Студэнты, механізмы і пустоты

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Фокус нацыянальных кінашкол
Як пісала “К” раней, сёлета беларускае кіно спаборнічала ў многіх конкурсах. Гэта сталася добрай нагодай для вызначэння пэўнага фокусу на “Лістапад”: чым жа вылучаецца наш айчынны кінапрадукт і як глядзіцца наша кіно побач з прызёрамі шматлікіх фестываляў? Што можна сказаць? Цалкам прыстойна. Але кожны конкурс выявіў свае асаблівасці і сваё месца беларускага кіно ў ім.

/i/content/pi/cult/454/9554/8-1.jpg

Спынімся на конкурсе дакументальнага кіно нацыянальных кінашкол.

Гэтае спаборніцтва, якое ладзіцца на “Лістападзе” другі год, пакуль не надта спешчана ўвагай журналістаў ці гледача. Летась конкурс праходзіў у сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у камернай абстаноўцы, якая спрыяла больш вольнаму абмеркаванню работ студэнтаў. Сёлета ж паказы твораў маладых кінематаграфістаў ладзіліся ў “Міры” і былі адкрытымі для публікі: на іх прадаваліся білеты. Усё гэта — спробы фарміравання конкурсу, якому, несумненна, патрэбен глядач, і які дэманструе, што студэнцкае кіно можа зусім не саступаць “даросламу”. Сёлета ў праграме прадстаўлены кінашколы Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Славеніі і Беларусі.

Беларусь

Цалкам у традыцыі дакументальнага кіно была прастаўлена ў конкурсе наша Акадэмія мастацтваў. У праграме — усяго дзве работы, але фільм Івана Куракевіча “Мая дыстанцыя” стаўся моцным пачаткам конкурсу.

Герой стужкі рэжысёра — чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў бегу. Асоба, для якой рух — жыццёвая неабходнасць. Нават пасля складанай аперацыі ён імкнецца стаць на ногі і зноў бегчы. Па сутнасці, карціна рэжысёра — пра барацьбу чалавечага духу, сілу волі і ўменне змагацца да канца, калі надзеі не застаецца нават у блізкіх людзей…

— Герой ізноў перанёс аперацыю, але настрой у яго аптымістычны, — паведаміў гледачу пра далейшы лёс свайго персанажа Іван Куракевіч.

Работа Івана, які заканчвае майстэрню рэжысуры Міхаіла Жданоўскага, годна прадставіла беларускую дакументалістыку. Але ж пытанне наконт кінашколы, мяркую, засталося адкрытым, бо адной добрай карціны, відавочна, недастаткова, каб меркаваць пра цэлы курс.

Славенія

Праграма ж Акадэміі тэатра, кіно і тэлебачання пры Універсітэце Любляны (Славенія) акурат і вылучылася цэласнасцю, дазваляючы скласці ўражанне пра Школу. Яе навучэнцы імкнуліся стварыць у сваіх фільмах партрэты людзей, што з пэўных прычын адрозніваюцца ад звычайных славакаў. Домен Марцінчыч у “Божых дзецях” абраў героямі падлеткаў, чые бацькі спавядаюць вучэнне Крышны. Катарына Марана зняла стужку пра хлопчыка-аўтыста Бенджаміна, які вельмі любіць цягнікі і нумары (“Бенджамін”). А Катарына Рэшак у “Маё імя — люстэрка” стварыла партрэт маладой мусульманкі Айны: яна імкнецца выбудаваць уласную стратэгію паводзін у сучасным горадзе. Гэтая адзіная лінія — тэма ўпісанасці, уладкаванасці незвычайнага чалавека ў звычайнае грамадства, розныя варыянты яе вырашэнняў, — паўтаруся, дала магчымасць скласці ўяўленне пра курс, нацыянальную кінашколу, якая мае ўжо плеяду моладзі са сваімі поглядамі ды індывідуальнасцю.

Францыя

Вышэйшая нацыянальная школа аўдыявізуальных мастацтваў “La Femis” з Францыі яркімі работамі, на жаль, не адзначылася. Ці вінаваты ў гэтым тэхнічныя непаладкі, меркаваць складана, але праграма ні пэўнай тэматычнай лініяй, ні асобнымі праектамі не вылучылася.

Вялікабрытанія

Лонданская ж кінашкола прадставіла публіцы цалкам прыстойны і адметны кінапрадукт, які, тым не менш, назваць чыстай дакументалістыкай складана. Напрыклад, фільм “Птушка” Мікеля Гурэа — гэта партрэт прымы-балерыны Лонданскага Каралеўскага балета Ітзэар Мендзізабал. Стужка зроблена з элементамі харэаграфічных нумароў ды нават пастаноўкі, танца, які дазваляе больш раскрыць характар творцы. Але, адзначаючы прыгажосць карціны, нельга не задацца пытаннем наконт прыналежнасці да дакументальнага жанру.

— Больш за 90% студэнтаў гэтай вядомай інстытуцыі ў далейшым, упэўнены, будуць здымаць ігравое кіно, — пракаментаваў асаблівасць падыходу да навучання ў Лондане старшыня міжнароднага журы конкурсу маладога дакументальнага кіно, рэжысёр, прафесар Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кінематаграфіі імя С.А. Герасімава Барыс Караджаў. — Бачна, што гэтыя стужкі — практыкаванне. Так, з ім студэнты добра справіліся, але я не бачу перспектывы: ці застануцца гэтыя людзі ў дакументалістыцы? І ўзнікае пытанне: ці знаходзяцца ўвогуле дадзеныя работы ў адпаведным іх узроўню конкурсе?..

Германія

З аднаго боку, прафесар мае рацыю. З іншага ж, магчыма, хтосьці спытае: а ці не можа дакументальнае кіно быць эстэцкім? Гэтую дылему акурат і вырашыў чацвёрты канкурсант — Вышэйшая школа кіно і тэлебачання імя Конрада Вольфа (Германія), якая прадэманстравала работы неверагоднай глыбіні і сэнсу, не пазбаўленыя, між тым, і высокамастацкіх рашэнняў. Стужка Джазэфіны Лінкс “Мы паміраем” — гэта своеасаблівы фільм-развітанне аўтара карціны са сваёй бабуляй, зроблены так кранальна ды пяшчотна, прыгожа і тонка, што тэма смерці паўстае ў іншым ракурсе: як момант нашай агульнай страты ды непазбежнасці…

“Пасля Врыцэна” Даніэля Абмы — кінадаследаванне, якому ўвогуле ўдалося выявіць няўлоўныя механізмы існавання чалавека ў соцыуме: і як ахвяры апошняга, і як яго спажыўца. Больш за тры гады аўтар карціны назіраў за жыццямі трох правапарушальнікаў з турмы Врыцэна, што ў Брандэнбургу, пачынаючы з першага дня іх вызвалення — і далей, фіксуючы спробы хлопцаў пачаць “нармальнае жыццё”: уладкавацца на працу, стварыць сям’ю... Дзякуючы падыходу, цярпенню і пільнаму воку рэжысёра, стужка раскрывае нават больш, чым глядач здольны ўявіць: не толькі лад ці хібы нямецкіх сацыяльных службаў, што дапамагаюць вызваленым адаптавацца, але і прыроду чалавечай слабасці, заганы, якая, нібы пустазелле, прабіваецца ў пустоты душы. Аўтар фіксуе гэты паступовы (амаль незаўважны) шлях герояў стужкі: ад хваляванняў ды спадзеваў на новае жыццё — да злому і стагнацыі. І — перад намі ўжо не толькі лёс асобных трох характараў, але і адлюстраванне часткі грамадства, яго хваробаў ды механізмаў патурання ім. Структура стужкі Даніэля Абмы, работа з героямі карціны, калі аўтару ўдалося выбудаваць дакладную дыстанцыю паміж сабой і яе персанажамі, робяць “Пасля Врыцэна” папраўдзе выбітным кіно. І ў дадзеным кантэксце, адзначаючы і вартасці беларускіх карцін, нашаму кіно усё ж ёсць чаму павучыцца.

Пра фармат

Конкурс выявіў не толькі асаблівасці кінашкол, але і шмат недапрацовак у ягоным фармаце. Адрозненні ў памеры бюджэтаў, магутнасцях інстытуцый ды ў іх падыходах былі заўважныя.

— Конкурс кінашкол мае сваю спецыфіку — гэта не проста конкурс фільмаў, — падзяліўся сваёй думкай з карэспандэнтам “К” Барыс Караджаў, — тут значна больш вымярэнняў. І арганізатарам фестывалю варта было б выпрацаваць больш дакладную стратэгію: альбо гэта конкурс менавіта дакументальнага кіно, альбо — студэнцкага, і тады тут могуць спаборнічаць, напрыклад, і анімацыйныя стужкі. Сённяшніх удзельнікаў параўноўваць было вельмі складана…

Яшчэ прафесар звярнуў увагу на неабходнасць папулярызацыі дакументалістыкі. Каб паказы дакументальнага кіно не праходзілі ў пустых залах, неабходна, каб яны сталі рэгулярнай практыкай.

— Бо што такое, у рэшце рэшт, школа? Гэта, у тым ліку, і прысутнасць гледача ў кіназале. Калі малады кінематаграфіст бачыць рэакцыю публікі на свой фільм — гэта спрыяе яго развіццю. Дзеля гэтага варта ладзіць не толькі разавыя прэм’еры, а і пашыраць сетку кінаклубаў дакументальнага кіно, праводзіць фестывалі. Усё гэта разам выхоўвае публіку і развівае рэжысёра. Конкурс нацыянальных кінашкол у гэтым плане — вельмі добры прыклад, але хацелася б, каб ён набыў дакладны формат і папулярнасць…

Пераможцам конкурсу дакументальнага кіно нацыянальных кінашкол стаў фільм “Пасля Врыцэна” Даніэля Абмы з Германіі. Беларускі рэжысёр Іван Куракевіч, аўтар карціны “Мая дыстанцыя”, быў адзначаны спецыяльным дыпломам “За прытрымліванне традыцый школы беларускага дакументальнага кіно”.

(Працяг фестывальнай тэмы — у наступных нумарах.)

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"