Той яшчэ Марыконэ + меркаванні беларускіх кінакампазітараў

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Што за табу для журналістаў вызначыў італьянскі маэстра?
Вядома ж, я амаль адразу закашляўся пасля таго, як вядучая сустрэчы вялікага кампазітара сучаснасці Эніа Марыконэ з супрацоўнікам Міністэрства культуры, студэнтамі профільных устаноў і журналістамі, якая прайшла ў мінскім “Прэзідэнт-гатэлі” напярэдадні канцэрта маэстра ў беларускай сталіцы, усіх папярэдзіла, што кашляць пад час прэс-канферэнцыі строга забараняецца.

/i/content/pi/cult/453/9533/6-1.jpg

Яшчэ забаранялася, як было напісана ў раздадзеным папярэдне прэс-рэлізе, задаваць пытанні дурныя і “жоўтыя”, ужываць у дыялогу з гуру слова “саўндтрэк” і выраз “спагецці-вестэрны”. Настукаць па галаве за непаслухмянасць у выніку павінны былі мне і... Марыконэ, бо менавіта ён у самым канцы мерапрыемства ўзгадаў пра вестэрны: маўляў, пісаць музыку да іх перастаў з-за таго, што яму надакучыла прыдумляць нешта, што мала адрозніваецца ад папярэдняга. Увогуле, ад расправы выратаваў мяне сам маэстра, ён жа спадар і сіньёр — так звярталіся прысутныя да героя вечара.

Магутны стары, як выказаліся б, відаць, у такім выпадку Ільф з Пятровым, выглядаў на самой справе магутным, але зусім не старым. А 10 лістапада знакаміты італьянец адзначыць сваё 85-годдзе! Перад прысутнымі паўстаў няхай і не жвавы ў рухах чалавек, затое асоба эмацыйная, жыўчык і гаварун у гутарцы, які распавёў зацікаўленым пра...

...тое, з якімі музычнымі інструментамі асацыюе гарады і краіны

— Калі я прыязджаю з выступленнем у якую-небудзь краіну, у які-небудзь горад, мяне цікавіць толькі адно. Часам арганізатары мне паказваюць мясцовыя славутасці, але ўсё роўна я думаю выключна пра канцэрт, што мае адбыцца. Неяк пісаў музыку для аднаго фільма, дзеянне якога адбывалася ў канкрэтным горадзе, і мне сапраўды захацелася звязаць яго толькі з адным інструментам, ну, ці з двума-трыма. Я доўга-доўга разважаў, што за інструмент гэта мог бы быць, шукаў яго, але так нічога і не прыдумаў, не знайшоў. А “новы” інструмент “ствараць” не хацелася. Таму Мінск, напэўна, на ваш жаль, я таксама ні з якім інструментам асацыяваць не магу…

...тое, як кінарэжысёры ставяцца да музыкі

— Па тым, як яны ставяцца да музыкі, я падзяляю кінарэжысёраў на тры віды. Першы: якія нічога не разумеюць у ёй, а таму не ведаюць, што павінна гучаць у іх фільме. Гэта вельмі складаны тып рэжысёраў, бо кампазітар можа “адгадаць” тое, што патрэбна заказчыку, а можа доўга нешта сачыняць, прапаноўваць, рэжысёр жа будзе ўсё адхіляць. Другі від: тыя, хто нешта ў музыцы разумее, з якімі можна нешта загадзя абмяркоўваць. Трэці, рэдкі, від: тыя, хто выдатна разбіраецца ў музыцы. Гэты від, у сваю чаргу, я дзялю на два падвіды: тыя, хто хоча нешта канкрэтнае, — такі варыянт мне не вельмі падыходзіць, — і, найбольш блізкае мне, рэжысёры, якія цалкам адкрытыя для дыялога і абсалютна давяраюць кампазітару…

...працу з беларускім кінарэжысёрам

— Калі б да мяне з прапановай напісаць музыку для свайго фільма звярнуўся беларускі кінарэжысёр і мне спадабаўся б сцэнарый, тое, як рэжысёр уяўляе сваю будучую карціну, я спачатку абавязкова пагутарыў бы з ім. А раптам ён сказаў бы, што яму трэба нешта такое, як у Чайкоўскага? Тады я адмовіўся б. Я гатовы ісці на кампрамісы, але — на нязначныя: музыка ў карціне павінна быць мая — аўтарская, — а не навеяная нечымі творамі…

...працу з расійскім кінарэжысёрам

— Мне спадабалася працаваць з расійскім рэжысёрам Уладзімірам Хаціненкам над фільмам “72 метры”. З Уладзімірам і яго сям’ёй у мяне склаліся добрыя адносіны. А вось у карціне Міхаіла Калатозава “Чырвоная палатка” быў зменены невялікі фрагмент у напісанай мною музыцы, хутчэй нават яе тэмпарытм. Я спакойна да гэтага паставіўся і пагадзіўся на такую праўку, таму што яна сапраўды больш дакладна адлюстроўвала драматургію эпізода, тое, што адбывалася на экране.

...куміраў

— З кампазітараў, якія пісалі і пішуць для кіно, на мяне не паўплываў ніхто. З кампазітараў жа ўвогуле на напісанне музыкі мяне найбольш натхняюць Стравінскі і Вердзі…

Па заканчэнні сустрэчы першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі дзякаваў Эніа Марыконэ за прадастаўленую магчымасць бачыць яго і гутарыць з ім, і казаў маэстра пра тое, што дарагі ён усім не толькі сваёй музыкай да кіно, але і музыкай наогул — камернай, інструментальнай, напрыклад. Спадар Марыконэ верыў і не верыў, бо свету ён вядомы ў большай ступені як кампазітар, які піша для кіно. А яшчэ Уладзімір Міхайлавіч уручыў Марыконэ статуэтку, што ўвасабляе сабой Музу. Эніа нейкі час у статуэтцы, як мне падалося, выкананай не без уплыву авангарда, Музу не пазнаваў, але потым, відаць, пагадзіўся і з гэтым. А калі яму паабяцалі даць паперу, што на вываз скульптуры мытня без лішніх запытаў дасць “дабро”, твар Марыконэ расцвіў усмешкай.

...Я ж так і не паспеў задаць маэстра пытанне “на пасашок”: якой, на думку чалавека, што пабачыў і насачыняў усялякага, сёння на свеце музыкі больш: дрэннай, добрай або… злой? А можа, усё ж такі добрай?..

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

У тэму

Кірчука ў кіно больш не клічуць...

Беларускія саўндтрэкі: хто гучыць, а хто — не

Само сабой, беларускія аўтары таксама заўважаны ў стварэнні музыкі для кіно. І праблемы, і ўдачы, звязаныя з гэтым відам мастацтва ў кампазітараў, пра якія казаў Эніа Марыконэ, знаёмы і ім. Пра сваё жыццё ў кінематографе мы папрасілі распавесці трох добра вядомых аўтараў музыкі розных стыляў.

Алег ЕЛІСЕЕНКАЎ, кампазітар, выканаўца:

— Самае складанае ў напісанні музыкі для кіно — гэта “адгадаць”, чаго менавіта хоча рэжысёр ад кампазітара. У мяне бывала такое, што даводзілася хаваць свае амбіцыі ў далёкую скрыню і перапісваць ды перапісваць матэрыял. Прыходзіў да рэжысёра, той слухаў і казаў геніяльны выраз: “Не, гэта не з майго фільма”. Я ў яго пытаўся: “А больш канкрэтна можна?”. Ён разводзіў рукі, глядзеў у столь, а потым казаў: “Ну, ты зразумеў. Неяк гэтак”.

Адна з першых маіх работ у кінематографе — музыка да мультфільма Алены Туравай “Ілюзіён”. Год 1990-ы, здаецца. Пісалася тады ўсё ўжывую (без камп’ютараў), з артыстамі аркестра Міхаіла Фінберга. Лена мне распавядала, што нашмат пазней на нейкім фестывалі да яе падышоў знакаміты Яўген Дога і выказаў сваё захапленне саўндтрэкам. Ён здзіўляўся таму, як кампазітар (гэта значыць, я) здолеў аб’яднаць вельмі адрозныя музычныя кавалкі, такія кантрасныя. Пераходы яго ўразілі — з адной тэмы ў іншую.

І яшчэ добра памятаю, як зводзіў у адзінае цэлае музыку для анімацыйнай стужкі “Сны” па Андрэю Платонаву. Таксама пачатак 1990-х. Усё рабілася навобмацак: з аднаго бабульчынага магнітафона браўся фрагмент, з другога — іншы, і яны змешваліся паміж сабою, мікшыраваліся так, як мне трэба было. У выніку атрымалася музыка, напісаная ў сучаснай акадэмічнай манеры, з выразнымі элементамі авангарда. А ансамбль “Камерата”, які браў удзел у праекце, я запісваў, выкарыстоўваючы... секундамер! Камандаваў: “Запіс!”, — а праз строга вызначаны час крычаў: “Стоп!”...

Віталь АРТЫСТ, лідар гурта “Без білета”:

— У мяне ніколі не было асаблівых складанасцей з рэжысёрамі фільмаў, да якіх мне замаўлялі музыку. Бо, набыўшы вопыт, у дзевяці выпадках з дзесяці я ведаў, што з першага разу яе не прымуць і давядзецца ўсё перарабляць. І мы сядалі з рэжысёрам, ён ставіў на стол усялякія прадметы, выкладваў бульбу, як у “Чапаева”, і на пальцах тлумачыў, чаго ён ад мяне хоча.

Халтурыць я сабе не дазваляю, калі бяруся за такую працу, таму сачыняю ды запісваю днямі і начамі. Не так даўно браў удзел у тэндары на напісанне музыкі для адной расійскай стужкі. Прынёс пяць кампазіцый, мне паведамляюць: “Ніводная не падыходзіць”. Добра. Потым ператэлефаноўваюць: “Усё падыходзіць, дзякуй!”

З таго, што прыходзіць у галаву адразу, адзначу сваю музыку да такіх стужак, як “Паляванне на Піранню”, “Шалёныя сабакі”, “Мужчыны не плачуць”, “Скрасці Бельмандо”. Мне яна... падабаецца. Я з задавальненнем заняўся б саўндтрэкам да якога-небудзь фільма на касмічную тэматыку. У “Салярысе” Таркоўскага — добрая музыка, праўда, саму карціну я пачынаю ўспрымаць з другой яе гадзіны: па кінатэмпе яна, натуральна, несучасная, што мне не блізка. Таксама маю шмат інструментальнай музыкі, але сэнсу выдаваць яе асобна я не бачу. Прыстройваю яе ў кіно...

Іван КІРЧУК, лідар этна-трыа “Троіца”:

— Я з задавальненнем успамінаю ўсё тое, што звязана ў нас з кінамузыкай. Пакуль на нашым рахунку тры работы: “Маленькія ўцекачы”, “Тры талеры” і “Цень самурая”. Мне заўсёды было цікава аб’ядноўваць архаічную этніку з электроннымі інструментамі. Выдатна было: мы закрываліся ў студыі і цэлы дзень “гультаявалі” — займаліся любімай справай. Не падабалася спачатку, што пры мантажы музыку маглі, як нам здавалася, бесцырымонна парэзаць. А потым ўглядаліся ў сюжэт — здаецца, правільна зрабілі, што купіравалі. Шкада, што больш у кіно чамусьці не запрашаюць...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"