Суб’ектыўныя "граблі" чакаюць часу “Х”?

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Музычныя прэміі прыходзяць і сыходзяць, але музыку слухаць хочацца заўсёды. Мабыць, шараговаму меламану больш важная якасць твора, чым тое, якімі ўзнагародамі апошні адзначаны.

/i/content/pi/cult/453/9525/4-27.jpg

Але выканаўцам, кампазітарам, паэтам-песеннікам ды іншым дзеячам музычнага мастацтва праз сваю тонкую душэўную арганізацыю важны не толькі сам прадукт, але і тое, які водгук ён знайшоў у сэрцах грамадзян і, зразумела ж, калег па цэху. Некаторыя з апошніх (плюс профільныя журналісты/крытыкі), аб’яднаўшыся ўнутры якога-небудзь праекта, і адзначаюць дасягненні сабратаў па рамястве. Ці ігнаруюць іх здзяйсненні.

Сёлета ў трэці раз будзе ўручацца Нацыянальная музычная прэмія, што прыняла эстафету ад музычнай прэміі канала “СТБ”. Па 21 лістапада аргкамітэт прымае заяўкі ад саіскальнікаў на атрыманне статуэтак і грашовага бонуса. Першыя дзве цырымоніі выклікалі ў асяроддзі працаўнікоў на ніве музыкі ды яе аматараў меркаванні палярныя. Само сабой, тыя, хто сталі ўладальнікамі прэмій, палічылі вынікі заканамернымі. Абдзеленыя ж увагай пачалі вышукваць усемагчымыя “касякі” ды падводныя камяні, адмаўляючы арганізатарам мерапрыемства ў элементарным прафесіяналізме.

Назіраючы за тым, як рыхтуецца гэтае свята, узгадваю праславутую “Рок-каранацыю”. З усімі яе плюсамі і латаннем цёмнага касцюмчыка (прэміі ў галіне беларускага року і альтэрнатыўнай музыкі: у дадзеным выпадку “альтэрнатыва” — творчасць не эстрадная, не папсовая) белымі ніткамі. І які раз хочацца нагадаць паважаным мной людзям, якія займаюцца ўвасабленнем Нацыянальнай прэміі ў жыццё, пра тое, як і чаму (у тым ліку) “…Каранацыя” страціла сваю прыцягальную аўру, упала ў перманентную ліхаманку і ў дадзены момант знаходзіцца ў коме. Бо і там, і тут недахопы я бачу адны і тыя ж, і “граблі” па-ранейшаму чакаюць часу “Х”.

У адрозненне ад замежных “аналагаў”, скажам, прэмій “Grammy” ды “Brit Awards”, дзе пануе фактар аб’ектыўнасці (пераможцамі становяцца артысты, якія больш за іншых зарабілі за справаздачны перыяд і выпусцілі свае работы большымі накладамі), са статыстыкай па гэтай сферы ў Беларусі, з пэўных прычын, — напружана. І пры вызначэнні лепшых з лепшых у нас збольшага кіруюцца “крытэрыем” суб’ектыўным — асабістым густам. Так, “Песню года” яшчэ можна неяк вылічыць, абапіраючыся на даныя пра тое, колькі часу раціраваўся той або іншы трэк на радыёстанцыях. Але, далібог, не разумею, як ва ўмовах роднага так званага шоу-бізнесу вызначыць “Лепшы гастрольны тур”! Больш за тое: я зламаў бы галаву над дылемай, каго абраць “Лепшым поп-выканаўцам (калектывам)”! Менавіта нашай краіны!

Вось Дзмітрый Калдун — ён наш ці не? Не трэба толькі кідаць у мяне камяні! Па пашпарце артыст з’яўляецца, спадзяюся, грамадзянінам Беларусі. А па выкарыстанні творчых сіл? А ў адным з небеларускіх тэлепраектаў Дзмітрый прадстаўляў… Расію. Умоўнасці? Яны добрыя ў меру. Што ўжо казаць пра Сярогу, які даўно ва Украіне. Пра “Беларускіх песняроў” я ўвогуле маўчу. А ёсць жа Літвінковіч, Падольская, Лорэнс, ДзіДзюЛя... “Grammy” ды “Brit Awards”, да слова, больш за ўсё даставалася на арэхі ад крытыкаў у тых намінацыях, дзе панаваў Яго Вялікасць Суб’ектывізм. Адной з прычын таго, што спыніла існаванне расійская прэмія “Авацыя”, сталі суб’ектыўныя моманты ў ацэнцы. Таму арганізатары мерапрыемства маюць дакладна вызначыць крытэрыі, якімі аперыруюць адборачныя камісіі і журы пры вылучэнні намінантаў.

І дакладна вызначыцца з журы, гэтым "разносчыкам" суб’ектывізму! Прапанаваў бы арганізатарам Нацыянальнай усё ж апрабаваць ідэю са стварэннем пры ёй такой “структуры”, як Акадэмія, што выконвае ролю членаў журы. У пастаянны склад павінны ўваходзіць агульнапрызнаныя аўтарытэты і прафесіяналы, якія разбіраюцца ды працуюць у сучаснай музыцы тут і зараз, паколькі ацэньваецца апошняя. (І ніякіх мадэльераў і г.д.!) Я не супраць, каб мэтрам былі адведзены свае месцы, але па мінімуме і з правам дарадчага голасу. У журы “Рок-каранацыі” ўваходзілі тыя, хто сабаку на рок-н-роле з’еў, але вельмі даўно, хто ў бягучых падзеях арыентаваўся слаба, спадзеючыся на аўтарытэт, досвед ды інтуіцыю, і іхняе меркаванне падчас раптам аказвалася самадастатковым. І, зразумела, павінен быць падзел на “секцыі”: у намінацыях спецыфічных няхай аранжыроўшчыкі судзяць аранжыроўшчыкаў, кліпмейкеры — кліпмейкераў, прадзюсары — прадзюсараў. Кампетэнтнасць — у аснову кута. Чаму здулася “Рок-каранацыя” ў першую чаргу? Таму што страціла давер — з боку музыкантаў, з боку журналістаў ды крытыкаў, і ў канчатковым выніку — з боку меламанаў.

І такія “дробязі”, як раскрутка, прасоўванне брэнда “Нацыянальная музычная прэмія”. Пры наяўнасці рэсурсу СТБ — сузаснавальніка прэміі — дзіўна бачыць, што на канале цягам года не выходзяць перадачы, прысвечаныя ёй — з хронікай падзей у галіне беларускай музыкі, што няма праграм, створаных у кааперацыі з FM-станцыямі, што ў газетах адсутнічаюць адпаведныя рубрыкі... Усё ж такі праект пазіцыянуе сябе як “галоўная музычная падзея года” — ці гэты слоган ужо не актуальны? “Спяваючыя гарады” — справа добрая і, мабыць, патрэбная. А спяваючая краіна?..

Вось тое нямногае відавочнае (для мяне), што датычыцца Нацыянальнай, чым я вырашыў з вамі падзяліцца напярэдадні шоу. Must go on — ад чыстага сэрца жадаю я прэміі!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"