“Чабатухі” на экспарт, або “Раскруціць” аўтэнтыку

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Ці рэальныя замежныя гастролі для самабытнага ансамбля з Палесся?
Напрыканцы кастрычніка ў Падляшскім ваяводстве Польшчы адбыўся шэраг імпрэз, які зладзіў аўтэнтычны жаночы гурт “Чабатухі” з Пінскага раёна. “Вэчоркі”, якія прадставілі паляшучкі жыхарам Беласточчыны, настолькі прыйшліся даспадобы жыхарам суседняй краіны, што ансамбль атрымаў шэраг прапаноў наведаць Польшчу і ў наступным годзе. Але гаворка ў артыкуле — не толькі пра ўдалае выступленне калектыву з Беларусі, а і пра тое, якія магчымасці могуць атрымаць культработнікі краіны, калі пачнуць шырэй прэзентаваць свае аўтэнтычныя ансамблі за яе межамі.

/i/content/pi/cult/453/9527/13-1.jpg

“Вэчоркі” са Сташанаў

Звонкія спевы, задорныя танцы і народныя гульні — вось што такое “Вэчоркі”, якія прэзентавалі ў Польшчы пінскія арысты. А сама задума аднавіць традыцыю вячорак — танцавальна-спеўных сустрэч — у дырэктара “Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах” Дарафея Фіёніка выспела даўно (пра гэтага цікавага і адметнага чалавека “К” пісала неаднойчы). Каб зладзіць мерапрыемства, што называецца, на найвышэйшым узроўні, ён і паклікаў сабе на дапамогу бабуль са Сташанаў.

Вядома, калісьці менавіта на вячорках моладзь знаёмілася. Хлопцы прыглядаліся да дзяўчат, дзяўчаты — да хлопцаў. Глядзелі, наколькі хто спрытны ў скоках ды гульнях, дасціпны ў жартах. І нягледзячы на тое, што аўтэнтычная абраднасць вячорак адышла ў мінулае, удзельнікі тых сустрэч, якія адбыліся ў Польшчы, лічаць, што гэтую традыцыю неабходна, прынамсі, працягваць.

Пінчукі ўразілі шматлікіх гледачоў, сярод якіх былі і стары і малы не толькі адметнымі палескімі строямі ды показкамі пра старадаўнія часы, але і сваімі спевамі ды танцамі. Прычым напрыканцы вечарын госці разам з няўрымслівымі “чабатушкамі” самі пачыналі спяваць палескія песні ды танчыць падэспань, кракавяк, польку ды “Каробачку”.

“Піяр” аўтэнтыкі

Інтэрв’ю для сродкаў масавай інфармацыі Беластоцкага краю, аб’явы аб канцэртах па радыё і тэлебачанні… Такі “піяр” на Падляшшы быў зладжаны для аўтэнтычнага фальклорнага гурта “Чабатухі”. Натуральна, маштабнай рэкламнай кампаніі пінскі калектыў абавязаны не толькі сваёй самабытнасцю. Вялікая праца па “раскрутцы” гасцей з Беларусі была зроблена тым самым Дарафеем Фіёнікам. Менавіта ён запрасіў на Беласточчыну беларускі калектыў. Дарэчы, “Чабатухі” ўжо бралі ўдзел у мясцовых падляшскіх фальклорных фестывалях “Там, по маёвуй росі” і “Олень по бору ходіт”.

Цікавы, на мой погляд, не толькі той факт, што запрашэнне для калектыву з Пінскага раёна даслаў кіраўнік прыватнага этнаграфічнага музея, але і тое, што беларускія артысты выступалі са сваімі імпрэзамі ў розных грамадскіх арганізацыях. У Беластоку гэта было аб’яднанне “АБ-БА” на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, у вёсцы Дубічы Царкоўныя і Ліпінах — мясцовыя ініцыятыўныя групы, што прапагандуюць культурныя традыцыі.

Такі вопыт супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі цалкам магчыма пераняць і ў Беларусі. Ёсць у нас шмат цікавых прыватных музеяў і галерэй. Чаму б і ім не ладзіць сумесныя імпрэзы са сваімі паплечнікамі з розных краін Еўропы? Фінансаванне, дарэчы, можна было б атрымаць пры дапамозе таго ж прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Неабходна толькі парупіцца пра стварэнне праекта ды падаць заяўку на грант. Бо, як вядома, з прыватнымі арганізацыямі ў Еўропе працуюць даўно, таму і грошы на сумесныя культурныя імпрэзы атрымаць будзе, як падаецца, не так ужо і складана.

Крыху пра сумнае

Але гаворка — не толькі пра адраджэнне традыцый. На свае вочы бачыў, як захоплена глядзелі на танцы бабуль маладыя і сталыя палякі, з якім задавальненнем слухалі традыцыйныя палескія спевы, як радасна ўдзельнічалі ў тых народных гульнях, што прапаноўвалі гасцям беларускія артысты!.. І задаўся пытаннем: ці ўмеем мы, беларусы, напоўніцу цаніць тое, што маем? Радавацца аўтэнтычным спевам, развучваць народныя танцы, захапляцца традыцыямі продкаў? Адказ, хутчэй за ўсё, будзе адмоўны…

На жаль, трэба прызнаць, што папса і пагоня за модай адсунулі традыцыйнае беларускае мастацтва (спевы, танцы, рамёствы) на ўзбочыну культурнага жыцця. І тыя ж “Чабатухі”, хоць і выступалі неаднойчы са сваімі канцэртамі далёка за межамі свайго раёна — ад Брэста да Мінска, — так і не маюць пакуль студыйных запісаў са сваімі песнямі, іх не так ужо і часта запрашаюць выступіць на радыё ці тэлебачанні. І ў Доме фальклору, дзе ладзіць рэпетыцыі ансамбль, няма ні стосаў дыскаў на продаж зацікаўленаму турысту ці нават заезджаму журналісту, няма ніякіх прэзентацыйных буклетаў… Ды і сама хатка, дзе месціцца Сташанскі дом фальклору, які год ужо патрабуе рамонту і даглядаецца самімі жанчынамі…

І апошняе. Частымі выездамі за мяжу могуць пахваліцца ў першую чаргу аўтэнтычныя калектывы з Брэстчыны і Гродзеншчыны. А што ж іншыя вобласці? Няўжо там няма адметных ансамбляў, якія здольныя зацікавіць еўрапейцаў? Вядома ж, ёсць. Толькі не заўсёды яны выязджаюць нават за межы свайго раёна. А шкада. Бо годна прадставіць традыцыйную беларускую культуру ў іншых краінах яны маглі б без асаблівых цяжкасцей. Праўда, спачатку тую ж аўтэнтыку варта навучыцца цаніць самім беларусам…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"