Канцэртмайстар — пра віртуальнае

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Алена МЕЛЯШЧОВА, канцэртмайстар, кіраўнік падрыхтоўчай групы Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль народнай музыкі “Ярыца” Абласнога цэнтра творчасці Магілёва
Для ансамбля, які прадстаўляе беларускія народныя песні і танцы, важна прыцягнуць увагу да сваёй дзейнасці. Асабліва калі гаворка ідзе пра дзіцячую творчасць. І, зразумела, дзе Інтэрнэт — там і дзеці.

/i/content/pi/cult/453/9528/13-4.jpg

1. Сайт

У Сеціве ёсць сайт Абласнога цэнтра творчасці uocvr.by, на якім прадстаўлены ўсе кірункі дзейнасці нашай установы. Ёсць і сайт уласна ансамбля “Ярыца” (jaryca.narod.ru). Кожны можа азнаёміцца з творчай дзейнасцю калектыву, яго дасягненнямі, праслухаць запісы з выступленняў, паглядзець фотаздымкі. Акрамя таго, па Інтэрнэце прыходзяць запрашэнні на ўдзел у розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, а гэта дазваляе пашырыць творчую дзейнасць ансамбля.

2. Фотаздымкі

У асяроддзі дзіцячай культурнай дзейнасці важна, каб усе поспехі знайшлі сваё адлюстраванне і ў віртуальнай прасторы. Шматлікія канцэрты, фестывалі, конкурсы, у якіх удзельнічаюць юныя артысты, знаходзяць сваё адлюстраванне ў фотаздымках, якія можна сустрэць на сайце як ансамбля, так і ўстановы, на базе якой працуе творчы калектыў. Ахапіць мноства важных падзей, у якіх удзельнічаюць дзеці, бывае складана з розных прычын. Але нават самі ўдзельнікі ансамбля ў Інтэрнэце абменьваюцца фотаздымкамі выступленняў і конкурсаў.

3. Ноты

Для працы часта даводзіцца шукаць ноты на розных сайтах. Апошнім часам у нотным варыянце прадстаўлены самы разнастайны рэпертуар: гэта не толькі дзіцячыя песні, але і народныя кампазіцыі. Для мяне як канцэртмайстра цікавы сайт notes.tarakanov.net — нотны архіў Барыса Тараканава, дзе размешчана шмат музыкі ў даволі поўным аб’ёме для ўсіх інструментаў, што сустракаецца ў інтэрнэт-асяроддзі даволі рэдка. Тут можна знайсці добрую падборку якаснага матэрыялу і, акрамя таго, літаратурна-музычную старонку.

4. Літаратура

У Сеціве можна знайсці алічбаваныя выданні беларускіх мастацтвазнаўцаў (bookfiles.net, hor.by). Да прыкладу, ёсць добрыя зборнікі для дзяцей Л.Хадановіч, В.Сярых. Але, у цэлым, бракуе фальклорнага матэрыялу, асабліва ў Байнэце. На жаль, часта атрымліваецца так, што на замежных сайтах беларускую народную музыку знайсці прасцей, чым на нашых. Нельга не адзначыць работу па абнаўленні інфармацыі на сайце Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (nchtdm.com). Усе педагогі дадатковай адукацыі могуць знайсці там шмат карыснай інфармацыі.

5. Народнае

Інтэрнэт дае вялікія магчымасці для папулярызацыі беларускай народнай культуры. Але задзейнічана, як падаецца, малая частка з іх. Часта даводзіцца шукаць беларускую народную музыку, фанаграмы да народных песень, і, што дзіўна, на нашых сайтах іх няшмат, у адрозненне ад тых жа расійскіх. Відэазапісы выступленняў прафесійных калектываў, такіх як “Харошкі”, “Песняры”, “Бяседа”, “Свята”, можна знайсці ў Байнэце. Але мала матэрыялу па самадзейных калектывах. Увогуле, фальклору прысвечана няшмат сайтаў. Бракуе аб’ёму інфармацыі, яе прафіляванасці, таму тут ёсць вялікая прастора для развіцця.