Прысталічча: кадры — з першага курса

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Сяргей КУДЗІН, Мінскі райвыканкам:
Мы вельмі рэдка звяртаем увагу на рэгіёны, што знаходзяцца, так бы мовіць, пры абласных цэнтрах. Тым больш — на Мінскі раён, які нібыта знаходзіцца ў цені сталіцы. Між тым, менавіта гэтая акалічнасць дадае рабоце тамтэйшых аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адказнасці ды напружанасці. І распавесці пра задачы ды праблемы Брэсцкага, Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Магілёўскага і Мінскага раёнаў — не сякеру пад лавай знайсці.

/i/content/pi/cult/453/9523/12-2.jpg

— Асноўныя нашы задачы: кадры, матэрыяльна-тэхнічная база, стварэнне ўмоў для камфортнай плённай працы… Натуральна, аддзел не можа істотна паўплываць на рост заробкаў нашых работнікаў культуры. Але геаграфічнае становішча раёна дазваляе, на шчасце, даволі эфектыўна працаваць з навучэнцамі сталічных навучальных устаноў, у першую чаргу — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Сёння мы стараемся “назапасіць” сабе кадры літаральна з першага, другога курсаў, найперш тых, хто мае за плячамі вучылішча. У нас з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — 96 працэнтаў работнікаў культуры. Пагадзіцеся, гэта паказчык...

Базу значна палепшыла Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла. Грошай на рамонты выдаткоўваецца цяпер, канешне ж, меней. Тым не менш, упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінскага райвыканкама рамантуе нам капітальна два аб’екты культуры: у Мачулішчах і Калодзішчах.

Хацелася б, безумоўна, каб большая ўвага надавалася нашаму Заслаўскаму музею-запаведніку. Свае праблемы — і ў сядзібы графа Чапскага ў Прылуках. Вы ведаеце, што ў яе памяшканні размешчаны Навукова-даследчы інстытут аховы раслін. З аднаго боку, гэта някепска, бо будынак падтрымліваецца ў належным стане. З іншага ж, сядзіба, якая знаходзіцца непадалёк ад Мінска, магла б стаць (пры ўмове перадачы яе на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі) адным з найпапулярнейшых турыстычных аб’ектаў. Трэба толькі знайсці новае месца для НДІ…

Не буду шмат казаць пра наш актыўны фестывальны рух. Зазначу толькі, што мы пастаянна імкнёмся да таго, каб нашы мастацкія калектывы экспартавалі беларускае традыцыйнае мастацтва за мяжу. Гэта ж прэрагатыва не толькі памежных раёнаў! У сувязі з тым хацелася б узняць і пытанне больш эфектыўных стасункаў з прыватным бізнесам. Праблема, як падаецца, — у стварэнні больш спрыяльных умоў для спонсараў. Аддзел ратуе тое, што сельскія саветы раёна пасля продажу зямельных участкаў з аўкцыёнаў сёе-тое са сродкаў выдаткоўваюць і для развіцця культуры. У гэтым — яшчэ адна асаблівасць прысталічнага рэгіёна. Грошы выкарыстоўваем для дробных рамонтаў, набыцця музычных інструментаў. Такое сяброўства з сельсаветамі і прынята называць узаемакарысным сацыяльным партнёрствам.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"