“Калі ж вы нас маркетынгу навучыце?”

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Дык якія вы, бібліятэка будучыні і “нелегкадумны” прафесіянал?
Як і анансавалася, нядаўні Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры” прапанаваў удзельнікам не толькі дасягненні ў бібліятэчнай справе, у тым ліку — найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, але і маштабны дыскурс “Беларуская бібліятэка будучыні”. Ініцыятарам і мадэратарам яго стала намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Алена Далгаполава.

 

/i/content/pi/cult/453/9530/10-2.jpg /i/content/pi/cult/453/9530/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/453/9530/10-5.jpg /i/content/pi/cult/453/9530/10-4.jpg

Для мерапрыемства ў НББ быў абраны нестандартны фармат. У прагнозна-аналітычную групу ўвайшлі чатыры бібліятэчныя работнікі з працоўным стажам не больш за пяць гадоў. (Вырашана было прыслухацца да маладых крэатыўшчыкаў, для якіх прафесійны абавязак яшчэ не стаў руцінным.) Пасля прэзентацыі кожнага з індывідуальных праектаў апошнія ацэньвалі як афіцыйныя, так і незалежныя эксперты.

Носьбіты свежых думак

Менавіта так Алена Далгаполава назвала ўдзельнікаў прагнозна-аналітычнай групы. Імі сталі Аляксандра Ашкенадзэ — вядучы бібліятэкар аддзела маркетынгу Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Мінска; Ала Васільчанка — бібліятэкар Брэсцкай абласной бібліятэкі; Антон Строіч — бібліятэкар другой катэгорыі аддзела фарміравання электронных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; Марыя Грынько — бібліятэкар першай катэгорыі аддзела абслугоўвання фундаментальнай бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Самы вялікі працоўны стаж мае Алена Васілечка, якая скончыла ВНУ ў 2008 годзе. Самы малады — Антон Строіч, прыступіў да працы толькі летась… Кожны з крэатыўшчыкаў, падкрэсліла Алена Далгаполава, прадстаўляе індывідуальныя праекты, у якіх пазначаны тры ўмовы, што забяспечаць іхнім установам устойлівае развіццё.

Аўтарытэтнасць афіцыйнага экспертнага журы не выклікала сумневаў хаця б з той прычыны, што ў яго ўвайшла дырэктар Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі Галіна Слесарэнка. Гэтая ўстанова, бясспрэчна, — адна з інавацыйных не толькі на Міншчыне. У абмеркаванні бібліятэчных праблем удзел узялі ў якасці чытачоў прафесійныя юрыст і рэкламшчык. Функцыю незалежных экспертаў мог выканаць любы ахвотны з залы, дзе сабраліся лепшыя прадстаўнікі беларускай бібліятэчнай прафесіі.

Чытацкая мафія

Сёння адзін з самых вялікіх клопатаў для ўстаноў культуры — прыцягненне сямейнага наведвальніка, а ў адносінах да бібліятэк — найперш, чытача. І не паасобку, а — разам. Пагадзіцеся, у нашым мітуслівым быцці сям’я ўсё ж павінна знаходзіць час, каб не толькі збірацца разам за абедзенным сталом па выхадных, але і ў поўным складзе завітваць у тыя ж музей, тэатр, бібліятэку. У гэтым перакананы і ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы беларускай сталіцы. У прыватнасці, праект нефармальнай адукацыі “Лесвіца” Аляксандры Ашкенадзэ, які, дарэчы, і перамог у конкурсе, арыентаваны на неабмежаваны асветніцкі патэнцыял бібліятэк.

На думку Аляксандры, сёння практычна кожная айчынная бібліятэка, і не толькі дзіцячая, можа праводзіць дні сямейнага чытання, да прыкладу, хаця б у адну з субот месяца. Цягам гэтага дня мусяць адбывацца забаўляльныя ды асветніцкія мерапрыемствы для дзяцей і дарослых. У выніку бацькі пачалі не толькі прыводзіць сваіх дзяцей у бібліятэку, але і самі пажадалі ўдзельнічаць у цікавых імпрэзах.

Яшчэ адзін пункт праекта Аляксандры — школа татаў, а калі больш дакладна — сямейны цэнтр “Тата можа”. Для бацькаў прапаноўваецца поўны спіс твораў той або іншай тэматыкі (да прыкладу, пытанні бацькоўства) на блогу бібліятэкі. Ізноў-такі, прапаноўваюцца як звычайныя тэксты, так і ў сучасным фармаце — для электронных кніг.

Не менш запатрабаванай, па словах Аляксандры Ашкенадзэ, стала праграма “Шчаслівае дзяцінства”. Гэта пляцоўка для бацькоў, якія разам з бібліятэкарамі могуць абмяркоўваць актуальныя праблемы выхавання.

Чарговы кірунак праекта “Лесвіца” — “RU-OFF”. Гэта — клуб размоўнай англійскай мовы для падлеткаў. Лепшаму засваенню новай інфармацыі, пераканана Аляксандра Ашкенадзэ, дапамагае разняволеная атмасфера, у тым ліку з-за адсутнасці дзённікаў ды адзнак. Не менш запатрабаваны і курсы нямецкай мовы для пяці- — шасцігадовых дзяцей, якія праводзяцца сумесна з Інстытутам Гётэ ў Мінску. На такіх бібліятэчных занятках гучаць вершы ды песенькі, адбываюцца гульні з элементамі нямецкай мовы, яе лексікай.

Курсамі замежнай мовы нікога ўжо не здзівіш, што нельга сказаць пра “Літаратурную мафію-клуб”. Бібліятэкары праз гульнявую форму прывабліваюць дзяцей да чытання прыгодніцкіх кніг, у прыватнасці, на літаратурнай аснове робяць разнастайныя квесты. У выніку падлетак можа адчуць сябе дэтэктывам ці нават тайным агентам, разгадваць пакручастыя загадкі, адлюстраваныя ў мастацкай літаратуры.

А вось наступны кірунак “Лесвіцы” — “Бібліятэкі ідуць!” разлічаны ўжо не на чытачоў, а непасрэдна на саміх бібліятэчных супрацоўнікаў і мае на мэце павышэнне іх кваліфікацыі праз разнастайныя семінары, вебінары, лекцыі ды конкурсы. Адзін з такіх прыкладаў удасканалення — “Школа крэатыўнага лідарства для бібліятэкараў”. За восем дзвюхгадзінных заняткаў адбываецца самааналіз уласнага патэнцыялу ды лідарскіх здольнасцей.

Відавочна, усе прапановы Аляксандры досыць цікавыя, але ці рэалістычныя? Адна справа — праводзіць дні сямейнага чытання ў сталіцы, і зусім іншая — у аграгарадку, дзе дзяцей можна па пальцах пералічыць. Пытанні выклікае і праграма “RU-OFF”, у рамках якой дзецьмі вывучаюцца англійская і нямецкая мовы. На жаль, пра родную беларускую ў праекце не было сказана анічога. А ўжо і па яе вывучэнні з’явіліся ў Мінску прыватныя курсы. Тым не менш, надзвычай важным падаецца кірунак праекта “Бібліятэкі ідуць!”. Чаму б да такіх адукацыйных мерапрыемстваў не далучаць тых жа сельскіх бібліятэкараў?

Брэсцкі акцэнт

Маюць што прапанаваць сваім калегам і брэсцкія бібліятэкары. Што і казаць, тэма выступлення Алена Васілечка надзвычай амбіцыйная — “Беларуская бібліятэка будучыні”. Дык якімі ж мусяць быць гэтыя ўстановы культуры ў перспектыве? На думку спецыяліста, існуюць тры ўмовы, якія дапамогуць бібліятэцы захаваць сваю ролю ў інфармацыйнай і сацыякультурнай інфраструктуры грамадства. Гэта, найперш, фарміраванне фонду дакументальных крыніц з прыярытэтам на збор унікальных матэрыялаў і калекцый. Алена Васілечка мае на ўвазе, у першую чаргу, зборы ў дапамогу навукоўцам і студэнтам, а ў якасці прыкладу прыводзіць фарміраванне фондаў беларуска-польска-ўкраінскага цэнтра. Акрамя таго, на думку бібліятэкаркі, сёння надзвычай важна працаваць з электроннымі калекцыямі, у тым ліку прысвечанымі мясцоваму краязнаўству. Дзяўчына пераканана: перспектыва бібліятэк — за цэнтрамі школьнага і музейнага краязнаўства. Пацвярджэннем таму з’яўляецца сайт “Краязнаўства Берасцейшчыны”, працу над якім вядзе абласная бібліятэка.

Другой умовай захавання бібліятэкамі статуса-кво, па словах Алены Васілечка, з’яўляецца аптымізацыя працэсу абслугоўвання карыстальнікаў. Пад гэтым бачыцца стварэнне чытальнай залы адкрытага тыпу, змена фізічнай прасторы бібліятэкі, скіраванай на пашырэнне сацыякультурнай функцыі ўстановы. Умоўна кажучы, важна, каб у бібліятэцы месца было не толькі для стэлажоў з кнігамі, але і для магчымасці пакаштаваць кавы. Чаму ж не, калі бібліятэка, на думку Алены, ёсць так званае трэцяе месца — нейтральная пляцоўка для сацыяльнага ўзаемадзеяння. Алена Васілечка дала і вызначэнне бібліятэкара будучыні. На яе думку, гэта чалавек, які ўмее знаходзіць, апрацоўваць, захоўваць і прапаноўваць у карыстанне ў патрэбны час у патрэбным месцы інфармацыю.

І, нарэшце, трэцяй неабходнай для працы бібліятэк умовай з’яўляецца ІТ-стратэгія развіцця. Гэта і алічбоўка фондаў, і стварэнне баз даных, карпаратыўных ІТ-прадуктаў, мабільных дадаткаў.

Сапраўды, усе адзначаныя ўмовы вельмі важныя для функцыянавання сучасных бібліятэк, але, ізноў жа, наколькі яны стасуюцца з магчымасцямі сельскіх ці нават раённых бібліятэк? Пытанне рытарычнае. З іншага боку, магчыма, спрацуе правіла, калі, бачачы паспяховы прыклад калег, да іх узроўню будуць падцягвацца і слабейшыя. Што ж, пажывём-пабачым.

Шматфункцыянальная — загана?

Самы малады крэатыўшчык Антон Строіч сваё выступленне пачаў цытаваннем аднаго з амерыканскіх бібліятэказнаўцаў: “Бібліятэка павінна пакінуць усякую надзею стаць шматмэтавым прадпрыемствам”. Тэза на сёння — вельмі спрэчная, але больш падрабязна пра гэта — крыху пазней.

Антон ўпэўнена выклаў свае тры тэзісы. Ён прамаўляў пра тое, што стварэнне электроннай калекцыі дакументаў дазволіць установе канкурыраваць з інфармацыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі. Фармат такога дакумента павінен быць максімальна зручным для карыстальніка. Пошукавая сістэма ў бібліятэцы будучага павінна будавацца па ўзоры інтэрнэтаўскіх сістэм. Доступ да інфармацыйных рэсурсаў дадзенай установы павінен быць аддаленым: па адзіным чытацкім білеце для ўсіх бібліятэк Беларусі.

Належны акцэнт быў зроблены і на павышэнні інфармацыйнай культуры карыстальніка. Асаблівасць працэсу — неперарыўнасць і сістэмнасць. Он-лайн-навучанне — адна з форм павышэння гэтай культуры.

Бібліятэка, перакананы Антон, павінна пастаянна прыцягваць да сябе чытачоў. Прыярытэт тут — за сацыяльна-культурнымі мерапрыемствамі. Маюцца на ўвазе тэатралізацыі, дыскусійныя пляцоўкі, выкарыстанне аўдыя- і відэаматэрыялаў. Перспектыва — за супрацоўніцтвам з тэматычнымі сайтамі ды форумамі. Кароткі тэматычны пост са спасылкамі на дзве-тры крыніцы стане для наведвальнікаў больш цікавым за спіс рэкамендаванай літаратуры. Мае перспектыву і пераарыентацыя з уласных сайтаў, блогаў на іншыя інтэрнэт-парталы ды электронныя СМІ. А для таго, каб павялічыць колькасць чытачоў, варта пастаянна працаваць з патэнцыйнымі карыстальнікамі, ведаць, што ім не падабаецца ў развіцці бібліятэчнай справы. У адпаведнасці з гэтым карэктуецца і рэкламная палітыка ўстановы…

Галіна Слесарэнка запэўніла прысутных, што тэзісы Антона ёй спадабаліся. Але сама падача прэзентацыі выглядала не надта аптымістычна. Нельга не пагадзіцца. Праблема, неаднаразова агучаная “К”: нашы бібліятэкары не жадаюць (а дакладней — не ўмеюць) сябе піярыць, бо, па іх перакананні, такая нясціплая “легкадумнасць” прафесійнаму сур’ёзнаму кніжніку — проста не да твару. Але ўсё гэта — абавязковая частка бібліятэчнага маркетынгу. І без пэўнага аптымістычнага артыстызму тут проста не абысціся. Інакш занадта змрочна-тэхналагічнай выглядае будучыня. Проста нейкая “вайна машын” за чытача! І наконт шматфункцыянальнасці. У выніку аптымізацыі на сяле з’яўляецца ўсё больш клубаў-бібліятэк ды бібліятэк-клубаў. І пэўная колькасць чытачоў, у тым ліку гарадскіх, — за шматфункцыянальныя ўстановы культуры. Сюды можна прыйсці ўсёй сям’ёй і на цэлы дзень. Дзядулі і бабулі п’юць чай у кавярні, таты і мамы гэтым часам займаюцца ў спартыўных гуртках, а дзеці далучаюцца да літаратуры. І кожная “роля” — узаемазамяняльная. Тэхналогіі тэхналогіямі, а ў бібліятэцы павінна быць цікава. І аддзелы бібліятэчнага маркетынгу проста абавязаны будаваць сваю палітыку ў гэтым кірунку.

Пляцоўка для навучання і...

Апошняя выступоўца — Марыя Грынько. І зноў — тая ж “хвароба”: вельмі разважлівая, роўная, а таму пазбаўленая эмацыйнай яркасці прэзентацыя… Марыя так бачыць будучыню ўніверсітэцкай бібліятэкі: апошняя стане месцам для духоўных стасункаў. А складнікі паспяховай установы наступныя: інфармацыйныя рэсурсы, стабільны кантынгент чытачоў, высокакваліфікаваныя кадры, пляцоўкі для навучання і адпачынку.

Першая ўмова бясхмарнай будучыні: упэўненае замацаванне ў сеткавым інфармацыйным асяродку. Другая: адсутнасць чытацкага дэфіцыту. Трэцяя: бібліятэкары, якія павінны стаць кансультантамі, куратарамі, эксперыментатарамі, маркетолагамі (для прыцягнення дадатковых грашовых сродкаў) і псіхолагамі.

І папярэднія выступоўцы казалі ў асноўным пра гэтыя кампаненты. Але не будзем прыдзірацца… Хоць выснова пра тое, што ўніверсітэцкая бібліятэка будзе жыць да той пары, пакуль існуе студэнцтва, падалася просталінейнай. Пры падобным раскладзе будучыня такой установы — гарантаваная. Толькі і паспявай, што інфармацыйныя рэсурсы абнаўляй ды ўдасканальвай…

Шчыра кажучы, мы тым днём беларускую бібліятэку будучыні так і не пабачылі ва ўсёй яе бліскучай шматграннасці ды прывабнасці для чытачоў, якія сёлета толькі пайшлі ў першы клас. Не дадалі яркіх фарбаў у фантастычную пакуль карціну і больш сталыя бібліятэчныя работнікі…

Малайчыны! Але…

Як бы там ні было, а маладых мы слухалі з цікавасцю. Малайчыны! Яны цудоўна арыентуюцца ў інфармацыйных тэхналогіях, не менш добра ўяўляюць, як ёсць і як павінна быць. Так, спецыялісты з такім мізэрным працоўным стажам пакуль не здолелі дасягнуць таго ўзроўню, які прынята называць “прафесійным артыстызмам”. Тычыцца гэта і самапіяру, і дакладнага бачання бібліятэчных праблем, асабліва — у сельскай мясцовасці, дзе пра Інтэрнэт нярэдка пакуль толькі чулі. Спадзяёмся, час вылечыць ад “дзіцячых” хвароб.

Адной з іх лічым і наступную. Яе “эпікрыз” агучыла напрыканцы мерапрыемства дзяўчына-бібліятэкарка з залы: “Калі ж вы нас маркетынгу навучыце?”.

Дзіўная рэч: які ўжо год ці не пры абласных і раённых бібліятэчных структурах дзейнічаюць аддзелы бібліятэчнага маркетынгу. Але і сёння не кожны ведае, што яны павінны рабіць. Ці ж толькі дадатковыя грашовыя сродкі адшукваць? Дык мо калі пытанне зняць з парадку дня, будучыня беларускай бібліятэкі будзе выглядаць больш акрэслена?..

Мы, журналісты “К”, папрасілі арганізатараў дыскурсу, каб наступная сустрэча прайшла не ў НББ, а ў раёне, дзе гаворка пайшла б аб праблемах раённых, аграгарадоцкіх і сельскіх бібліятэк, будучыня якіх, на наш погляд, не такая бесклапотная, як у сталічных ды абласных устаноў.

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"