Ды ўсё ж самым, бадай, важкім унёскам юбіляра ў нацыянальную спадчыну з’яўляецца яго педагагічная дзейнасць. Можа, яшчэ і таму, што, выкладаючы на працягу многіх гадоў кампазіцыю ў Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.Глінкі, ён рыхтуе не толькі будучых кампазітараў (хаця ёсць сярод яго выхаванцаў і Валерый Воранаў, чые авангардныя творы вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі), а музыкантаў усіх спецыяльнасцей — як музыказнаўцаў, так і выканаўцаў рознага профілю. Але вось дзіва! Практычна ўсе, хто выходзіць з яго класа, надалей вельмі ярка заяўляюць пра сябе ў нашай культуры, становяцца знанымі творчымі асобамі. Можа, яшчэ і таму, што ён не толькі навучае асновам прафесіі, а, галоўнае, — прывівае смак да творчасці, страціць які потым ужо немагчыма. Невыпадкова штогод свой дзень нараджэння ён адзначае канцэртам — не проста “аўтарскім вечарам”, а своеасаблівай “справаздачай”, дзе на роўных гучаць ягоныя творы і ягоных вучняў.