З кім Ротка сустрэнецца ў Віцебску?

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

У Віцебску пройдуць Дні Латвіі. 14 лістапада ў рамках Дзён адбудзецца падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж даўгаўпілскім Арт-цэнтрам Марка Роткі і віцебскім Арт-цэнтрам Марка Шагала.

Абодва творцы з’яўляюцца класікамі ХХ стагоддзя, але Ротка ў нашай краіне вядомы менш за Шагала. Ён нарадзіўся ў Даўгаўпілсе (тады той называўся Дзвінскам, але належыў да нашых земляў у складзе Расійскай імперыі), а творчую кар’еру здзейсніў за акіянам. Аматары мастацтва спадзяюцца, што супрацоўніцтва арт-цэнтраў паспрыяе папулярызацыі творчасці Роткі ў Беларусі і Шагала ў Латвіі.

Тыя ж, хто тым днём прыйдзе на канцэрт “Танга над горадам” у Канцэртнай зале “Віцебск”, змогуць яшчэ паглядзець і мастацкую выстаўку “Петэрыс Марцінсонс. Даўгаўпілс”, разгорнутую ў фае. Аснову ж канцэрта складуць лепшыя творы кампазітара Аскара Строка, прызнанага пры жыцці “каралём танга”. Сёлета — 120 гадоў з дня нараджэння маэстра. У гонар ягонага юбілею будуць граць Даўгаўпілскі аркестр акардэаністаў, спяваць — артысты Латвійскай оперы і джаза.

Петэрыс Марцінсонс — мастак-кераміст, які да справы свайго жыцця прыйшоў няпростым шляхам. Пачынаў як інжынер-тэхнолаг, быў архітэктарам. А потым ад сферы, дзе пануе функцыяналізм, прыйшоў да фармальнай свабоды, якую ўвасабляе мяккая гліна. Атрымаўся цікавы сінтэз, што ўразіў яго суайчыннікаў і замежнікаў. Вялікая калекцыя твораў гэтага майстра належыць Арт-цэнтру Марка Роткі.

Адбудзецца і прэзентацыя праекта “Даўгаўпілс запрашае”. Яго мэта — прывабіць турыстаў з Беларусі ды краін СНД, звязаць турыстычным маршрутам Віцебск і Даўгаўпілс.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"