Пад сузор’ем Вадалея

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Рэтраспекцыя ў Ратушы: усхваляваны рамантык і маленькія шэдэўры
21 лістапада ў Мінскай ратушы (філіял Музея гісторыі горада Мінска) адбудзецца вернісаж жывапісу і графікі заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, вядомага мастака і педагога, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Казлоўскага, прысвечаны 90-годдзю з дня яго нараджэння. А 8 снежня споўніцца два гады, як не стала Аляксандра Сцяпанавіча, і, такім чынам, выстаўка адначасова з’яўляецца і памятнай.

/i/content/pi/cult/454/9555/9-1.jpg

Ён нарадзіўся пад сузор’ем Вадалея, 27 студзеня 1923 года ў вёсцы Вялікія Труханавічы Чашніцкага раёна Віцебшчыны. Нарадзіўся, каб прысвяціць сваё жыццё Мастацтву і выхаванню ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (пазней — Акадэміі мастацтваў) некалькіх пакаленняў маладых творцаў. Бо ўласны жывапіс і рысаванне ён не аддзяляў ад актыўнай педагагічнай ды грамадскай дзейнасці.

Усхваляванасць пачуццяў, трапятлівасць, музычнасць фарбаў, найтанчэйшая паэзія і артыстызм пэндзля, — вось стыль лепшых твораў Казлоўскага, асабліва ў пейзажным жывапісе. Так здарылася, што пры жыцці ён не быў "раскручаны" мастацтвазнаўцамі і журналістамі, у адрозненне ад некаторых яго прасунутых супольнікаў. Прыродная сціпласць ды ўнутраная гордасць, памножаная на залішне крытычную самаацэнку ўласнай творчасці, не дазвалялі яму ісці па галовах сваіх калег, каб "адліць у бронзе" сваё імя…

Таму сённяшняя выстаўка-рэтраспекцыя ў нейкай ступені, хачу верыць, адновіць справядлівасць. Канешне ж, у экспазіцыі адсутнічае шэраг буйнамаштабных фігуратыўных ды пейзажных палотнаў Казлоўскага, якія знаходзяцца ў калекцыях дзяржаўных музеяў і ў Чашніцкім гістарычным музеі — на радзіме мастака. Аднак і тое, што мы бачым на сённяшняй выстаўцы, для гледачоў, культуролагаў, для яго вучняў, для нашага мастацтвазнаўчага братэрства ўяўляе жывую і непадробную цікавасць.

Прафесійная адукацыя ў Аляксандра Сцяпанавіча была выдатная: да вайны пачынаў з вучобы ў Ленінградскай сярэдняй мастацкай школе пры Усерасійскай акадэміі мастацтва, а ў 1956-м атрымаў дыплом з адзнакай у Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна, дзе вучыўся ў В.Сакалова і Ю.Няпрынцава. Дарэчы, ягоны дыплом "На працу ў вёску" зараз упрыгожвае Валагодскую карцінную галерэю.

Сюжэтных палотнаў у Казлоўскага параўнальна няшмат, прычым лепшыя з іх былі напісаны ў 1970 — 80-я гады. Я добра памятаю яго фігуратыўныя карціны "9 мая", "Успаміны", "Мужнасць", "Ледаход на Енісеі", "Вясна Перамогі". Асабліва мне падабаецца рамантычны твор "Трывога": імчыць наўскач на запененым залацістым кані вершнік з высока ўзнятай рукой. Карціна, напісаная ў складаных лілова-сінявата-зеленаватых тонах, — хвалюючая і запамінальная. Якую вестку нясе нам узбударажаны юнак? Пра вайну, што раптоўна пачалася? Ці пра іншае драматычнае здарэнне ў жыцці народа? Гледачу ёсць пра што падумаць, гледзячы на гэтую кампазіцыю...

Пачынаў Казлоўскі "як усе". Імкнуўся максімальна, як мага падрабязней і аб’ектыўней, адлюстраваць на палатне абраную "мадэль", "прадмет" ці "з’яву". Канец 1950-х — пачатак 60-х гадоў — гэта пік "сацрэалізму"; пасля ж гэты метад паступова стаў страчваць свой галоўны ідэалагічны складнік і пачаў плаўна пераходзіць у "суровы стыль". Аднак большасць савецкіх мастакоў яшчэ цвёрда кіраваліся традыцыямі "сацыялістычнага па змесце" мастацтва. Хтосьці — са шчырай верай, хтосьці павінен быў, наступаючы на “горла ўласнай песні”, рухацца ў агульнай каляіне, баючыся зрабіць крок убок... Хаця і сярод такіх рэалістаў-традыцыяналістаў былі выдатныя майстры пэндзля кшталту А.Пластава, Д.Мачальскага, А.Лактыёнава, Ю.Няпрынцава, братоў С. і А. Ткачовых, нашых В.Волкава, І.Ахрэмчыка, Я.Зайцава, ранняга М.Савіцкага... Дыплом А.Казлоўскага якраз і быў напісаны ў гэтым рэалістычным рэчышчы рускіх перасоўнікаў. Аднак праз гады творца зноў вярнуўся да гэтай тэмы — прыезду маладой настаўніцы ў вёску, — і зрабіў своеасаблівы "рымэйк", дзе шмат чаго змяніў у пейзажы, у кампазіцыйных дэталях ды, асабліва, у каларыстыцы.

У 1961 годзе мастак стаў стыпендыятам UNESCO і атрымаў трохмесячную творчую паездку ў Францыю ды Італію. Акрамя наведвання лепшых еўрапейскіх музеяў, ён пазнаёміўся з М.Шагалам, Н.Хадасевіч-Лежэ, А.Фужэронам, К.Мацолай, Л.Фантанарозам. Але галоўнае, што ён вынес з гэтай камандзіроўкі, — гэта зусім новае пачуццё жывапіснай пластыкі, заснаванай на левітанаўскай празрыстасці ды адначасова на імпрэсіяністычнай лёгкасці “жывой” матэрыі.

Мастак проста не здольны быць у чымсьці няшчырым, націскаць на педалі “найгрышу” — ягоны пэндзаль можа ісці толькі ўслед за жывым, непасрэдным назіраннем. Вось як мы жывём, быццам бы кажуць яго палотны. Такія ў нас людзі, такая цудоўная зямля ў розныя поры года: паплавы ранняй вясной, на якіх гуляюць амаль казачныя коні; такія ў нас блакітныя рэчкі ды азёры ў туманнай смузе, рухавыя ружовыя ды смарагдавыя воблакі; дрэвы, афарбаваныя барвай і золатам восені; летнія дажджы, якія абмываюць гарадскія брукі ды набярэжныя; утульныя драўляныя дамкі роднай Віцебшчыны, дахі якіх накрытыя асляпляльна-белым снегам…

Мастак умее весці гутарку з прыродай, умее спасцігаць ейныя мудрагелістыя таямніцы, улоўліваць яе найтанчэйшы стан. Адсюль — унутранае багацце і значнасць не толькі ягоных лепшых кампазіцыйных палотнаў, але і натурных аднасеансных эцюдаў, разнастайных па настроі ды эмацыйнай выразнасці. Яго цудоўныя “французскія” і “італьянскія” эцюды я наогул лічу маленькімі шэдэўрамі ў галіне імпрэсіяністычнай каларыстыкі.

Рамантык па натуры, Казлоўскі не быў прыхільнікам абстрактных мастацкіх сімвалаў, разумовых алегорый і складаных “постмадэрнавых” метафар. Яго рамантызм, рамантызм духу і душы, убіраў у сябе светлую радаснасць і “цеплатворнасць” успрымання рэальнасці, спакойную раздумлівую інтанацыю, якую ён заўсёды знаходзіў у прыродзе роднай Беларусі, Украіны, Расіі, Прыбалтыкі, краін Заходняй Еўропы. А часам, асабліва ў позніх работах, мы можам адчуць і шчымлівую настальгію аўтара па даўно прамінулай маладосці…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"