1. Сайт
У Сеціве ёсць сайт Абласнога цэнтра творчасці uocvr.by, на якім прадстаўлены ўсе кірункі дзейнасці нашай установы. Ёсць і сайт уласна ансамбля “Ярыца” (jaryca.narod.ru). Кожны можа азнаёміцца з творчай дзейнасцю калектыву, яго дасягненнямі, праслухаць запісы з выступленняў, паглядзець фотаздымкі. Акрамя таго, па Інтэрнэце прыходзяць запрашэнні на ўдзел у розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, а гэта дазваляе пашырыць творчую дзейнасць ансамбля.
2. Фотаздымкі
У асяроддзі дзіцячай культурнай дзейнасці важна, каб усе поспехі знайшлі сваё адлюстраванне і ў віртуальнай прасторы. Шматлікія канцэрты, фестывалі, конкурсы, у якіх удзельнічаюць юныя артысты, знаходзяць сваё адлюстраванне ў фотаздымках, якія можна сустрэць на сайце як ансамбля, так і ўстановы, на базе якой працуе творчы калектыў. Ахапіць мноства важных падзей, у якіх удзельнічаюць дзеці, бывае складана з розных прычын. Але нават самі ўдзельнікі ансамбля ў Інтэрнэце абменьваюцца фотаздымкамі выступленняў і конкурсаў.
3. Ноты
Для працы часта даводзіцца шукаць ноты на розных сайтах. Апошнім часам у нотным варыянце прадстаўлены самы разнастайны рэпертуар: гэта не толькі дзіцячыя песні, але і народныя кампазіцыі. Для мяне як канцэртмайстра цікавы сайт notes.tarakanov.net — нотны архіў Барыса Тараканава, дзе размешчана шмат музыкі ў даволі поўным аб’ёме для ўсіх інструментаў, што сустракаецца ў інтэрнэт-асяроддзі даволі рэдка. Тут можна знайсці добрую падборку якаснага матэрыялу і, акрамя таго, літаратурна-музычную старонку.
4. Літаратура
У Сеціве можна знайсці алічбаваныя выданні беларускіх мастацтвазнаўцаў (bookfiles.net, hor.by). Да прыкладу, ёсць добрыя зборнікі для дзяцей Л.Хадановіч, В.Сярых. Але, у цэлым, бракуе фальклорнага матэрыялу, асабліва ў Байнэце. На жаль, часта атрымліваецца так, што на замежных сайтах беларускую народную музыку знайсці прасцей, чым на нашых. Нельга не адзначыць работу па абнаўленні інфармацыі на сайце Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (nchtdm.com). Усе педагогі дадатковай адукацыі могуць знайсці там шмат карыснай інфармацыі.
5. Народнае
Інтэрнэт дае вялікія магчымасці для папулярызацыі беларускай народнай культуры. Але задзейнічана, як падаецца, малая частка з іх. Часта даводзіцца шукаць беларускую народную музыку, фанаграмы да народных песень, і, што дзіўна, на нашых сайтах іх няшмат, у адрозненне ад тых жа расійскіх. Відэазапісы выступленняў прафесійных калектываў, такіх як “Харошкі”, “Песняры”, “Бяседа”, “Свята”, можна знайсці ў Байнэце. Але мала матэрыялу па самадзейных калектывах. Увогуле, фальклору прысвечана няшмат сайтаў. Бракуе аб’ёму інфармацыі, яе прафіляванасці, таму тут ёсць вялікая прастора для развіцця.