Здымайце камерны на камеру!

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

8 лістапада ў Мінску адкрыўся ІІІ Міжнародны конкурс выканаўцаў на струнных інструментах імя М.Ельскага. А 5-га ў Смаргоні завяршыўся Х Міжнародны конкурс камерных ансамбляў і струнных квартэтаў імя М.К. Агінскага.

/i/content/pi/cult/453/9535/9-4.jpg

Беларускія калектывы выступілі даволі паспяхова, атрымаўшы ў розных намінацыях другія і трэція прэміі, а таксама дыпломы. Чым жа вылучалася юбілейнае спаборніцтва, якія ў яго перспектывы? Думкамі пра гэта падзяліліся члены журы і аргкамітэта.

— Я вельмі рады, — сказаў старшыня журы конкурсу, мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прафесар Юрый ГІЛЬДЗЮК, — што паехаў менавіта ў Смаргонь, хаця меў на гэтыя ж дні даволі прывабныя запрашэнні ў Сімферопаль, ва Украіну. Гэты конкурс вельмі важны для развіцця нашай нацыянальнай культуры, бо камерны ансамбль дапамагае не толькі слухаць, але і чуць партнёра (як у музыцы, так і ў жыцці), павялічвае эрудыцыю ды творчы патэнцыял любога мастака. Таму хочацца выказаць вялікую падзяку арганізатарам форуму. І ў першую чаргу — Смаргонскаму райвыканкаму ды тамтэйшай Школе мастацтваў імя Агінскага, што ўзяла на сябе асноўныя клопаты па правядзенні свята.

Для беларускіх удзельнікаў сёлетні конкурс праходзіў у складаных умовах. Ён павінен быў адбыцца ўвесну, але з-за конкурсу Ельскага перакінуўся на восень. А потым і тое спаборніцтва давялося пераносіць — і конкурсы зноў амаль супалі па часе. З-за гэтага камусьці з музыкантаў давялося выбіраць адзін конкурс з двух, а камусьці — з аднаго ехаць адразу на другі. З-за такога супадзення тэрмінаў мы не змаглі, як калісьці, правесці канцэрт лаўрэатаў у Мінску, у філармоніі. А паслухаць там было каго і што — невыпадкова зала стоячы вітала лаўрэатаў!..

Сярод струнных квартэтаў перамог калектыў з Новасібірскага музычнага каледжа, які абышоў не толькі студэнтаў кансерваторый, але і выкладчыкаў з Казахстана. Ён паўстаў як адзіны арганізм, прадставіў найскладаную праграму, вартую прафесіяналаў найвышэйшага ўзроўню. А ўсё таму, што квартэтны клас у тым музычным каледжы — абавязковы, і выкладае яго сам дырэктар. У Беларусі былі ў свой час такія выбітныя струнныя квартэты, як “Аўра” на чале з Леапольдам Ауэрам (адсюль і назва калектыву), струнны квартэт Беларускага саюза кампазітараў. Дый зараз у штаце філармоніі — цудоўны Струнны квартэт. Але вось парадокс: прафесійны калектыў, студэнцкія ансамблі ў нас — існуюць, а сама культура ансамблевага музіцыравання сфарміравана далёка не ў той ступені, як мае быць. Каб зразумець гэта, не абавязкова параўноўваць нас з Захадам. Дастаткова ўзгадаць ХVІІІ — пачатак ХІХ стагоддзяў, калі ансамблевае музіцыраванне было неад’емнай часткай побыту любога беларускага шляхціча, не кажучы ўжо пра магнатаў. Дый той жа Міхал Клеафас Агінскі, імя якога носіць фестываль, ніколі не лічыў сябе музыкантам-прафесіяналам, але ж ансамблістам быў выдатным. Пра гэта яшчэ раз нагадаў канцэрт адкрыцця конкурсу, праведзены Ансамблем салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава, са змястоўным уступным словам знанага музыканта і даследчыка, кіраўніка “Беларускай капэлы” Віктара Скорабагатава. Мясцовымі ўладамі робіцца шмат для аднаўлення сядзібы Агінскага ў Залессі — з цягам часу конкурс будзе праходзіць там і, спадзяюся, ператворыцца ў грандыёзную падзею сусветнага маштабу.

— Аднаўленне сядзібы, — пацвярджае выканаўчы дырэктар конкурсу, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Таццяна РАЖАВА, — адно з найбольш актуальных для нас пытанняў. Сваімі сіламі зрабіць гэта немагчыма. Аб’ект унесены ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму, работы вядуцца пераважна за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У 2015-м будзе святкавацца 250 гадоў з дня нараджэння Агінскага, і хочацца адзначыць юбілей як мага лепш: не проста конкурсам, а цэлым фестывалем. Менавіта ў Залессі! У адрэстаўраваную канцэртную залу мы купім добры раяль — і тая стане яшчэ адным культурным цэнтрам не толькі рэгіёна, але і ўсёй краіны…

— Смаргонская грамадскасць, — працягвае член журы конкурсу, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ларыса ДЗЯДУК, — марыць, каб конкурс ператварыўся ў фестываль, як гэта, дарэчы, калісьці і было. Але для гэтага патрабуецца вялікая папярэдняя праца ў рэгіёнах, у тым ліку — з нашага боку. Трэба правесці адборы ў асобных гарадах, каб назбіраць 30 — 40 добрых дзіцячых камерных ансамбляў. Але ж трэба яшчэ і забяспечыць іх адпаведным рэпертуарам! Яго, вядома, не хапае. Таму добра было б замовіць такія творы нашым кампазітарам, у тым ліку маладым, нават студэнтам. Бо павінны быць творы для розных складаў — з удзелам духавых інструментаў, струнных, ударных. Зацікаўленасць у фестывалі, а не толькі ў конкурсе, выказвалі і члены журы з Расіі, Літвы — тых краін, унёсак у культуру якіх Агінскі зрабіў таксама...

Смаргонскія ўлады ўжо і зараз шмат робяць для папулярызацыі ягонай асобы і творчасці. Імя Агінскага носіць мясцовая школа мастацтваў, дзе і праходзілі конкурсныя праслухоўванні.

Што ж да вынікаў спаборніцтва, дык беларускія ўдзельнікі, нягледзячы на блізкасць па тэрмінах конкурсу Ельскага, да якога некаторыя рыхтаваліся паралельна, зарэкамендавалі сябе вельмі і вельмі добра. Але ў намінацыі камерных ансамбляў з удзелам фартэпіяна абсалютна справядліва лідзіраваў фартэпіянны квартэт Акадэміі музыкі імя Станіслава Манюшкі з Гданьска. Гэты польскі калектыў — пераможца многіх найпрэстыжных конкурсаў. Але справа яшчэ і ў тым, што ў гэтай навучальнай установе такімі змяшанымі па складзе ансамблямі кіруюць педагогі адразу некалькіх спецыяльнасцей. Вядзе ансамблевы клас — піяніст, але ў яго ёсць асістэнт — педагог-струннік, які, адпаведна, займаецца са струннікамі, што ўваходзяць у калектыў, выключна іх прафесійнымі праблемамі. Такую практыку было б няблага ўкараніць і ў нас, бо вынікі яна дае — выдатныя. Акрамя ўсяго, узнімаецца прэстыж камернага класа, а гэта, зразумела, станоўча ўплывае на агульную цікавасць да ансамблевага музіцыравання ў грамадстве…

На здымку: пад час конкурснай праграмы.

Фота прадастаўлена аргкамітэтам конкурсу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"