Не падфарбоўвайце старажытны роспіс, бо “макіяж” цяжка змыць…

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Семінар рэстаўратараў у Нясвіжы: эксперты падзяліліся вопытам
Субрэгіянальны семінар рэстаўратараў, арганізаваны Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў пры падтрымцы UNESCO, у якім узялі ўдзел рэстаўратары Беларусі, Польшчы і Літвы, праходзіў у Нясвіжы.

/i/content/pi/cult/454/9548/14-1.jpg

І сцвердзіла падзея чарговы раз, што нацыянальная школа рэстаўрацыі на сённяшні дзень знаходзіцца толькі на стадыі станаўлення: пакуль больш пытанняў ды праблем, чым дасягненняў.

З прычыны таго, што ВНУ рэспублікі не рыхтавалі спецыялістаў па рэстаўрацыі твораў мастацтва, работы часта адпраўляліся на рэстаўрацыю ў бліжняе замежжа. Сёлета ў Акадэміі мастацтваў першае пакаленне прафесійных рэстаўратараў, у аснове навучання якіх ляжыць мастацкая акадэмічная адукацыя і асваенне рэстаўрацыйных тэхналогій, ужо выйшла на свае дыпломныя праекты. Праблематыка ў гэтай галіне становіцца відавочнай, калі маеш магчымасць пагутарыць з калегамі з краін-суседак, параўнаць вынікі, ацаніць іх шматгадовы досвед у захаванні спадчыны.

Падзеяй для студэнтаў Акадэміі стала правядзенне семінара рэстаўратараў на гістарычнай пляцоўцы Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу. Былі запрошаны вядучыя спецыялісты наймацнейшых рэстаўрацыйных школ Польшчы і Літвы. Некаторыя з іх — вядомыя грамадскія дзеячы, як, напрыклад, Славамір Ратайскі — генеральны сакратар Польскай Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO. Ён доўгі час служыў паслом у Лацінскай Амерыцы, а цяпер з’яўляецца загадчыкам кафедры выяўленчых мастацтваў факультэта медыя-мастацтва і сцэнаграфіі Акадэміі прыгожых мастацтваў у Варшаве. Адзначым, што сярод гасцей былі і тыя, хто добра знаёмы з беларускім мастацтвам, займаўся рэстаўрацыяй касцёлаў, Нясвіжскага замка.

У перыяд правядзення семінара было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з варшаўскай Акадэміяй прыгожых мастацтваў. У галерэі БДАМ выстаўляліся асістэнты-стажоры польскай Акадэміі. Беларускія ж студэнты ўдзельнічалі ў стварэнні манументальных аб’ектаў на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства. І зараз беларускі бок разлічвае на яшчэ больш актыўныя формы супрацоўніцтва: правядзенне лекцый, выставак, майстар-класаў.

Пра перспектывы супрацоўніцтва распавёў рэктар БДАМ Міхаіл Баразна: “Для нас вельмі важнае развіццё рэстаўрацыйнага аддзялення, таму субрэгіянальны семінар праводзіўся ў Нясвіжы на высокім узроўні. Нам неабходны падобныя мерапрыемствы, дзе адпрацоўваюцца метадычныя падыходы ў галіне рэстаўрацыі. У рамках міжнароднай дзейнасці падпісаны пагадненні па падрыхтоўцы нашых спецыялістаў венскай Акадэміяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пражскай Акадэміяй, абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва са Строганаўскай архітэктурна-мастацкай акадэміяй, Акадэміяй мастацтваў у Заграбе (Харватыя). Мы і надалей будзем весці пошук эфектыўных шляхоў супрацоўніцтва з калегамі за мяжой”.

На семінары абмяркоўваліся прафесійныя пытанні. Напрыклад, праблема даўняга канфлікту паміж жаданнем недасведчаных бачыць выразны прыгожы вобраз у роспісе і жаданнем рэстаўратара бачыць толькі гістарычна каштоўны пласт без паднаўлення. Тут трэба ўлічваць функцыянальнае прызначэнне аб’екта і ісці на кампрамісы. “Клопат” непрафесіяналаў часам прыводзіць да недарэчнага перфекцыянізму, і пасля падфарбоўвання знікаючага абраза рукой якога-небудзь мясцовага майстра роспіс пачынае выглядаць ідэальна, як толькі што напісаны, — адпаведна, знікае яго аўтэнтычнасць. Калі на вуліцы сустракаюцца пажылыя людзі, якія, жадаючы выглядаць прыгажэйшымі і маладзейшымі, нанеслі безгустоўна яркі макіяж, — у мінакоў гэта выклікае ўсмешку, ці ж не так? У той час як падфарбоўванні на старажытным роспісе чамусьці для многіх прымальныя, хаця гэты “макіяж” змыць цяжэй.

Сустракаецца і грубае ўмяшальніцтва цывілізацыі: вокны ПВХ у касцёлах, кабелі і шчыткі з пажарным абсталяваннем. Гісторыя ведае прыклады, калі электрычныя кабелі бяздумна праводзілі нават праз выдатныя фрэскі Джота... У гэтых выпадках стаіць задача аховы помнікаў ад слядоў дзейнасці сучаснага чалавека праз граматныя інжынерныя рашэнні.

Разглядаліся на семінары і асаблівасці лазернай ачысткі твораў жывапісу, скульптуры, тэкстылю як больш далікатнага метаду ў параўнанні з механічным.

У некаторых выпадках, калі аснову твора нельга аднавіць, няхай гэта будзе крохкая тынкоўка ці сточаная шашалем дошка, роспіс пераносяць на іншую. Гэта лічыцца адным з самых працаёмкіх працэсаў, але часам звярнуцца да яго — адзіная магчымасць уратаваць твор. Так былі данесены да нас многія грэчаскія фрэскі, якія пацярпелі пад час затаплення, так ратуюць ляўкасы, што прыходзяць у заняпад... У Польшчы з прычыны змяншэння колькасці вернікаў актуалізавалася праблема спусцелых касцёлаў, і перанясенне фрэсак на тэкстыль дае ім шанец на жыццё ў музеі.

Дні, праведзеныя ў палацавай атмасферы, сталі святам для студэнтаў. Семінар быў важны для набыцця досведу ў даследаванні, спасціжэнні майстэрства, для асэнсавання прафесіі. Цікавым гэты час стаў і для гасцей, бо яны адкрылі для сябе раней невядомыя ім старонкі гісторыі Беларусі. Першы дзень правялі ў Мінску, наведаўшы калег, Акадэмію мастацтваў, Вялікі тэатр. Была паездка ў Мірскі замак, у Навагрудак, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч.

Ужо развітваючыся з беларускімі студэнтамі, польскія эксперты выказвалі надзею на тое, што калі-небудзь будзе магчымасць сумесна папрацаваць над захаваннем беларускіх помнікаў мастацтва. У пажаданне маладому пакаленню загадчык кафедры рэстаўрацыі мастацкага тэкстылю варшаўскай Акадэміі прафесар Хелена Хрышко сказала: “Не мае значэння, ці станеце вы добрымі спецыялістамі. Галоўнае — любіце сваю працу, і тады не зможаце імі не стаць”.

Ганна КЛІМЕНКА, выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ