Паспрабаваць творчасць “на смак”

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Ганаровым знакам Міністэрства культуры Беларусі быў адзначаны да свайго 60-годдзя кампазітар Міхаіл Васючкоў

 /i/content/pi/cult/144/953/Vasuchkov.jpg
Яго імя далёка не самае “раскручанае” ў параўнанні з іншымі.
Можа, яшчэ і таму, што сфера яго дзейнасці — не песні і не буйныя харавыя ці аркестравыя “манументы”, а пераважна камерная музыка. Вельмі значнай для М.Васючкова заўсёды застаецца тэмбравая палітра музычнага разгарнення, часта нечаканыя, далёкія ад традыцыйных інструментальныя спалучэнні. Але ж літаральна ў кожным творы — свая духоўная аура, гістарычны ланцужок музычных з’яў і падзей. Можа, яшчэ і таму, што сваёй Музай (побытавае “жонка” тут зусім недарэчы) ён абраў Тамару Якіменка — на сёння аднаго з вядучых беларускіх этнамузыколагаў, навукоўцаў-гісторыкаў айчыннай музычнай культуры.
Ды ўсё ж самым, бадай, важкім унёскам юбіляра ў нацыянальную спадчыну з’яўляецца яго педагагічная дзейнасць. Можа, яшчэ і таму, што, выкладаючы на працягу многіх гадоў кампазіцыю ў Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.Глінкі, ён рыхтуе не толькі будучых кампазітараў (хаця ёсць сярод яго выхаванцаў і Валерый Воранаў, чые авангардныя творы вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі), а музыкантаў усіх спецыяльнасцей — як музыказнаўцаў, так і выканаўцаў рознага профілю. Але вось дзіва! Практычна ўсе, хто выходзіць з яго класа, надалей вельмі ярка заяўляюць пра сябе ў нашай культуры, становяцца знанымі творчымі асобамі. Можа, яшчэ і таму, што ён не толькі навучае асновам прафесіі, а, галоўнае, — прывівае смак да творчасці, страціць які потым ужо немагчыма. Невыпадкова штогод свой дзень нараджэння ён адзначае канцэртам — не проста “аўтарскім вечарам”, а своеасаблівай “справаздачай”, дзе на роўных гучаць ягоныя творы і ягоных вучняў.