Колас інтэрактыўны

№ 45 (1119) 09.11.2013 - 15.11.2013 г

Чарговы раз у сценах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа прайшлo XXVIІІ Літаратурнае свята “Каласавіны”.

/i/content/pi/cult/453/9520/14-7.jpg

У рамках свята ў музеі адбыўся Міжнародны “круглы стол” “Мемарыяльны музей і грамадства. Захаванне культурнай спадчыны. Музей ва ўмовах развіцця новых інфармацыйных тэхналогій”. Сама сутнасць музея патрабуе грунтоўнага адбору ў выкарыстанні сучасных тэхнічных сродкаў. Гэта не азначае адмовы ад іх, аднак сведчыць пра неабходнасць далікатнага стаўлення да ўжывання такіх фарматаў. Усё павінна адпавядаць індывідуальнай атмасферы кожнага асобна ўзятага мемарыяльнага музея, пра якія і вялася гаворка. Удзельнікамі ж пасяджэння сталі, апроч супрацоўнікаў мінскіх літаратурных і мемарыяльных музеяў, госці з Украіны і Расіі.

Гасцям дома Коласа быў прадэманстраваны інтэрактыўна-мультымедыйны комплекс “Якуб Колас. Чалавек. Асоба. Час”, адбылася прэзентацыя гукавой інтэрактыўнай зоны ў мемарыяльным рабочым кабінеце Песняра, які быў галоўным месцам у доме для самога класіка.

Але, як і штогод, найярчэйшай падзеяй “Каласавін” стала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Сёлета яна была прысвечана 90-годдзю выхаду з друку паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Наогул, 90-годдзе з часу выхаду асобным выданнем паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа шырока адзначалася ў Музеі Песняра і цягам года. Літаратурным паралелям, параўнанню паэмы “Новая зямля” з іншымі знакамітымі творамі сусветнай літаратуры прысвечаны цыкл вечароў у рамках Міжнароднага літаратурнага праекта “Зямля — аснова ўсёй Айчыны”. Да гэтай юбілейнай даты былі створаны выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, якія экспанаваліся і экспануюцца не толькі ў абласных цэнтрах, раённых гарадах, але і ў Літве, Расіі. У філіяле “Мікалаеўшчына”, на мемарыяльнай сядзібе Альбуць, створана экспазіцыя, прысвечаная паэме “Новая зямля”, а таксама — пастаянная выстаўка “Пчалярства і рыбалоўства”.

А напярэдадні дня нараджэння класіка на альбуцкай зямлі адбылося адкрыццё першай чаргі экспазіцыі “Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа”, інтэрактыўнай зоны “Хатка знахаркі”. Першыя наведвальнікі даведаліся пра лекавыя травы, якія з дзяцінства былі вядомы будучаму паэту, таму што прысутнічалі ў “зялёнай аптэчцы” маці, пачулі шматлікія народныя рэцэпты для лячэння розных захворванняў, пакаштавалі гарбаты з зёлак Стаўбцоўшчыны.

3 лістапада, у дзень нараджэння Песняра, пасля ўрачыстага ўскладання кветак да помніка яму, Музей Якуба Коласа сумесна з адным з мабільных аператараў прэзентаваў першы ў рэспубліцы інавацыйны адукацыйны праект “Мабільная бібліятэка”. Радуе тое, што сярод першых чытачоў “мабільнай бібліятэкі” творы Якуба Коласа карысталіся папулярнасцю.

Фота прадастаўлена Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа