Віртуальны набор для экспазіцыі

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Аляксей МІЦЮКОЎ, дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея
Перадаюць і захоўваюць гісторыю, сярод іншых інстытуцый, краязнаўчыя музеі. Дырэктар аднаго з іх распавёў пра магчымасці Інтэрнэту.

/i/content/pi/cult/454/9551/13-3.jpg

1. Музеі

Мяне як дырэктара музея, натуральна, цікавіць, што новага адбываецца ў калег, якія праходзяць выставачныя праекты і мерапрыемствы. Існуе добры партал, да якога рэгулярна звяртаюся — www.museum.by, — дзе прадстаўлена інфармацыя аб музеях краіны. Але, на жаль, не ўсе ўстановы абнаўляюць інфармацыю на старонках своечасова, а для сучаснасці аператыўнасць мае вялікае значэнне. Маем і свой сайт — brokm.vbreste.by, — дзе размяшчаем інфармацыю пра музей, пра яго філіялы, даём апісанне калекцый, рэгулярна абнаўляем стужку навін ды многае іншае.

2. Зваротная сувязь

Акрамя навін на сайце, робім запыты на прадметы, у набыцці якіх зацікаўлены. Да прыкладу, зараз рыхтуем экспазіцыю, прысвечаную 20-м гадам мінулага стагоддзя. З гэтай нагоды размясцілі інфармацыю, што ў сувязі са стварэннем экспазіцыі музей зацікаўлены ў набыцці тэлефона польскай вытворчасці 1920 — 30-х. Такім чынам, Інтэрнэт дае магчымасць працаваць у двухбаковым рэжыме: ты не толькі даеш інфармацыю для чытачоў, але і можаш нешта за яе атрымаць.

3. Прыклады

Праглядаем сайты польскіх, нямецкіх, шведскіх музеяў, вывучаем, як у іх арганізавана праца ў інтэрнэт-прасторы. Многія пабудаваны па такім жа прынцыпе, як і нашы: выкладваецца інфармацыя пра музей, навіны, артыкулы, у некаторых можна ўбачыць альбом са здымкамі, што, дарэчы, вельмі добра, бо на нашых сайтах бракуе менавіта фатаграфій. Да прыкладу, на старонцы аднаго рэгіянальнага польскага музея навіны прадстаўлены кароткім аглядам мерапрыемстваў і вялікай колькасцю здымкаў.

4. Гісторыя і сучаснасць

Па краязнаўчай справе праглядаю сайты, звязаныя з гісторыяй Брэстчыны. Ёсць цікавы — www.ibrest.com, які змяшчае навіны, дакументы, здымкі XIX — XX стагоддзяў, інфармацыю пра знакавых постацей мінуўшчыны ды іншае. Для гісторыкаў, краязнаўцаў гэта павінна быць цікава. Акрамя таго, там ёсць форум, дзе абмяркоўваюцца гістарычныя, музейныя тэмы. Такім чынам можна праводзіць свайго роду маніторынг і высвятляць меркаванні наведвальнікаў аб музеях, іхнія пажаданні ці незадаволенасць.

5. Аўкцыёны

Калі закранаць прафесійную сферу, то адзін з галоўных кірункаў працы музея — гэта збор прадметаў музейнага значэння ды камплектаванне фондаў. Для гэтага, акрамя закупак і экспедыцый, супрацоўнікі адсочваюць інтэрнэт-аўкцыёны, што дапамагае быць у курсе падзей наконт пошуку рарытэтаў, дае магчымасць параўноўваць кошты, выяўляць інтарэсы. І калі людзі прыносяць у музей прадмет на закупку, мы можам ацаніць яго самастойна, абапіраючыся на інфармацыю, якую бачым у Сеціве. Аўкцыёнаў мноства: як агульнай скіраванасці, напрыклад, www.ay.by, так і спецыялізаваныя — мастацтвазнаўчыя або ваеннай тэматыкі.