“Гаворыць” і паказвае... цішыня

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Несталіца — сталіца — сусвет: вынікі “ТэАРТ”а-2013
Стылёвая палітра “ТэАРТ”а год за годам ахоплівае не толькі ўласна драматычныя, але і пластычныя, харэаграфічныя, музычныя спектаклі, а таксама створаныя на мяжы відаў мастацтва. Пластыка даўно ўжо стала неад’емнай часткай ледзь не любога тэатра ўвогуле, сфарміраваўся і асобны кірунак пластычных спектакляў, а сучасныя харэаграфічныя пастаноўкі ўжо некалькі гадоў як сталі на роўных атрымліваць тую ж Расійскую тэатральную прэмію “Залатая Маска”. На нашым “ТэАРТ”е такога роду “бязмоўны” (ці амаль бязмоўны) пласт быў прадстаўлены спектаклямі высокага ўзроўню: “Sadeh21” (“Батшава Данс Компані” з Тэль-Авіва), парыжскі “Шэпат сцен” кампаніі “Маленькі гадзіннік” і дзве нашы пастаноўкі — “Рамонт” тэатра “IнЖэст” і, у дадатковай праграме, студэнцкія “Латэнтныя мужчыны” Яўгена Карняга. Не мела літаратурнай асновы “Доўгае жыццё” Новага рыжскага тэатра. І хаця апошні нельга назваць у поўнай меры пластычным, паспрабуем таксама разгледзець яго з нечаканага ракурсу.

/i/content/pi/cult/453/9543/8-1.jpg

На мужчын і жанчын разлічыцеся!

“Латэнтныя мужчыны” ўпершыню “выбухнулі” ў чэрвені, калі студэнты нашай Акадэміі мастацтваў заканчвалі трэці курс. Вучэбная пастаноўка? Можа, і так. Але Яўген Карняг, як у той казцы, да чаго ні дакранецца — усё ператвараецца ў адмысловую з’яву. У верасні гэты спектакль узарваў Х Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”: у кулуарах толькі і размоў было, што пра “Латэнтных...”. Нарэшце, тыя былі паказаны на “ТэАРТ”е — і ніколькі не згубіліся на фоне такой колькасці сусветна прызнаных пастановак. З адной простай прычыны: спектакль, хаця дзесьці і выходзіць на плакатнасць, а то і рэзкасць, безапеляцыйнасць выказванняў, атрымаўся папраўдзе філасофскім — у ім “вытанцоўваюцца” няпростыя думкі пра жаноцкасць мужчын і “брутальнасць” жанчын. Прычым размова вядзецца “тэт-а-тэт” з гледачом — без падзелу на сцэну і залу, у адным непрыстасаваным пакоі. Яго абшарпаныя сцены, што ніколі не ведалі еўрарамонту, найлепшым чынам выконваюць ролю “сцэнаграфіі” — разам з пісуарамі, развешанымі ледзь не пад столяй як сімвал недасяжнасці.

Туманна-балотны "салярыс”

У “Рамонце” публіку, пераважна маладзёжную, вабіць ужо сам антураж: гледачы — на сцэне, дзеянне — у партэры, амфітэатры, на балконе, у праходах, на крэслах і паміж імі. Аўтар ідэі і рэжысёр Вячаслаў Іназемцаў (ён жа стваральнік, кіраўнік і ўдзельнік “ІнЖэста”) надзвычай крэатыўна “абжывае” ўсю прастору і нават паветра глядацкай залы Палаца культуры чыгуначнікаў. Спачатку мы пачуваем сябе быццам у якасці “акцёраў”, бо на нас накіраваны пражэктары, а рэдкія “гледачы” ў зале з цікавасцю ўглядаюцца ў нашы твары, быццам гэта не мы, а яны прыйшлі “на нас падзівіцца”. У буклетах такое становішча было названа “пярэваратнай сістэмай каардынатаў”. Але “фішкай” аказваецца зусім не сітуацыя рамонту, вынесеная ў назву. Гэты пласт спектакля — хіба знешні: крэслы ахінуты лёгкай плёнкай-покрывам, у праходах без асаблівага энтузіязму фланіруюць-працуюць, потым уладкоўваюцца на “перакус” будаўнікі ў спецадзенні і касках. Але ўсё гэта — паралельна з асноўным дзеяннем, што адбываецца пад і над зацягнутымі крэсламі. Накрыўка “дыхае”, калышацца, з дапамогай асвятлення ператвараецца ў нейкую “туманную дрыгву”, і з гэткага “салярысу” паўстаюць-узнімаюцца цені-прывіды — быццам героі беларускіх паданняў.

А што, хіба не могуць ажываць прывіды ў будынку, дзе ідзе рамонт? Акурат тут ім самае месца! Патурбавалі іх пераробкамі памяшкання, дзе яны знайшлі прыстанішча, — вось яны і павылазілі. Прыблізна так можна выкласці “сюжэт” для аматараў паслядоўнага “жыццёвага” аповеду. Але і гэтая лінія спектакля — знешняя, далёкая ад яго сутнасці.

Узгадаем, што ў 1990-я паводле беларускіх легенд, па лібрэта знаўцы нацыянальнага танцавальнага фальклору Юліі Чурко, у нашым Вялікім тэатры ставіўся балет “Кругаверць”. Пры ўсёй адрознасці стылістыкі, той спектакль таксама складаўся з повязі асобных міфалагічна-побытавых мініяцюр. Але быў, пры ўсёй філасофіі, куды больш “рэалістычным”, распавядальным, з акцэнтам на меладраматычных дэталях. У “Рамонце” ж, хутчэй, узнікае сінтэз “ажыўленай” містыкі, а бліжэй да фіналу, у сцэне “штурму балкона”, і буфанаднай фантасмагорыі — з народнай пластычнай драмай, жанр якой аказваецца асноўным. Пры гэтым кожны эпізод выклікае самыя розныя асацыятыўныя сувязі, разлічаныя на ўспрыняцце любой аўдыторыяй. Але, здаецца, не было ў зале чалавека, для каго той запаволена-містычны “калейдаскоп” раптам не склаўся б у рэальную, а не міфалагізаваную гісторыю беларускага народа.

Форма спектакля, магчыма, магла падацца камусьці крыху “раскіданай”, расцягнутай. Ну любіць В.Іназемцаў па некалькі фіналаў — і ў гэтым таксама ягоны “почырк”! Але заварожанасць дзеяй такая, што час пралятае, нібыта ў сне. Арыгінальная і сама ідэя — “выпаўзання” ўсё новых постацей з-пад покрыва, — і пластычныя рашэнні кожнага фрагмента. Фантазія пастаноўшчыка не мае межаў, штораз ён знаходзіць новыя падыходы, не паўтараецца ў сваіх прыёмах, пакідае выканаўцам магчымасць на імправізацыю, але выкарыстоўвае лейтматывы, якія трымаюць канструкцыю і ярчэй высвечваюць ідэі. Таму спектакль можна глядзець не толькі як пластычна запаволены разгорт думкі, але і як таямнічую дзею, як пластыку бясконцых пераўтварэнняў. І не толькі глядзець, але і слухаць! Бо яго ўдзельнікамі становяцца Мацвей Сабураў і гурт “Плато”, што надае спектаклю асаблівае жывое дыханне і стэрэаэфекты.

Глядзець спектакль хочацца неаднойчы. Хаця з апошнім пакуль праблематычна: з-за адсутнасці свайго памяшкання, складанасці самой “сцэнаграфіі”, інтэрнацыянальнасці праекта (у ім удзельнічае некалькіх акцёраў з Еўропы, што далучыліся ў час майстар-класаў). Таму фестывальны паказ быў усяго другім па ліку, хаця прэм’ерны адбыўся ажно некалькі месяцаў таму. Урэшце, пра сітуацыю гэтую “К” пісала ў № 20 за 2013 г.

Не цыкайце на цырк!

Здані, мроі і містыка шчодра “насялялі” і “Шэпат сцен”, які можна назваць аўтарскім спектаклем Вікторыі Т’ерэ-Чаплін — дачкі сусветна вядомага артыста і рэжысёра. Здавалася б, тая ж зыходная сітуацыя: у доме — рамонт, пераезд, гераіня “сядзіць на чамаданах” (дакладней, на кардонных каробках), а потым збягае. Толькі хіба можна збегці ад сябе? Ніякай эпікі, уласцівай “Рамонту”, — адно псіхалагічныя ваганні. Але ж наколькі французскім, па-жаночаму вытанчаным, грацыёзным аказаўся гэты аповед на мяжы тэатра і цырка! Ад апошняга — ніякай клаўнады, дэманстрацыі фізічна-спартыўных магчымасцей. Толькі тэатральныя пераўтварэнні назваць фокусам, трукам — нельга аніяк: гэта штосьці накшталт чараўніцтва, прызначанага не здзівіць, а раскрыць тонкую, чуйную да ўнутранага голасу, псіхалогію гераіні, здольную бачыць і чуць тое, што недаступна іншым.

Ізраільскі спектакль “Sadeh21” таксама стаў чараўніцтвам, толькі іншага кшталту. Сола, дуэты, разнаколькасныя ансамблі — своеасаблівая магія лічбаў, рухаў, скульптурнага спляцення целаў. Ён заварожваў самой эстэтыкай руху — і зафіксаванай позы, харэаграфічнай поліфаніяй — і паслядоўным чаргаваннем асобных сцэн-мініяцюр.

Два пакаленні — адзін "твар"

Поліфаніяй “вечнага руху” ў запаволеным рапідзе ўспрымалася “Доўгае жыццё”. Змест спектакля — адзін дзень з жыцця пяці старых. У двух пакойчыках — сямейныя пары, у трэцім — адзінокі стары. Агульная кухня, сумесны санвузел. Назіраць можна за кім заўгодна ці за ўсімі адначасова. Што гэта — своеасаблівае “рэаліці-шоу”, як было пазначана ў фестывальным буклеце? Можа, і так. Нам паказваюць тое, як стары намагаецца ўладкавацца на ўнітазе, як на рэальнай патэльні рэальна падгарае смажаная рыба, і мы гэтак жа рэальна адчуваем гэты смурод. Але праз час становіцца зразумела, што ўсё гэта — ізноў-такі, знешні слой відовішча. Бо спектакль — не “побытавая хроніка”. Гэта шчымлівы і адначасова надзвычай аптымістычны, скрозь усю трагедыю, гімн жыццю, руху, творчасці.

Здавалася б, кожнае простае дзеянне для насельнікаў гэтай ці то камунальнай кватэры, ці то дома састарэлых — невыканальная задача. Ім цяжка самастойна апрануцца, зрабіць літаральна некалькі крокаў, не кажучы ўжо пра больш складаныя рэчы. Але старыя — кранальныя і смешныя адначасова — жывуць тым, што ім увесь час штосьці патрэбна. Не толькі для элементарнага існавання на ўзроўні “паспаць ды пад’есці”, але і для... самавыяўлення ды творчасці. Яны займаюцца “спартыўнай падрыхтоўкай”, прыстасаваўшы пластыкавыя бутэлькі на вяровачцы ў якасці эспандэра. Вынаходзяць самаробныя электрамузычныя інструменты, эксперыментуюць з гукам. Шыюць — няхай і пахавальнае адзенне адно для аднаго, вяжуць. Малююць, выпальваюць па дрэве. З дапамогай прэзерватываў, выкарыстоўваючы іх як “форму для заліўкі”, вырабляюць адмысловыя сувеніры. І тое, як адзін стары ўвесь час караскаецца па мэблі ўгару, каб павесіць карціну, становіцца сімвалам імкнення да вяршыняў. Сімвалічна і тое, што іграюць старых — маладыя артысты, прычым без грыму, ствараючы вобраз адно праз “старэчую” пластыку.

Рэакцыя залы была рознай. Людзі сталага веку ўпотай змахвалі слязу. Моладзь — рагатала, нібыта глядзела “Маскі-шоу”. Раптам падумалася: а ці ёсць у некаторых юных гледачоў, сярод якіх былі пераважна студэнты профільных устаноў, валанцёры ды іншыя невыпадковыя ў мастацтве людзі, той жа “зарад творчасці”? Няўжо такое бескарыслівае імкненне да вяршыняў, не звязанае з адпаведнай грашовай узнагародай, — такі ж “рарытэт мінулага”, як гэтыя старыя?..

Адказ на гэтае пытанне — у адным з наступных нумароў “К”.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Папярэдні артыкул пра вынікі "ТэАРТ"а-2013 - тут.

Больш здымкаў у папяровай версіі газеты "Культура"!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"