Эпізод, што стаў панарамай

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Пра Першую сусветную з дачыненнем да Беларусі
11 лістапада, у Міжнародны дзень памяці загінулых у Першай сусветнай вайне, адбылася прэзентацыя новай кнігі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Вячаслава Бандарэнкі “Героі Першай сусветнай”. Яна прайшла ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і была прымеркавана да 95-й гадавіны з дня заканчэння Першай сусветнай вайны.

/i/content/pi/cult/454/9547/15-3.jpg

Прадстаўляючы свой твор, аўтар назваў прычыны напісання кнігі. Па-першае, гісторыя Першай сусветнай надзвычай цікавая. Па-другое, падзеі гэтай вайны адбіліся на лёсах многіх беларускіх сям’яў. Па-трэцяе — неаплатны доўг памяці палеглым за Айчыну. І, нарэшцэ — тая акалічнасць, што найважнейшыя, лёсавызначальныя падзеі Першай сусветнай адбываліся на беларускай зямлі.

Пісьменнік згадаў, што цікавасць да згаданага перыяду ў яго справакаваў фотаздымак маладога чалавека ў вайсковай форме, які ён пабачыў у сямейным альбоме. Зачапіўшыся думкай за гэты эпізод хронікі свайго роду, Вячаслаў Бандарэнка выйшаў на асэнсаванне падзеі глабальнага маштабу. Як вядома, у Вялікай вайне, як называлі яе сучаснікі, бралі ўдзел 38 краін. У прыватнасці, 50 працэнтаў мужчынскага насельніцтва Беларусі было мабілізавана ў войска. На думку аўтара, урокі Першай сусветнай дагэтуль не засвоены.

Кніга Вячаслава Бандарэнкі выйшла ў маскоўскім выдавецтве “Молодая гвардия”, у папулярнай серыі “Жыццё знакамітых людзей”. Яна складаецца з 12 нарысаў — біяграфій удзельнікаў вайны, якія належаць да розных сацыяльных груп Расійскай імперыі: гэта прадстаўнікі генералітэту, афіцэр флоту і авіятары, сын вялікага князя і данскі казак, сястра міласэрнасці, ваенны свяшчэннік і гусары… Праз канкрэтыку лёсаў ствараецца панарама вялікіх падзей.

У час прэзентацыі прысутныя пабачылі фрагменты новага мастацка-публіцыстычнага фільма “Святая Рыма”, створанага тэлекампаніяй “Ваен ТБ” і “Беларусьфільмам”. Ён прысвечаны адной з гераінь кнігі — сястры міласэрнасці Рыме Івановай. Яна была пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Святога Георгія IV ступені, які паводле статуса прызначаўся толькі для афіцэраў і генералаў. Да Рымы Івановай, якая ўвогуле не мела воінскага звання, за ўсю гісторыю Расіі георгіеўскім кавалерам была толькі адна жанчына — сама заснавальніца ордэна імператрыца Кацярына ІІ. Здымкі фільма праходзілі на месцах баёў у Беларусі, праз якія прайшла гераіня, і на яе радзіме ў Стаўрапалі.

Лёс іншых герояў кнігі таксама звязаны з ваеннымі падзеямі на беларускай зямлі. Тут, са Стаўкі ў Магілёве кіравалі войскамі генералы Міхаіл Аляксееў, Аляксей Брусілаў, Лаўр Карнілаў. Генерал Мікалай Юдзеніч ваяваў на іншым напрамку, але ягоныя родавыя карані — на Міншчыне. Легендарны казак Казьма Кручкоў здзейсніў адзін са сваіх подзвігаў у баі ля беларускай вёскі Людвінава, што на Вілейшчыне. У Полацкім кадэцкім корпусе вучыўся прадстаўнік імператарскай фаміліі князь Алег Раманаў, сын вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча. Ён быў паранены пад Вільняй, памёр у шпіталі. На нашай зямлі здзейснілі свае подзвігі першы ас рускай авіяцыі Аляксандр Казакоў і экіпаж самалёта “Ілля Мурамец-XVI”: Дзмітрый Макшэеў, Фарух Гаібаў, Мітрафан Рахмін і Алег Карпаў. Экіпаж загінуў ля вёскі Баруны.

Асобным раздзелам у кнізе змешчана храналогія асноўных падзей на рускім фронце Першай сусветнай вайны 1914 — 1918 гадоў, у якой пазначаны беларускія геаграфічныя назвы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"