Эпоха ВМТ

№ 46 (1120) 16.11.2013 - 22.11.2013 г

Адсюль выйшаў той рэалізм, які радыкальна разбурыў падмурак авангарда
24 снежня адбудзецца ХХІ З’езд мастакоў Беларусі. А роўна 75 гадоў таму прайшоў Першы З’езд, на якім і быў утвораны Саюз мастакоў БССР (цяпер — Беларускі саюз мастакоў). На гэтым форуме большасць яго ўдзельнікаў склалі былыя педагогі ды выпускнікі Віцебскага мастацкага тэхнікума (вучылішча). І якраз сёлета ўвосень споўнілася 90 гадоў з дня заснавання гэтай вядомай у Беларусі і за яе межамі ўстановы — сапраўднай кузні нацыянальных кадраў мастакоў, якія заклалі фундамент сучаснай выяўленчай культуры нашай краіны.

/i/content/pi/cult/454/9546/15-1.jpg /i/content/pi/cult/454/9546/15-2.jpg

Віцебск. Побач з гарадской ратушай, ля сцяны старадаўняга будынка з купалам, на рагу вуліц Суворава і Маякоўскага размяшчаецца Дзіцячая мастацкая школа № 1, а з 1923-га па 1941-ы тут знаходзіўся знакаміты Віцебскі мастацкі тэхнікум, перайменаваны ў 1934-м у вучылішча. На будынку — пяць мемарыяльных дошак: народнаму мастаку Беларусі і СССР Заіру Азгуру, народнаму мастаку Беларусі Андрэю Бембелю, народнаму мастаку Беларусі Сяргею Селіханаву, народнаму архітэктару СССР Уладзіміру Каралю і народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву. Так, таму самаму Васілю Уладзіміравічу, які пасля заканчэння 9-га класа ў вёсцы Кублічы Ушацкага раёна падаўся ў Віцебскае мастацкае вучылішча. Быкава спачатку залічылі на жывапісна-педагагічнае аддзяленне, а потым, па яго жаданні, перавялі на скульптурнае. Тут ён вучыўся з 1938 года. Як потым пісьменнік напіша ў аўтабіяграфічнай аповесці “Доўгая дарога дамоў”, “…толькі вучыцца там доўга не прыйшлося, таму што ў 1940 годзе стыпендыю адмянілі, і гэтая акалічнасць вярнула мяне ў вёску…”.

Урэшце, і пры іншых абставінах будучы пісьменнік не змог бы скончыць вучылішча. Вайна надоўга перакрэсліла не толькі ягоныя творчыя планы, але і многіх яго равеснікаў, якія таксама марылі стаць вядомымі мастакамі, а вымушаны былі па поклічы Радзімы апрануць салдацкія шынялі…

Ды вернемся ў 1920-я.

…Пасля перамогі савецкай улады і заканчэння Грамадзянскай вайны перспектывы для здольных юнакоў творчага складу адкрываліся радасныя. Менавіта тагачасны Віцебск стаў своеасаблівай культурнай Мекай для ўсёй Беларусі, дзе зараджалася новае савецкае пралетарскае мастацтва. І ў гэтым выдатную ролю адыграў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Першапачаткова такая школа прызначалася для абслугоўвання ўсёй заходняй часткі новай савецкай дзяржавы: у краіне дзейнічалі толькі чатыры падобныя школы. А калі ў красавіку 1924-га Віцебск разам з некалькімі паветамі Віцебскай губерні ўвайшоў у склад БССР, новая навучальная ўстанова атрымала назву “Беларускі мастацкі тэхнікум”.

І што б пра яго ні казалі і не пісалі некаторыя ультракрытыкі тых часоў, іранічна называючы тэхнікум “нейкім аскепачкам малевічаўска-ермалаеўскага Віцебскага мастацка-практычнага інстытута”, ён стаў, у поўным сэнсе, сапраўднай кузняй нацыянальных кадраў Савецкай Беларусі: жывапісцаў, скульптараў, графікаў, сцэнографаў, майстроў афарміцельскага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І ў гэтай кузні кавалася тое мастацтва, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў стала “візітоўкай” сучаснай беларускай выяўленчай творчасці з усімі яе выдатнымі ўзлётамі і крыўднымі падзеннямі. Але, як бы там ні было, без традыцый Віцебскага мастацкага тэхнікума пасляваеннае і сучаснае мастацтва Беларусі было б іншым…

Пачыналася ўсё няпроста. Ужо напрыканцы 1921 года ў культурным жыцці Віцебшчыны стаў прыкметны яўны спад. І на тое былі свае прычыны, звязаныя з пераходам краіны да новай эканамічнай палітыкі, якая жорстка ўдарыла па сацыяльнай базе “левага” мастацтва. Прасцей кажучы, рэвалюцыйны супрэматызм страціў свой былы аўтарытэт у горадзе, у выніку чаго прадстаўнікі УНОВИСа аказаліся без фінансавай, матэрыяльнай ды маральнай падтрымкі з боку ўладных структур, у тым ліку — Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі і Аддзела народнай адукацыі губернскага выканкама, якім была падпарадкавана ўся мастацкая дзейнасць горада і губерні. Апошні ўзлёт “левага” мастацтва адбыўся ў маі 1922-га ў час дэманстрацыі Трэцяй выстаўкі, арганізаванай К.Малевічам і ягонымі паплечнікамі. А экспазіцыя твораў вучняў Мастацка-практычнага інстытута, што адкрылася 13 мая 1923 года ў Доме асветы, наогул, сустрэла рэзкае асуджэнне ўдзельнікаў губернскага з’езда работнікаў мастацтва. Усе дзесяць першых (і апошніх) выпускнікоў інстытута, якія атрымалі званне мастакоў-канструктывістаў, раз’ехаліся хто куды...

Хаця, з іншага боку, заставаліся і абаронцы “адыходзячай натуры”. Так, нейкі рабкар пад ініцыяламі “З-т” у газеце “Известия Витебского губисполкома и губкома РКП(б)” № 148 ад 5 ліпеня 1923 года адзначыў: гэтая выстаўка “…паказала, што інстытут правільна ацаніў задачы, якія стаяць перад ім на жыццёвым шляху і якія найбольш поўна адказваюць запытам дзяржавы і пралетарскага грамадства”. А два дні да гэтага тая ж газета паведаміла, што з горада Веліжа (тагачасная Віцебская губерня), які праз некалькі месяцаў увойдзе ў склад Смаленскай вобласці, запрашаюцца на работу ў якасці педагогаў інстытута скульптар Міхаіл Керзін, жывапісцы Валянцін Волкаў і Міхаіл Эндэ. Усе трое — былыя выхаванцы пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, якія даўно працавалі ў Веліжскай мастацкай школе.

Падкрэслю, што гэтае запрашэнне адбылося яшчэ за месяц да кардынальнай рэарганізацыі Мастацка-практычнага інстытута. Разам з гэтай тройкай педагогаў, праўда, крышачку пазней, з Веліжа прыехалі ў Віцебск таленавітая мастачка Марыя Лебедзева і жывапісец Уладзімір Хрусталёў, вучань Барыса Кустодзіева, — таксама былыя “акадэмісты”. Праз некаторы час да гэтай групы далучыліся гадаванец Школы тэхнічнага рысавання барона Штыгліца кераміст Мікалай Міхалап (будучы першы дырэктар Беларускай дзяржаўнай карціннай галерэі), жывапісец і графік Фёдар Фогт і скульптар Гаўрыла Шульц, які атрымаў адукацыю ў ВХУТЕМАСе — ВХУТЕИНе. Пазней уклад у педагагічную дзейнасць тэхнікума ўнеслі таксама І.Ахрэмчык, Л.Лейтман, В.Дзежыц, В.Руцай, Д.Камароў (Комар), А.Мазалёў, З.Гарбавец, а таксама М.Каспяровіч, Я.Мінін і П.Даркевіч, незаконна рэпрэсаваныя ў 1937-м як “ворагі народа”. Але ўсё гэта будзе потым…

А пакуль у жніўні — верасні 1923 года горад пакінулі апошнія магікане-супрэматысты на чале з К.Малевічам, якія апынуліся, так бы мовіць, у грамадскай ізаляцыі: большая частка з‘ехала ў Петраград, каб у гэтым горадзе паспрабаваць рэалізаваць тыя ультрасучасныя мастацкія навацыі, якія ў сваёй аснове былі распрацаваны ў горадзе на Дзвіне. З былога складу педагагічных кадраў у Віцебску засталіся толькі Ю.Пэн ды яго маладыя памочнікі рэалістычнага кірунку А.Бразер, а таксама С.Юдовін і Я.Мінін, якія хутка, з-за жорсткіх рознагалоссяў з толькі што прызначаным дырэктарам тэхнікума М.Керзіным, пакінулі ўстанову (праўда, Я.Мінін пазней у тэхнікум вярнуўся).

Словам, лёс “левага” Віцебскага мастацка-практычнага інстытута (пераемніка Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і Віцебскіх вышэйшых дзяржаўных мастацкіх тэхнічных майстэрняў), што праіснаваў акурат паўтара года (студзень 1922-га — чэрвень 1923-га), быў канчаткова вырашаны. Кароткая эпоха пад знакам Марка Шагала — Казіміра Малевіча, здавалася, сышла ў нябыт. Аднак праз сем-восем дзесяцігоддзяў яна зноў адродзіцца пад назвай “Віцебская мастацкая школа” і ўжо назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю сусветнай выяўленчай культуры, якую будуць вывучаць нароўні з іншай аналагічнай мастацкай школай першай чвэрці ХХ ст. — Парыжскай...

(Працяг чытайце ў наступных нумарах.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"