за тры кіламетры, а свайго — пакуль няма. Вельмі хацелася б, каб вы паўплывалі на сітуацыю, бо Заямнае — аграгарадок…

Святлана САРОКА:

— У Заямным я была неаднаразова, аднак ніхто не звярнуўся да мяне з гэтым пытаннем. Вельмі актыўны там старшыня сельсавета, а таксама старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама. Пры сустрэчы я абавязкова ўзніму гэтае пытанне: разумею, што і моладзі, і яе бацькам, канешне ж, больш зручна мець Дом культуры ў сваім аграгарадку.

Яўген РАГІН:

— Ведаю, у асобных раёнах існуе практыка, калі флагманы сферы культуры выконваюць не толькі свой план аказання платных паслуг, але яшчэ і за некалькі арганізацый…

Святлана САРОКА:

— Я падтрымліваю раённых кіраўнікоў сферы культуры, якія асабіста вызначаюць планы аказання платных паслуг сярод устаноў, разумеючы, што адзін сельскі клуб, куды ходзяць, умоўна кажучы, тры бабулі, ніколі не выканае план і на 105 працэнтаў, а іншы, для якога набыта сучаснае абсталяванне, дзе маецца шыкоўная глядзельная зала, без цяжкасцей зможа ці не ўдвая павялічыць мінулагоднія паказчыкі. Словам, у гэтай справе важныя аб’ектыўнасць і разумны падыход.

Яўген РАГІН:

— Не магу не закрануць пытанне аптымізацыі. Ці шмат у вашым “падшэфным” рэгіёне знікла ўстаноў культуры?

Святлана САРОКА:

— Канкрэтную лічбу нельга прывесці, бо працэс аптымізацыі яшчэ не завяршыўся... У сувязі з аптымізацыяй сеткі публічных бібліятэк, звязанай з памяншэннем колькасці сельскага насельніцтва, назіраецца штогадовае скарачэнне колькасці бібліятэчных устаноў. У маланаселеных пунктах закрываюцца сельскія бібліятэкі, або працуюць на 0,5 і 0,25 стаўкі.

Гэты працэс неадназначна ўспрымаецца як работнікамі ўстаноў культуры, што закрываюцца, так і жыхарамі тых населеных пунктаў, дзе адбываюцца гэтыя працэсы. У сувязі з гэтым, значна павялічваецца плынь зваротаў-скаргаў у розныя інстанцыі. Ні для каго не сакрэт, што для забеспячэння жыхароў такіх вёсак паслугамі культуры арганізавана работа аўтаклубаў і бібліобусаў. Нельга назваць гэта раўнацэннай заменай, аднак у дадзеным выпадку ўсё залежыць ад граматнай арганізацыі працы. Тым больш, аўтабібліятэкі, як паказала практыка, з’яўляюцца вельмі эфектыўнай і дзейснай формай абслугоўвання насельніцтва... Разам з тым, існуюць пэўныя цяжкасці: у сваёй большасці аўтамабілі не маюць як бібліятэчнага, так і тэхнічнага абсталявання. Літаратура перавозіцца ў скрынках, што ўскладняе працу з ёй…

Кастусь АНТАНОВІЧ:

— Наколькі рэальна сельскай установе культуры змяніць сваю назву на, скажам, Дом лозапляцення?

Святлана САРОКА:

— А чаму б і не? Гэта новыя тыпы клубных устаноў. У краіне маецца шмат добрых прыкладаў. Ужо даўно дзейнічаюць дамы фальклору, этнаграфічныя ўстановы. Усё залежыць ад мясцовых культурных традыцый ды ініцыятывы работнікаў культуры.

Кастусь АНТАНОВІЧ:

— Ці не ва ўсім свеце ўстановы культуры актыўна карыстаюцца магчымасцямі фінансавання сваіх праектаў праз гранты. А што ў гэтым плане робіцца ў нас?

Святлана САРОКА:

— Айчынныя ўстановы культуры могуць прыняць удзел як у конкурсе мясцовых, раённых грантаў, так і рэспубліканскіх, а таксама міжнародных. У маім родным раёне ўстановы культуры і нават калектывы неаднаразова атрымлівалі гранты на вырашэнне транспартных пытанняў, тэхнічнае абсталяванне. Гэта вялікая падтрымка, стымул для развіцця. А вось да міжнародных грантаў айчынныя ўстановы культуры звяртаюцца з насцярогай, у тым ліку з-за асаблівасцей афармлення дакументаў. Як адзначыў мой калега з Польшчы, у краінах Еўрасаюза дзейнічаюць і запатрабаваны фірмы, якія на платнай аснове аказваюць паслугі па афармленні дакументаў, бо скласці поўны пакет дакументаў без вопыту, самастойна вельмі праблематычна.

Яўген РАГІН:

— Далікатнае пытанне. Не прынята казаць услых, колькі ў краіне сем’яў, дзе жонка — супрацоўнік Дома культуры, распалася з-за працы. Хто, як не вы, разумее, што ім часам даводзіцца суткамі працаваць у сваіх установах, каб як след падрыхтавацца да мерапрыемства…

Святлана САРОКА:

— Калі чалавек вырашае працаваць у культуры, то павінен разумець спецыфіку працы. Гэтае ж мусіць разумець і той, хто хоча стварыць з ім сям’ю. Мы працуем, каб іншыя адпачывалі. А таму даводзіцца быць ва ўстанове і па вечарах, і ў выхадныя дні. Многія не разумеюць гэтага. Часам і мне даводзілася чуць такія скаргі ад мужоў супрацоўніц нашай установы.

Кастусь АНТАНОВІЧ:

— Пад час нашага аўтападарожжа па рэгіёнах краіны звярнуў увагу на афармленне шыльдаў з найменнямі ўстаноў культуры: шмат дзе была прадстаўлена толькі руская мова. Што на гэты конт кажа заканадаўства?

Святлана САРОКА:

— Раней пры афармленні шыльдаў дзяржаўных устаноў заканадаўства прадугледжвала выкарыстанне абедзвюх моў паралельна. Сёння можна выкарыстоўваць адну з іх на выбар. Я лічу, што ўсе шыльды павінны афармляцца на беларускай. І не толькі ўстаноў культуры. Хто, як не мы, работнікі культуры, прадстаўнікі СМІ, будзе захоўваць родную мову? Як тут не прыгадаць словы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча: “Няма мовы — значыць, ты без роду, няма мовы — значыць, ты нямы…”.

 

Пытанні з электроннай пошты і сацыяльных сетак

— Некалькі гадоў працую ў сферы культуры на Віцебшчыне. Рэгулярна ўдзельнічаю ў раённых семінарах. Але ж хацелася б пазнаёміцца і з вопытам іншых абласцей. Наколькі пашырана практыка такіх маштабных міжрэгіянальных мерапрыемстваў?

Святлана САРОКА:

— Так, сацыяльна-культурную дзейнасць у сучасных умовах нельга ўявіць без інавацый, крэатыўных ідэй, новых тэхналогій і методык. Магу сказаць, што Мінская вобласць вядзе актыўны культурны дыялог з рэгіёнамі рэспублікі. Удзельнікі апошніх семінараў пазнаёміліся з дзейнасцю дамоў культуры і цэнтраў рамёстваў, актыўна ўдзельнічалі ў інтэрактыўных занятках, “круглых сталах”, абмяркоўвалі тэндэнцыі ды перспектывы развіцця народнай творчасці. На абласным узроўні праводзяцца саветы дырэктараў метадычных цэнтраў, абласныя семінары-практыкумы з выездамі ў рэгіёны, творчыя лабараторыі для кіраўнікоў калектываў, а таксама майстар-класы дзеячаў культуры і мастацтва пад час правядзення фестываляў і конкурсаў…

— Некаторыя начальнікі аддзелаў ставяць пытанне аб немэтазгоднасці надання статуса юрыдычнай асобы ўстановам культуры, якія ўваходзяць у склад аддзела...

Святлана САРОКА:

— Згодна з Указам Прэзідэнта ад 23 кастрычніка 2006 года № 631 “Аб структуры, функцыях і колькасці работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў”, у структуры аддзела могуць быць сектары і групы. Іншых структур не прадугледжана. Стварэнне асобных устаноў з правам юрыдычнай асобы запатрабуе ўтварэнне бухгалтарскай службы, увядзенне пасад, якія будуць забяспечваць гаспадарчае функцыянаванне. Можна прапанаваць наступнае: стварыць установу культуры (раённы Цэнтр культуры або раённую бібліятэку са статусам юрасобы), а ўсе іншыя (клубы, бібліятэкі і г. д.) уключыць у склад такой установы ў якасці структурных падраздзяленняў ці філіялаў. А можна і стварыць установу культуры змяшанага тыпу. У склад яе ў якасці структурных падраздзяленняў або філіялаў увойдуць бібліятэкі, клубы, музеі. Такая ўстанова будзе мець бухгалтэрыю, гаспадарчы аддзел, іншыя службы. У адпаведнасці з асаблівасцямі раёна могуць быць іншыя варыянты. Але стварэнне ўстаноў, пазначаных вышэй, будзе адпавядаць патрабаванням Грамадзянскага кодэкса, Закону “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” і забяспечыць цэнтралізацыю культуры на раённым узроўні. Цяпер Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь вырашае пытанне фінансавання ўстаноў змяшанага тыпу.

— Самаакупнасць ГДК і СДК — справа рэальная? І па чым вызначаецца эфектыўнасць працы такіх устаноў?

Святлана САРОКА:

— Яны — бюджэтныя ўстановы і не ставяць за мэту самаакупнасць. Але кожная ўстанова мае план па аказанні платных паслуг, таму ў сетцы працы — і платныя мерапрыемствы. Выкананне плана дазваляе кампенсаваць у пэўнай ступені выдаткі на на цепла- і электраэнергію. І ў той жа час, выкананне плана — доказ запатрабаванасці паслуг ГДК і СДК, а значыць — і адзін з асноўных паказчыкаў эфектыўнасці іх працы. Прывяду канкрэтныя лічбы. За студзень — кастрычнік бягучага года даход ад пазабюджэтнай дзейнасці толькі па арганізацыях культуры Мінскай вобласці склаў 26 742,8 млн. рублёў, што адпавядае 148,5% да адпаведнага перыяду мінулага года. І гэта пры даведзеным паказчыку павелічэння пазабюджэтных даходаў па праграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады ў 105%! Заробленыя сродкі выдаткоўваюцца на стымуляванне работнікаў арганізацый ды на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

— Як быць з тым, што непаўналетнім забаронена знаходзіцца на дыскатэцы пасля 10-й гадзіны вечара? Такія мерапрыемствы ўжо не карыстаюцца попытам…

Святлана САРОКА:

— Ведаю, які шырокі розгалас выклікалі змяненні ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх” ад 5 верасня 2012 года. Палажэнне артыкула 17.13. Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях паўплывала на правядзенне дыскатэк і ў СДК Маладзечанскага раёна. Пасля 22.00 моладзь бавіць час немаведама дзе і займаецца пры гэтым немаведама чым. А магла б выплёскваць энергію ў танцы, а не па-за клубам. Атрымліваецца, што днём мы прывабліваем падлеткаў заняткамі ў клубных фарміраваннях, а ўвечары — прапануем пакінуць установу. Такім чынам зніжаецца давер да культурнага цэнтра. Але маюцца і іншыя прыклады. На той жа Гродзеншчыне, калі па ўзгадненні з аблвыканкамам забаўляльныя мерапрыемствы пэўных дзяржаўных арганізацый выходзяць за рамкі часавых абмежаванняў. Так, шэраг кінатэатраў Гродзенскай вобласці быў абсталяваны пад дыскатэкі, кафэ і цяпер працуе да 4-й раніцы. Такім чынам, відавочна, што многія пытанні вырашаюцца раённым і абласным кіраўніцтвам.

— Ці могуць бібліятэкары і тыя ж клубныя работнікі, згодна з заканадаўствам, праводзіць экскурсіі па мясцовых славутасцях? Мяркую, гэта дапаможа павялічыць турыстычны патэнцыял сельскіх устаноў культуры…

Святлана САРОКА:

— Магчыма расчарую вас, але спецыялісты сельскіх устаноў культуры могуць праводзіць экскурсіі, у тым ліку па мясцовых славутасцях, толькі пры наяўнасці адпаведнага сертыфікату, для атрымання якога неабходна скончыць курсы пры Нацыянальным агенцтве па турызме. І хоць у рамках службовых інструкцый бібліятэкары мусяць праводзяць розныя формы сацыякультурных мерапрыемстваў, сярод якіх — і краязнаўчыя падарожжы, апошнія нельга лічыць экскурсіямі.

Разам з тым, сельскі турызм у поўнай меры можа выкарыстоўваць увесь арсенал паслуг, якія прапануюць установы культуры. Найбольш цікавы вопыт профільных устаноў — дамоў і цэнтраў рамёстваў, фальклору, ткацтва, многія з якіх ужо знайшлі сваю нішу ў сферы турыстычнага абслугоўвання. Напрыклад, Красоўшчынскі дом рамёстваў Маладзечанскага раёна ўключаны ў рэспубліканскі турыстычны маршрут. Выгаднае становішча гэтай установы, побач з трасай Мінск — Нарач дазволіла адкрыць на яе базе салон-магазін па продажы твораў народных майстроў, рэгулярна праводзіць адмысловыя майстар-класы.

— Святлана Рыгораўна, назавіце, калі ласка, найбольш актуальныя клопаты ўстаноў культуры ў глыбінцы і магчымасці іх вырашэння.

Святлана САРОКА:

— Натуральна, сельскі Дом культуры не можа раўняцца з Вялікім тэатрам оперы і балета, але, я пераканана, і ў сельскай установе культуры можна і неабходна ладзіць свае цікавыя ды запатрабаваныя мерапрыемствы...

Менавіта ад мастацкага густу, творчага стаўлення да працы, жадання або нежадання пошуку крэатыўных рашэнняў залежыць стан і дынаміка культуралагічных працэсаў у рэгіёнах. На жаль, у некаторых раёнах назіраецца працэс стагнацыі, калі кіраўнікі недастаткова звяртаюць увагу на развіццё аматарскай творчасці і ўзровень творчых калектываў. Неабходны крэатыўныя падыходы да фарміравання новага, сучаснага эканамічнага механізма функцыянавання ўстаноў культуры ў глыбінцы.

Мы не павінны праводзіць фестывалі для ўдзельнікаў гэтых фестываляў. Трэба зрабіць такі прадукт культурнай дзейнасці, які будзе запатрабаваны гледачом, мае садзейнічаць не толькі развіццю аматарскай творчасці, але і прыцягне турыстаў ды стане адной з крыніц пазабюджэтных паступленняў. А таму кожны раён павінен мець свой “брэнд”, сваю “візітоўку”.

— Пад час летняга адпачынку сутыкнуўся з прыкрай сітуацыяй, калі загадчыца сельскай бібліятэкі прадэманстравала сваю прафесійную некампетэнтнасць. Як высветлілася, у яе не было ні вышэйшай, ні сярэдняй спецыяльнай адукацыі…

Святлана САРОКА:

— Адразу скажу: некваліфікаваныя спецыялісты прымаюцца на работу толькі ў тым выпадку, калі няма магчымасці знайсці спецыяліста з бібліятэчнай адукацыяй. І тое — пры ўмове далейшай перакваліфікацыі. Падобная сітуацыя больш характэрна для некаторых маланаселеных, аддаленых вёсак. Калі ж звярнуцца да лічбаў, то сёння ў сельскіх бібліятэках Мінскай вобласці працуе звыш 700 бібліятэкараў, з іх 75% маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. У цэлым па краіне забеспячэнне прафесійнымі кадрамі ўстаноў галіны прыносіць свае вынікі, але ж і не так хутка, як хацелася. Так, забяспечанасць прафесіяналамі дасягнула 89% супраць 88,5% у мінулым годзе. У сваю чаргу, для павышэння прафесійнага ўзроўню бібліятэчных работнікаў ва ўсіх цэнтральных раённых бібліятэках пры аддзелах бібліятэчнага маркетынгу створаны “Школы маладых бібліятэкараў”, “Школы пачынаючых бібліятэкараў”, “Школы прафесійнага майстэрства”.


Тэлефонны дыялог

Алена РЫБЧЫНСКАЯ, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь:

— Ці распрацаваны стандарты якасці паслуг у сферы дзейнасці клубнай установы? Ці існуе методыка перыядычнай ацэнкі патрэбы ў прадастаўленні паслуг у натуральным адлюстраванні і адлюстраванні коштаў? Ці былі спробы ацаніць якасць паслуг з выкарыстаннем індэкса задаволенасці спажыўцоў? У Расіі і Казахстане індэкс актыўна выкарыстоўваюць. У Беларусі ў справаздачах ды планах арганізацый і ўстаноў культуры ёсць абавязковая ўмова — “павышэнне якасці паслуг”. А як яе павысіць? Усе кажуць, што варта павялічваць колькасць і разнастайнасць мерапрыемстваў. Але ж якасць — гэта штосьці іншае…

Святлана САРОКА:

— Мы ў сябе штогод праводзім апытанне наведвальнікаў, удакладняем, што іх цікавіць, як нам варта памяняць віды культурных паслуг. Натуральна, людзей вабяць адпачынак, творчасць і відовішча. У гэтых кірунках і стараемся працаваць. Ваша пытанне — вельмі цікавае і карыснае. На яго можна бясконца адказваць. Я вам дашлю адпаведныя канкрэтныя матэрыялы са зместам нашых анкет.

Алена РЫБЧЫНСКАЯ:

— Дзякуй, і яшчэ пытанне: як вы ставіцеся да таго, што ў апошняй рэдакцыі Закону аб культуры знікла ўсё, што датычыцца мастацкай адукацыі? Гаворка — толькі пра эстэтычную. А гэта гуманітарная адукацыя агульнага цыкла...

Святлана САРОКА:

— Я павінна ўсё ўдакладніць і прааналізаваць… Цяпер у Савеце Рэспублікі складаецца рабочая група па падрыхтоўцы Кодэкса аб культуры. Усе слушныя прапановы, што пастаянна паступаюць да мяне, будуць абавязкова ўлічаны і ўнесены ў дакумент.

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"