“Мой тата ва ўсім быў мастаком…”

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Чаму Міхаіл Станюта пры жыцці меў толькі адну персанальную выстаўку?
…Незадоўга да смерці, у сярэдзіне 1973-га, прыкладна ў той час, калі Станюта пісаў партрэты, дзе я быў у якасці мадэлі, ён намаляваў другі, пасля 1921 года, “Аўтапартрэт” — своеасаблівы запавет. Цяпер ужо, у адрозненне ад таго маладога і натхнёнага чалавека, вусы былі адвіслыя ды сівыя, а замест капелюша — старая цёмная кепачка, пакамечаная і друзлая, ссунутая на адзін бок і падобная здалёк на берэт, што калісьці насіла мастачка і яго сяброўка Пальміра Любаміраўна Мрачкоўская, у чый дом хадзіў некалі вучыцца малады Міша, — берэт, пра які ён потым казаў: “Як на аўтапартрэце ў Рафаэля…”

/i/content/pi/cult/453/9521/15-1.jpg/i/content/pi/cult/453/9521/15-4.jpg

Што да Мрачкоўскай, то, на жаль, сёння пра яе мала хто ведае, хаця яна была вельмі цікавай жанчынай і таленавітай мастачкай. Ейны ўласны дом ды іншыя дамы, што належалі яе бацьку, стаялі там, дзе цяпер вуліца Захарава выходзіць да плошчы Перамогі — якраз за хлебнай крамай на рагу. Дарэчы, калі Кругер у 1906 годзе адкрываў сваю Рысавальную школу ў Мінску, вялікую матэрыяльную, так бы мовіць, спонсарскую, дапамогу ёй аказала менавіта гэтая жанчына-мецэнатка.

Стэфанія Станюта: “…Увечары, калі бацька займаўся ў Пальміры Любаміраўны, мы разам з маці, чакаючы яго, хадзілі сюды ды глядзелі ў вокны вялікай веранды Мрачкоўскай: у яркім святле дома нам было добра відаць на сцяне вялікую карціну “Пагібель “Тытаніка”… Можа, маці хадзіла туды са мной таму, што раўнавала бацьку?.. Пасля рэвалюцыі мастачцы, якая мела раней нямала зямлі пад Мінскам, пакінулі ўсё ж нешта накшталт невялічкага фальварка за Кальварыяй. Мой бацька прыходзіў да яе і сюды, браў з сабой мяне, і я запомніла, як ела, адшчыкваючы з галіны, чарэшні, як хадзілі на падворку, распускаючы свае рознакаляровыя хвасты, некалькі немаведама як ацалелых у гаспадыні райскіх птушак — паўлінаў, і як сядзелі каля прыступак жабракі, калекі, што прыходзілі сюды па дапамогу і былі “мадэлямі” мастачкі… У сорак першым, калі Мінск займалі немцы, гэты дом Мрачкоўскай загарэўся, але яна, ужо зусім старая, адзінокая, засталася на месцы, разам са сваімі карцінамі ды коткамі. “Проста, не жадала выходзіць, ратавацца, — казаў бацька. — Дый навошта?..” Ён памятаў яе такой, якой яна была ў той далёкі час, калі ён яшчэ хадзіў да яе вучыцца: з буйным выразным тварам, яркай сівізной і ў вялікім цёмным “рафаэлеўскім” берэце…”

Міхаіл Пятровіч у час нашых сустрэч расказваў мне пра гэтую жанчыну і вельмі маркоціўся, што ўсе беларускія гісторыкі мастацтва яе зусім забылі. Яна ж славілася ў горадзе сваёй незвычайнай дабрынёй і дабрадзейнасцю: дапамагала бедным мастакам, утрымлівала бяздомных старых і хворых, падкормлівала бадзяжных сабак ды катоў, вучыла сялянскіх дзяцей маляванню... Пазней, ужо за савецкім часам, сябравала з калегамі па мастацтве, з якімі з 1927 года ўваходзіла ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў: А.Астаповічам, А.Грубэ, Г.Віерам, В.Дваракоўскім, А.Тычынам, М.Дучыцам і, канешне ж, з М.Станютам ды М.Філіповічам, які ў 1921-м напісаў ейны цудоўны партрэт. Праз яе Міхаіл Пятровіч пасябраваў з выдатным беларускім пейзажыстам-імпрэсіяністам Уладзімірам Кудрэвічам.

Калі пані Пальміра бывала за мяжой, яна не прамінала выпадку пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Так, яшчэ ў юнацкім узросце, сустракалася з Гі дэ Мапасанам, незадоўга да яго жудаснай смерці. Перакладала яго раман “Моцная, як смерць”. Сябравала з княгіняй Жаннай Маргерыт дэ Саган — заканадаўцай мод, дачкой буйнага фінансавага барона Саера, якая і пазнаёміла Мрачкоўскую з аўтарам “Мілага сябра”. Трошкі ведала і Заля, і Эдмона дэ Ганкура, і Рэпіна, калі той жыў у Здраўнёве. Словам, жанчына была яшчэ тая! На жаль, не пакінула мемуараў…

Доўгае ж жыццё Станюты было не вельмі багатае на падзеі, вартыя прыгодніцкага рамана ці фільма. Яго радзіма  — горад Ігумен Мінскай губерні. Тут ён з’явіўся на свет 19 верасня (па старым стылі) 1881 года. Бацька Пётр Фадзеевіч служыў у Ігуменскай мяшчанскай управе гласным (выбраным). Шлюб яго, праваслаўнага, з каталічкай Стэфаніяй Аляксандраўнай Юшкевіч-Дулевіч быў з цягам часу скасаваны. Гэта была прыгожая, станістая жанчына, хаця і не вельмі пісьменная: да замужжа працавала служанкай у багатых дамах. (Дарэчы, менавіта ў гонар яе, Стэфаніі, і была названа дачка мастака, будучая знакамітая актрыса.) Маладая сям’я жыла сціпла. А калі ў 1905 годзе нарадзілася дачка, стала яшчэ горш. Стэфанія Міхайлаўна ўспамінала, што ў іхняй хаце заўсёды пахла не ядой, а шкіпінарам, алейнымі фарбамі і дрэвам — ад падрамнікаў. Бывалі часы, калі маці, купляючы соль ды смятану ў сялян у Лошыцы, потым перапрадавала “тавар” даражэй на мінскім рынку...

Але гаспадару дома ўсё гэта было “да фені”. Вось мастацтва — гэта святое, гэта вышэй за жыццёвыя турботы… Міхаіл Пятровіч, успамінаючы сваё дзяцінства, распавядаў: “…Рысаваннем захапіўся вельмі рана. Маляваў як мог і што мог. Перарысоўваў ілюстрацыі з кніжак, імкнуўся рабіць накіды з натуры — алоўкам ці пяром. Акварэльныя фарбы купіў ужо тады, калі стаў пісарам у мінскай канторы і на першую палучку набыў каробку акварэлі і два пэндзлікі. Дарэчы, маім першым рэпетытарам у малюнку быў Іван Пуліхаў — той самы, якога пакаралі смерцю за замах на губернатара Курлава. Павесілі 27-гадовага хлопца на варотах турмы…”.

Расповед мастака пра Пуліхава мяне тады ўразіў. Імя гэтага маладога чалавека, як і іншых рэвалюцыянераў-тэрарыстаў, якія аддавалі жыццё за ідэалы рэвалюцыі, асацыіравалася з геройствам, подзвігам, самаахвяраваннем. Зараз у Мінску ёсць вуліца імя Пуліхава, і ўсім вядома месца яго пахавання: злева ад увахода на Вайсковыя могілкі, куды ў 1954-м яго прах быў перанесены з ліквідаваных Старажоўскіх могілак…

Зараз мы па-іншаму глядзім на ролю падобных рэвалюцыянераў у айчыннай гісторыі, але ў савецкія часы ва ўсіх кніжках ды падручніках такія “бамбісты” разглядаліся як мужныя барацьбіты з царскім самаўладдзем. Але сустрэць жывога мастака, які браў першыя ўрокі рысавання ў самога Івана Пуліхава, — гэта, канешне ж, штосьці! Потым я цікавіўся жыццём гэтага сацыяліста-рэвалюцыянера, члена лятучага атрада Паўночна-Заходняга краю, і ягонай сяброўкі па тэроры — эсэркі Аляксандры Ігнайловіч: яны адначасова зрабілі няўдалы замах на граданачальніка. “…Пуліхаў тады жыў у раёне цяперашняй вуліцы Чычэрына, — распавядаў Станюта, — і зарабляў грошы рэпетытарствам. Падобныя сродкі, як я даведаўся пазней, ішлі ў касу мінскай падпольнай эсэраўскай арганізацыі. Але Іван Мацвеевіч толк у маляванні ведаў, і я ад ягоных урокаў атрымаў добрую карысць, што дазволіла мне з часам стаць на самастойны мастакоўскі шлях …”

А пакуль Станюта не ўстаў на самастойны творчы шлях, яму давялося папрацаваць на пасадах, вельмі далёкіх ад “святога мастацтва”: у натарыяльнай канторы, на чыгунцы, у нейкай казённай палаце... Але зярняты, кінутыя ў зямлю ў час яго вучобы ў мастацкай студыі Якава Кругера ў 1908-м — 1911-м прынеслі свой каштоўны плён. Праз сем гадоў гэта дало яму магчымасць без праблем паступіць у маскоўскія Свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні, дзе ў той час выкладалі К.Каровін, В.Кандзінскі, І.Машкоў, А.Архіпаў, Р.Фальк, П.Кузняцоў. Аднак гэта будзе потым…

Але яшчэ да сустрэчы з Кругерам малады Станюта славіўся на ўвесь Мінск як закаранелы гуляка. Яго добра ведалі не толькі на вуліцы Петраградскай, дзе ён жыў з сям’ёй у драўляным доме ля вакзала, але і далёка ад гэтага раёна. “…Я памятаю яго па чыіхсьці расповедах, — расказвала Стэфанія Міхайлаўна, — як ён едзе на рамізніку ў ссунутым на патыліцу капелюшы і раскідвае ва ўсе бакі купленыя, відаць, жонцы і дачцэ, абаранкі, замест даўно ўжо растранжыраных грошай, — шыкоўны жэст!.. Часцяком можна было бачыць бацьку з гітарай: ён граў ды спяваў. І недзе зноў знікаў. Маці здзіўлялася: “Ну толькі што во тут быў — ізноў прапаў!”… Безліч было закусачных у Мінску. Паспрабуй тут не выпіць, казаў бацька, калі ідзеш з сябрамі пасля працы, узняўшы верх шапкі над брыльком, што азначае “задаволены начальствам”, замест сумнага, насунутага на вочы “бліна”, калі, наадварот, незадаволены, — ідзеш, а на кожным рагу табе — ці то бок барана, ці то парася з халадцом (ён казаў — “з галерэткай”), ці то гусіная пячонка або шыйка…”

Калі пачалася Першая сусветная вайна, чыгуначную службу Станюты эвакуіравалі ва Уладзімір, і сям’я мастака дабіралася туды цэлы месяц у таварным вагоне. А потым вярнуліся ў Мінск, дзе перад самай рэвалюцыяй Стэфанія паспела скончыць чатыры класы гімназіі, а бацька ў 1918-м з’ехаў у Маскву на вучобу ў Свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні, на аснове якіх праз два гады быў створаны ВХУТЕМАС (Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні). Такім чынам, Станюта паспеў прайсці добрую школу прафесійнага майстэрства ў Абрама Архіпава і трошкі — у Ільі Машкова, Паўла Кузняцова ды Канстанціна Каровіна…

Ну а далей было ўсё проста як на далоні: Мінск і толькі Мінск — да канца доўгага жыцця, пра што я і імкнуўся сёння распавесці…

Пачатак артыкула пра Міхаіла Станюту чытайце тут і тут.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"