Хто мае права на спектакль?

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Аляксандр ВЕРГУНОЎ, акцёр
...І, вяртаючыся да набалелай, завязлай у зубах, тэмы аўтарскага права. Хочацца паведаміць, што тэма гэтая расце, шырыцца ды абрыньваецца і на тэатральнага гледача, які нічога не падазрае. Гэта ж як неверагодна проста — я сказаў бы: вытанчана — “выкруцілася” праблема з унутранага ўжывання ў бок глядацкага, усеагульнага.

/i/content/pi/cult/453/9526/4-8.jpg

Прыходзіць, да прыкладу, глядач у тэатр прэм’еру паглядзець. І глядзіць. І, дапусцім, падабаецца яму. Тады радуецца глядач шчыра, дадому прыходзіць, распавядае захліпаючыся. Кажа, што яшчэ сходзіць на гэты спектакль, але ўжо не адзін, а з роднымі, сябрамі, суседзямі. І купляе білеты на ўсіх, затым вядзе ўрачыста іх на прэм’еру. І вось вам сітуацыя: згасае святло ў зале, грае музыка, выходзяць на сцэну акцёры... А спектакль... іншы! Артысты — быццам тыя ж, касцюмы, музыка, словы — падобныя, а — не тое.... І сыходзіць глядач расчараваны, родныя-сябры ўвогуле заракаюцца хадзіць не толькі ў гэты — у любы тэатр. А справа, як высвятляецца, у аўтарскім праве на твор. Давайце разважаць, паклікаўшы логіку.

Нейкая ўстанова, умоўна — “дзяржаўны драматычны тэатр”, запрашае рэжысёра, заключае з ім дамову на пастаноўку спектакля ў вызначаныя тэрміны. Афармляе ўсе юрыдычныя фармальнасці, прадастаўляе працоўную прастору — акцёраў, мастакоў, залу, — грошы ды іншае.

І пачынае тварыць рэжысёр. Лепіць шэдэўр, выпакутаваны з п’есы, музыкі, касцюмаў, святла, дэкарацый і, вядома ж, артыстаў. Потым — прэм’ера. Апладысменты. Кветкі. Банкет... Мастацкі савет з захапленнямі і, нарэшце, ганарар... Шлях нараджэння спектакля — ясны і зразумелы, празрысты і чысты: дзяржаўная ж установа прадстаўляе.

Але вось тут і ўзнікае бяда для юнага спектакля разам з галоўным пытаннем: каму ён цяпер належыць? Быццам бы ўсё проста: тэатр замовіў, рэжысёр выканаў працу, тэатр працу прыняў, заплаціў немалыя грошы за яе. Усё. Прадукт належыць тэатру. І правы на спектакль, трэба меркаваць, таксама.

Але на наступны дзень прыходзіць усё той жа рэжысёр — і давай перарабляць гатовы і ўжо прадстаўлены публіцы твор: маўляў, “сябры паглядзелі — ім не спадабалася”... Аднак у пратаколе пасяджэння мастацкага савета сумесна з адміністрацыяй напісана “Прыняць спектакль”, а не “Прыняць з дапрацоўкамі”. І калі тыя самыя “дапрацоўкі” рэкамендаваны, дык чаму ж гэта не афармляецца дакументальна, не прыходзяць члены мастацкага савета з адміністрацыяй, не прымаюць пад пратакол змяненні?..

Дзе, у якой галіне выпускаюць выраб у свет, а на наступным тыдні пачынаюць перарабляць?! Вы ўяўляеце, якімі былі б у нас машыны, бытавыя прыборы, дамы?.. А ў медыцыне? Мы школьнай праграме, што ўвесь час змяняецца, перасталі ўжо здзіўляцца, дык няўжо да гэтага і ў тэатры гэтак жа хутка прызвычаімся? Гэта ж не штаны! Гэта — спектакль! Яго рыхтавалі месяцы, трацілі не толькі псіхалагічныя ды інтэлектуальныя, але і матэрыяльныя рэсурсы, прычым немалыя... І так лёгка пачынаем разбураць створанае?..

І вось тут узнікае цалкам слушнае пытанне: а пры чым тут глядач? І пры чым дзяржаўныя, падкрэсліваю, дзяржаўныя ўзаемаадносіны: заказчык — выканаўца — спажывец? Ну зразумела, што нельга так рэзка падыходзіць да творчай працы. Але, з іншага боку, дзе тая мяжа дапушчальнасці парушэнняў, змяненняў, правак, дабавак ды іншага?..

Зразумела, спектакль — жывая істота, што расце, рухаецца, змяняецца. Вось тут і патрэбен рэжысёр, які будзе сачыць за тым, каб пастаноўка не выходзіла за рамкі прэм’ерныя. А калі ўжо нешта змяняць, дык вельмі асцярожна, узгадняючы кожны факт з уладальнікам спектакля — тэатрам.

Ведаеце, вельмі хочацца іншым разам вярнуцца ў тое далёкае, не заўсёды дрэннае, савецкае мінулае. Навошта? А каб нагадаць прапісную ісціну: тэатр, сябры, уздзейнічае на самую тонкую субстанцыю чалавека — на яго душу. І тут як ні ў якой іншай галіне чалавечай дзейнасці важны пастулат: не нашкодзь! Чамусьці ў СССР пра гэта памяталі. Сёння ж складваецца ўражанне, што спадары рэжысёры працуюць па прынцыпах “што хачу, тое і кручу”, “я так самавыяўляюся, і ваша меркаванне мне...”, ну, і далей — па тэксце.

Не, вядома ж, бываюць выпадкі, калі здараецца памылка: быццам бы рэжысёр на выгляд і словы — самавіты, выклікае давер, а на справе — слабы. Памятаеце, як у фільме “Мы з вамі дзесьці сустракаліся”? Вось і цяпер прыкладна тое ж самае адбываецца, прычым — практычна паўсюдна.

Я разумею, што пытанне, узнятае мной, не новае. Думаю, што яно, хутчэй, рытарычнае. Аднак цікавыя ўсё ж былі б думкі дзеячаў тэатра, іншых галін мастацтва, адказных за тэатральную творчасць супрацоўнікаў Міністэрства культуры на гэты конт.

Дарэчы, а ці існуюць наогул для дзяржаўных тэатраў нейкія нормы пастаноўкі спектакля? Напрыклад, часавыя абмежаванні? Бо цяпер рэжысёры лёгка па сем — дзевяць месяцаў ставяць спектаклі (а гэта, нагадваю, яшчэ і матэрыяльныя выдаткі), а потым высвятляецца, што атрымалася “не вельмі”, што “сябрам не падабаецца”. Карацей, давайце перарабляць...

Ці не крыецца тут пытанне кампетэнтнасці пастаноўшчыка? І не было б гэта так смешна, каб не аказалася гэтак сумна. І зразумела, каб тое быў прыватны тэатр... Хаця якраз у прыватным падобнага не здараецца, бо там дынаміка прыбытку кіруе, там глядач рублём галасуе... А ў дзяржаўным тэатры, аказваецца, можна... Так, мастацтва патрабуе ахвяр, але чаму сёння ахвярамі становяцца гледачы, артысты і... бюджэт? А так хочацца, каб глядач усё ж прывёў сваіх сяброў у Тэатр!..

Фота Юрыя ІВАНОВА