Як зрабіць дабрачынную латарэю на карысць Навагрудскага замка больш эфектыўнай?

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Традыцыі дабрачынных латарэй — не адно дзесяцігоддзе. У розных краінах свету такім чынам адбываецца збор сродкаў на сацыяльныя і культурныя праекты.

Да прыкладу, у нашай краіне ўжо не першы год праводзіцца латарэя “Скарбніца”, сродкі ад якой ідуць выключна на рэстаўрацыю Навагрудскага замка. Апошні па часе, 31 тыраж “Скарбніцы” адбыўся некалькі тыдняў таму. Але наколькі эфектыўнае правядзенне такой латарэі для збору сродкаў на адраджэнне гістарычных каштоўнасцей?

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”:

— Калі ёсць магчымасць арыгінальным чынам далучыцца да добрай справы, то чаму б і не? Відавочна, сабраных падобным чынам грошай не хопіць на ўсе рэстаўрацыйныя работы, але ж і такая фінансавая падтрымка, перакананы, будзе не лішняй. Іншая справа — хочацца, каб і прызы для ўдзельнікаў “Скарбніцы” мелі таксама нацыянальны каларыт: вырабы народных майстроў, пуцёўкі на адпачынак і падарожжы па беларускіх палацах. Прынамсі, сярод іншых даброт кшталту бытавой тэхнікі. Думаецца, арганізатарам “Скарбніцы” трэба ўлічваць і ўзаемасувязь колькасці ўдзельнікаў ды бюджэту латарэі. А таму для павелічэння продажу білетаў трэба праводзіць больш “агрэсіўную” рэкламную кампанію, бо апошнім часам інфармацыю пра “Скарбніцу” можна знайсці, ды і то выпадкова, хіба што ў асобных аддзяленнях “Белпошты”, не ў самым прыкметным месцы, на жаль...

Антон АСТАПОВІЧ, старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

— Правядзенне “Скарбніцы” — справа адназначна карысная, нават калі даходы ад латарэі і не вельмі вялікія. Галоўная функцыя “Скарбніцы” — асветніцкая. Яе правядзенне — адзін з крокаў па заахвочванні, далучэнні грамадства да аховы нашай культурнай спадчыны. Да прыкладу, у 2009 годзе каштарыс на рэстаўрацыю Навагрудскага замка складаў 9 мільярдаў рублёў. І калі б кожны жыхар нашай краіны ўклаў у гэтую справу ўсяго адну тысячу, унікальны гістарычны помнік сёння мог бы прымаць сотні тысяч турыстаў з усяго свету… А таму хацелася б, каб “Скарбніца” стала нацыянальнай латарэяй, са сваімі джэк-потамі ды годнай рэкламай. Зразумела, што за правядзеннем любой масавай латарэі стаіць прафесійная і нятанная прамоцыя. Таму і карыстаюцца сёння папулярнасцю ў насельніцтва не “Скарбніца”, а больш прывабныя па прызах ды тэрмінах правядзення штотыднёвыя “лато”. Вельмі спадзяюся, што расклад сіл у гэтых латарэях з цягам часу зменіцца. Прынамсі, і я, і мае шматлікія сябры неаднаразова набывалі латарэйныя білеты розных тыражоў “Скарбніцы”. І няхай сабе выгрышы ў нас былі сімвалічнымі — мы не засталіся расчараванымі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"