Шукае працу генератар ідэй! А патрабуецца хто?

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Бавіць вольны час студэнт можа па-рознаму, у тым ліку з карысцю для сваёй кар’еры. Нават учарашні абітурыент, а сёння — першакурснік, у стане не толькі авалодваць тэарэтычнымі ведамі — ад універсітэцкіх выкладчыкаў ды падручнікаў, — але і назапашваць досвед працы па вызначанай спецыяльнасці.

/i/content/pi/cult/453/9544/1-2.jpg

Студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў дапамагчы ў гэтым мусіць праект “ПРАЦАвіТЫ”, арганізаваны 5 лістапада, дарэчы, па ініцыятыве тых жа студэнтаў. Адразу скажам: праект — дэбютны. А таму было вырашана для пачатку запрасіць да ўдзелу студэнтаў факультэта культуралогіі і менеджменту сацыяльна-культурнай сферы БДУКіМ, а таксама патэнцыйных працадаўцаў, арэал якіх абмяжоўваецца пакуль беларускай сталіцай. Мы паспрабавалі даведацца, на што разлічваюць першыя і што могуць прапанаваць другія...

Праца ў сферы: дайце перспектыву!

/i/content/pi/cult/453/9544/7-1.jpg

Настасся БАТУРА, студэнтка IV курса, кіраўнік праекта “ПРАЦАвіТЫ”:

— Мы зрабілі праект, каб матываваць студэнтаў да прафесійнага росту. Для таго, каб стварыць праект, часу спатрэбілася — больш за месяц. Былі разасланы прэс-рэлізы 220 кампаніям. Мы вырашылі пачаць праект са студэнтаў, што стануць менеджарамі сферы культуры. Гэта тыя людзі, якія могуць атрымаць працу па рэзюмэ. Мы спыніліся на сталічных кампаніях, найперш таму, што зараз вучэбны працэс у разгары. Зразумела, студэнт дзённай формы навучання не зможа працаваць удалечыні ад Мінска. А вось напрыканцы года мы, магчыма, далучым і арганізацыі з рэгіёнаў, хоць і не ставім за мэту працаўладкаваць усіх студэнтаў. Напярэдадні ў нас праходзіў тыдзень майстар-класаў і трэнінгаў, пад час якіх студэнты знаёміліся з філасофіяй “целеполагания”. Інакш кажучы, праект дапаможа акрэсліць мэты…

/i/content/pi/cult/453/9544/7-2.jpg

Дар’я СКАРАХОДКІНА, студэнтка ІІ курса:

— Папярэдне выбрала пяць кампаній, якія, найперш, займаюцца івэнт-менеджментам, арганізацыяй мерапрыемстваў, канцэртаў. Пакуль у мяне няма вопыту працы, але я ўдзельнічала ў шматлікіх валанцёрскіх праектах сацыяльнай скіраванасці. Так пад час “Белага фестывалю” мы працавалі з дзецьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці, і сіротамі. Таму абраным кампаніям буду прапаноўваць сябе як арганізатар мерапрыемстваў, а таксама — як генератар ідэй.

Зараз маю ідэю зладзіць праект, скіраваны на пашырэнне ведаў школьнікаў пра культуру. Пераканана, калі школьнікам на іх жа мове студэнты будуць расказваць пра культуру і мастацтва, гэта дасць свой пазітыўны эфект. Чаму я вырашыла працаваць з другога курса? А навошта час губляць? Хочацца, каб на чацвёртым курсе я не сутыкнулася з праблемай працаўладкавання і не шукала хаатычна “месца пад сонцам”. Таму трэба ўжо цяпер займацца сваім партфоліа.

Прызнаюся, пакуль не гатова працаваць у сельскай мясцовасці. Але чаму б не ладзіць праекты, скіраваныя на вёску, у Мінску? Вось гэтым мне вельмі цікава займацца…

/i/content/pi/cult/453/9544/7-3.jpg

Кацярына БАСІК, студэнтка ІІІ курса:

— Я — вельмі актыўны чалавек. Раней кіравала студсаветам Універсітэта. Потым было валанцёрства, калі я ездзіла ў дзіцячыя дамы, арганізоўвала там дабрачынныя канцэрты, шукала спонсараў для рэалізацыі гэтых праектаў. Арганізоўвала дапамогу студэнтам, што жадалі вывучаць англійскую мову і кітайскую культуру. На трэцім курсе зразумела: я магу атрымліваць грошы за тое, што раблю бясплатна. Сумяшчаю навучанне з працай ў Мінскім гарадскім адукацыйным цэнтры “Лідар”. Я — педагог-арганізатар, мне цікава кантактаваць з дзецьмі. Заняткі заканчваюцца ў першай палове дня. А другой гадзіне я ўжо на працы, якой занята ўвесь вечар і ўсе выхадныя… На жаль, я — адна з нямногіх, што сумяшчаюць навучанне не столькі з атрыманнем заробку, колькі з фарміраваннем будучых працоўных навыкаў. Аднак пасля заканчэння Універсітэта ў “Лідары” я не застануся. Гэтая праца мне патрэбна, так бы мовіць, для нарошчвання творчых мускулаў. Не выключана магчымасць, што пасля выпуску мяне “зачэпіць” і сельская культура…

/i/content/pi/cult/453/9544/7-4.jpg

Дар’я МАШКО, студэнтка IV курса:

— Я ўпэўнена, што знайду на гэтым кірмашы вакансій сваю першую працу. Але зайздрошчу першакурснікам, бо яны маюць на гэтыя пошукі больш часу. Дый сумяшчэнне працы з навучаннем дадае маладому чалавеку самастойнасці… Я хацела б займацца канцэртнай дзейнасцю, рэкламай на тэлебачанні. Адна з ідэй, напрыклад, — арганізацыя музычнага маладзёжнага фестывалю дзе-небудзь у беларускай глыбінцы з удзелам абсалютна непрасунутых гуртоў. Я нарадзілася ў Маладзечне, а гэты горад, як вы ведаеце, — надзвычай музычны…

/i/content/pi/cult/453/9544/7-5.jpg

Вольга ГУДЗІЛІНА, студэнтка IV курса:

— Кірмаш вакансій прадастаўляе магчымасць прайсці стажыроўку, бліскучую працоўную практыку. Універсітэт дае нам цудоўныя веды. Я асабіста жадаю паспрабаваць сябе ў адміністраванні. Можа, праект і не дасць мне стабільнай працы, але не пашкодзіць і часовая стажыроўка. Калі “ПРАЦАвіТЫ” займее працяг і калі ў кірмашы вакансій будуць браць удзел кіраўнікі раённай ды абласной культуры, якія здолеюць зацікавіць мяне ўмовамі першага месца працы, я паеду ў рэгіён. А зацікавіць могуць, натуральна, жытло, заробак, перспектыва кар’ернага росту…


Ад прыбіральшчыка да вэб-майстра

Аляксандр ДРАГУН, спецыяліст па кадрах гатэля “Еўропа”:

— У першую чаргу мы можам прапанаваць студэнтам працоўныя спецыяльнасці. Гэта вакансіі афіцыянтаў, бармэнаў, прыбіральшчыкаў, а таксама, у перспектыве, адміністратараў. У нас былі такія прыклады, калі колішнія студэнты пачыналі працаваць у гатэлі тымі ж афіцыянтамі, а пасля атрымання дыплома пераводзіліся на пасаду адміністратара. Да слова, 30 працэнтаў нашых супрацоўнікаў — студэнты сталічных ВНУ, у тым ліку Універсітэта культуры…

Каміла АЙРЭСТ, спецыяліст па рабоце з персаналам кампаніі па продажы адзення:

— Мы прыйшлі, каб запрасіць да нас шырокі спектр супрацоўнікаў: ад прадаўцоў да спецыялістаў па рэкламе і маркетынгу. Прад’яўляем патрабаванні, найперш, да асобасных якасцей студэнта: актыўнасці, мэтанакіраванасці... Мы гатовы дадаткова навучаць супрацоўнікаў, павышаць іх кваліфікацыю. У тым ліку пры зацікаўленасці з боку студэнтаў гатовы ўкласці ў іх падрыхтоўку свае сродкі, напрацоўкі, веды…

Кацярына КАРНІЛЕВІЧ, кіраўнік творчай арганізацыі:

— Мы займаемся, у тым ліку, развіццём музычных некамерцыйных праектаў, падтрымкай айчынных музыкантаў. А таму нам вельмі патрэбны творчыя асобы. Жадаем даць студэнтам магчымасць развівацца, прафесійна расці. Працуючы ў нас, яны змогуць прадметна разабрацца, з якіх частак складваецца арганізацыя святочнага мерапрыемства. Студэнты навучацца падбіраць артыстаў, правільна выкарыстоўваць свае крэатыўныя ідэі.

Зараз плануем арганізаваць некамерцыйны фестываль мастацтваў. Тым больш, маем добры вопыт працы са студэнтамі Універсітэта…

Вольга КРЫЎЦОВА, рэдактар аддзела навін сайта пра адукацыю:

— Шукаем на кірмашы вакансій новых валанцёраў для нашага сайта — актыўных маладых людзей, якія жадаюць займацца праектамі ў галіне адукацыі як у Беларусі, так і за яе межамі, праявіць свае лідарскія здольнасці, рэалізаваць крэатыўныя ідэі. Трэба сказаць, гэтым праектам мы самі займаемся, так бы мовіць, для душы, а таму спадзяёмся, што менавіта наша зацікаўленасць дазволіць знайсці аднадумцаў і сярод студэнтаў…

Алена ВЕЛЯМОВІЧ, намеснік дырэктара Мінскага гарадскога адукацыйнага цэнтра “Лідар”:

— На сённяшнім кірмашы вакансій мы шукаем студэнтаў, якія маглі б працаваць педагогамі-выхавацелямі. Калектыў у нас — малады. Якія кадры нас зацікавяць? Творчыя і камунікатыўныя! Дзеці ў цэнтры — самага рознага ўзросту: ад сямі да сямнаццаці гадоў. І кожны патрабуе індывідуальнага падыходу. Паверце, падрыхтаваць для іх цікавае ды карыснае мерапрыемства — вельмі няпростая рэч. Тым не менш, цэнтр спраўляецца са сваімі абавязкамі. І кожны ахвотны падзарабіць пабольш, можа павялічыць уласную нагрузку, весці заняткі ў большай колькасці секцый. Натуральна, няпроста. Але прысутная тут Каця Басік — спраўляецца, каардынуе творчую працу ўсяго Цэнтра...

Вікторыя ВАЛОШЫНА, дырэктар кампаніі па стварэнні вэб-сайтаў:

— Шукаем будучых крэатыўшчыкаў для сваёй кампаніі. Ведаю, што ў раённых аддзелах, якія займаюцца развіццём рэгіянальнай культуры, — сайты не самыя лепшыя. (А хутчэй за ўсё — іх няма наогул. — Рэд.) Між тым, з развіццём турызму, з павелічэннем цікавасці да нашага традыцыйнага мастацтва і архітэктурнай спадчыны такія электронныя крыніцы інфармацыі — вельмі запатрабаваныя ў карыстальнікаў… Мы, да прыкладу, распрацавалі нядаўна сайт для спартыўнага комплексу “Сілічы”. Падаецца, чаканні апраўдалі, бо многія кампаніі нас заўважылі. Спадзяёмся, убаку не застанецца і сфера культуры...

 

Дык якія ж мускулы нарошчваем?

Студэнцкі праект — ухвальны, як ухвальная любая перспектыўная ініцыятыва. А ў тым, што гэтая ініцыятыва “па нарошчванні творчых мускулаў” — перспектыўная, не сумняваемся. Толькі вельмі не хацелася б, каб студэнты БДУКіМ, крэатыўныя і няўрымслівыя, з першага курса пачалі б сумяшчаць навучанне з асваеннем прафесіі, скажам, афіцыянта ці прыбіральшчыка. Такая “стажыроўка”, пагадзіцеся, нагадвае хутчэй фізічную падпрацоўку ў жаданні займець грашовы дадатак да стыпендыі. Мускулы можна нарасціць — ды толькі не творчыя.

Усё зразумела: праект “ПРАЦАвіТЫ” пакуль яшчэ набірае разбег. Студэнты толькі спрабуюць вучыцца, як самавызначыцца, як паводзіць сябе з патэнцыйным працадаўцам, як прэзентаваць свае ідэі, амбіцыі, талент, як наладжваць узаемакарыснае супрацоўніцтва. Пажаданне — адзінае: не распыляцца і адточваць менавіта профільныя навыкі. Іх рэалізацыя пры правільным падыходзе прынясе не меншы матэрыяльны даход, чым у бармена і афіцыянта.

Другі нюанс. Студэнцкі праект, як падаецца, павінен сумяшчацца з вытворчай практыкай, у прыватнасці, у рэгіёнах нашай рэспублікі. Так, можна і ў Мінску працаваць на развіццё той жа культуры сяла, забяспечваючы яркімі самабытнымі праектамі клубы ды бібліятэкі раёнаў і абласцей. І хто сказаў, што гэтыя праекты не павінны быць камерцыйнымі? Між тым, гэтая ніша — амаль не занятая. Сярод штодзённай руціны вартыя ўвагі аўтарскія праекты сельскіх работнікаў культуры — ледзь заўважныя. Шкада!

Інакш кажучы, мы вельмі хацелі б, каб “ПРАЦАвіТЫ” ад БДУКіМ стаў сапраўды практыкаарыентаваным, каб студэнт, дасягнуўшы чацвёртага курса, цвёрда ведаў, дзе і якім чынам ён стане прыкладаць свае папраўдзе творчыя сілы. Без гэтага ведання рэгіёны, а тым больш — аддаленыя ад сталіцы, так і застануцца абяздоленымі ў кадравым плане. Хіба пасярод беларускіх палёў і лясоў застанецца праз якое стагоддзе адзін горад — Мінск?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"