Шагал са смарагдамі

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

З 12 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі — выстаўка “Толькі вечныя каштоўнасці” ад віцебскіх мастакоў Таццяны і Юрыя Рудэнкаў, прымеркаваная да 60-годдзя абаіх майстроў. У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля ста работ: габелены, батык, дэкаратыўныя пано, дробная пластыка і жывапіс.

/i/content/pi/cult/453/9534/9-1.jpg /i/content/pi/cult/453/9534/9-3.jpg

Юрый Васільевіч і Таццяна Аляксееўна атрымалі адукацыю на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Гэта ўнікальны творчы тандэм: усё робяць у сааўтарстве. Намаганні ў стварэнні твораў размяркоўваюцца прапарцыянальна ў залежнасці ад ступені складанасці задачы, а таму і ўвасабляюцца ў мастацкія, адзначаныя пячаткай своеасаблівасці іх асоб.

Запамінаюцца па вобразным і дэкаратыўным рашэнні габелены “Медытацыя” і “Горад Шагала”. Перад мастакамі стаяла нялёгкая задача ўстанаўлення шматпланавых візуальных сувязей пры захаванні агульнай плоскасці кампазіцыі. Ім абаім уласціва смелая манера кампанаваць дзякуючы асіметрыі і свабоднаму ахопу вялікага палатна. З гэтых адносна невялікіх тканых пано нарадзіліся вялікія заслоны для інтэр’ераў Дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.І. Салярцінскага, Раённага дома культуры Віцебска, Цэнтра культуры “Віцебск”, канцэртнай залы завода “Эвістар”, Дома культуры Верхнядзвінска.

Арыгінальнасць вобразнага бачання выяўляецца ў стварэнні гарачых батыкаў, дзе ўдала спалучаюцца роспіс натуральнымі фарбавальнікамі ды вышыўка кітайскім шоўкам. Тут ідзе пошук новых колеравых гармоній, і ў сілу ўступаюць спецыфічныя законы кожнага віду дэкаратыўнага мастацтва.

Акрамя габелена і батыку Рудэнкі захапляюцца арыгінальнымі пано-аплікацыямі, выкананымі ў змяшанай тэхніцы. У дэкаратыўных работах, якія адлюстроўваюць вобразы любімага мастакамі свету прыроды, асабліва — птушынага царства, выяўляюцца рамантычныя памкненні творцаў.

Майстры звяртаюцца да ювелірнага мастацтва, дробнай пластыкі. Багатыя, мудрагелістыя формы, брутальнасць, супастаўленне масіўных частак і дробных ажурных дэталей характэрны для іхніх работ “Эпоха Вадалея” і “Нараджэнне воблака”.

Як мастакі-ювеліры яны звяртаюцца і да белага серабра ды жоўтага золата, спалучаючы іх у асноўным з гранёнымі камянямі: смарагдамі, рубінамі, цырконамі... Метал выступае ў якасці матэрыялу, які валодае ўласнымі выразнымі момантамі.

Марына МАЛЬГІНА, мастацтвазнаўца