Альтэрнатыва дыскатэцы

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Міхаіл ЗАЙЦАЎ, Рагачоўскі райвыканкам:
Журналісцкія камандзіроўкі бываюць і цікавыя, і сумныя. Паездкі “К” на Рагачоўшчыну трапляюць у лік першых. І гэта тлумачыцца тым, што мясцовыя работнікі культуры даўно і стала займаюцца праектнай дзейнасцю, а грошы для рэалізацыі нестандартных ідэй знаходзяць самі. Лепшага доказу творчай самадастатковасці і не прыгадаць. Гэта і стымулюе пастаянны журналісцкі інтарэс. У выніку з’яўляюцца публікацыі, карысныя, як нам падаецца, для росту самадастатковасці іншых аддзелаў.

/i/content/pi/cult/454/9549/12-1.jpg

— На еўрасаюзаўскі грант, скіраваны на развіццё сельскіх тэрыторый, мы набылі аўтаклуб, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Ён сёння — на маршрутах і абслугоўвае маланаселеныя пункты раёна. Пра гэты праект “К” пісала на пачатку года. З таго часу мы выйгралі яшчэ грант: па экалогіі. А гэта — 50 тысяч еўра. Сума пойдзе на ўзнаўленне Кісцянёўскага парку, што знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей. Аб’ект абяцае стаць у перспектыве адной з турыстычных цікавостак Рагачоўшчыны.

З ідэалагічнага пункта гледжання адным з самых важных клопатаў з’яўляюцца выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Для падтрымкі гэтай кампаніі мы заўжды прыцягвалі і прыцягваем самыя лепшыя сілы аддзела.

Апрача праектнай і ідэалагічнай дзейнасці, займаемся, натуральна, і бягучым клопатам, вядомым кожнаму аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. На наш баланс перадалі клуб завода “Дыяпраектар”, дзе зала — на 400 месцаў. Стан установы — не з лепшых. Сёлета мы тут распачалі рамонт: зрабілі палову даху, прыкладна на семдзесят працэнтаў замянілі вокны, дзверы… Праблема — з ацяпленнем. Вырашаем яе цяпер разам з Галоўным упраўленнем Гомельскага аблвыканкама і нашым райвыканкамам. Гаворка ідзе аб выдаткаванні грошай на далейшы рамонт даху, аварыйнай глядзельнай залы і на падключэнне цэнтральнага ацяплення. А сума на гэта спатрэбіцца немалая: каля двух мільярдаў рублёў. Але ўсе цудоўна разумеюць важнасць вырашэння пытання, таму ёсць спадзеў, што ўстанова не трапіць у лік даўгабудаў...

На мой погляд, дыскатэка не карыстаецца цяпер ранейшым попытам. Прычына — у дэмаграфіі. Сёння шукаем альтэрнатыву гэтым мерапрыемствам. Думаю, што больш якаснымі, частымі і разнастайнымі павінны стаць сацыяльна-творчыя заказы, да прыкладу, карпаратыўныя вечары адпачынку. Але добрую забаўляльную праграму, як цудоўна вядома, не зробіш без сучаснай гука-светлавой апаратуры. А апошні раз гэтую тэхніку наш аддзел закупляў аж у 2004 годзе. І гэта — таксама праблема.

Радуе тое, што цяпер на галоўнае месца ставіцца не колькасць клубных гурткоў, а іх якасць. Інакш кажучы, ёсць разуменне таго, што людзей у раёне не прыбаўляецца. І не самае галоўнае, колькі ўдзельнікаў у фарміраванні, больш значным падаецца тое, з якім вынікам яно працуе, як раскрывае талент вяскоўцаў, як ашчаджае іх душу. А гэта — таксама ідэалогія.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"